03.09.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, пераслед, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 3 верасня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Бярозаўцы затрымалі дырэктарку бара «Столе»
Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы. Прычына затрымання — "экстрэмізм". Паводле "Наша Нівы" затрыманую клічуць Дзіяна Бурштыка. Яна шматдзеная маці ідырэктарка бара «Столе». Паведамляецца, што разам з ёй затрымалі яшчэ некалькі супрацоўнікаў.
Сілавікі затрымалі актывіста беларускай дыяспары Масквы, які пісаў лісты палітвязням
Мужчына прыехаў з Масквы ў Беларусь, дзе яго затрымалі. На "пакаяльным" відэа мужчына кажа, што ён з'яўляецца ўдзельнікам групы "Беларусы Масквы", а таксама пісаў лісты палітвязнямі, "асуджаным за дзеянні, накіраваныя супраць дзейнай улады ў Беларусі".
Чарговае затрыманне за пратэсты
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра чарговае затрыманне мужчыны за пратэсты — гэтым разам, у Брэсце. Падкрэсліваецца, што ягоная жонка знаходзіцца на чацвёртым месяцы цяжарнасці.
На "пакаянным" відэа берасцеец прызнаецца, што знаходзіўся на праспекце Машэрава, зарэгістраваўся ў чат-боце "Перамога", а таксама адсылаў даныя ў "Голос".
Праўладныя каналы таксама публікуюць кадры, на якіх мужчыну жорстка затрымліваюць раніцай.
У Наваполацкай папраўчай калоніі № 1 ладзяць "дні расхламлення", калі ў вязняў адбіраюць рэчы на прымусовую ўтылізацыю
Стала вядома, што ў перапоўненай наваполацкай ПК-1 не хапае месца для захоўвання прадуктовых перадач і рэчаў асуджаных, таму адміністрацыя калоніі прымусова іх утылізуе. Пад знішчэнне рэчаў, што прыйшлі ў непрыдатнасць або "лішніх" рэчаў могуць патрапіць амаль новыя тапкі, абутак для спорту, зменныя спартыўныя касцюмы ручнікі і г. д.
Адзначым, што паводле закона, сваякі з часам маюць права забраць рэчы, адміністрацыя афармляе менавіта іх утылізацыю, а не адпраўку на захоўванне. Як адзначаюць былыя вязні ПК-1, атрыманне рэчавай перадачы ў калоніі не заўсёды азначае карыстанне перададзенымі па вопісу прадметамі.
Папаўненне ў спісе “экстрэмісцкіх” матэрыялаў
Тэлеграм-чат “Беларускамоўныя” прызналі "экстрэмісцкім”, вынікае з абноўленага спісу на сайце Мінінфарма. Пра гэта паведамляе “Медыязона”. У чаце 170 чалавек. Правіламі пабліка забараняецца размаўляць на якой-небудзь іншай мове, акрамя беларускай.
Акрамя чату, спіс "экстрэмісцкіх" матэрыялаў папоўнілі:
— акаўнты ў цікток: politikan_n, mirekly, belarus0.1, grodnanews;
— каналы ў тэлеграм "Katolik_life. Неафіцыйнае”, DOXA, Avtozak LIVE; “Беларусь Telegram Чат".
— ютуб-канал і старонка ў інстаграм службы “Одно окно”.
Сілавікі затрымалі сямейную пару з Кобрына за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе
Следчыя завялі крымінальную справу на сямейную пару з Кобрына за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе. Мужчыну і жанчыну абвінавачваюць па артыкуле аб грубым парушэнні парадку (ч. 1 арт. 342 КК), паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
Паводле інфармацыі ведамства, 10 жніўня 2020 года ў Кобрыне 22-гадовая беларуска са сваім разам з 29-гадовым мужам выйшла на пратэсты. Следчыя ўстанавілі, што "дзяўчына з бутэлькай піва ў руцэ ў першых шэрагах паказвала сілавікам непрыстойныя жэсты, а яе муж прыспусціў штаны і дэманстраваў аголеныя ягадзіцы".
Сямейную пару затрымалі і цяпер абвінавачаныя знаходзяцца пад вартай.
Крыніца: Затрыманні за "экстрэмізм", лісты палітвязням, пратэсты: хроніка пераследу трэцяга верасня