04.09.2024 Тэгі: палітвязні, ціск, пенітэнцыярная сістэма, права на здароўе Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк не выйшла на волю 21 траўня, бо супраць яе ўзбудзілі новую крымінальную справу паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). У ліпені сваякі Паліны даведаліся, што ў жанчыны дыягнаставалі "хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасці". Цяпер муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда напісаў пра рэзкае пагаршэнне стану здароўя Паліны. Яна пакутуе ад рэзкіх боляў збоку жывата, але медыцынскую дапамогу ёй не аказваюць.
У ліпені 2024 года стала вядома, што Паліна хворая на "хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасці" — вельмі небяспечную для здароўя хваробу, лячэнне ад якой ускладняецца ва ўмовах зняволення. Пра дыягназ сваякам стала вядома з афіцыйнага адказу адміністрацыі папраўчай калоніі № 24, дзе жанчына яшчэ нядаўна адбывала пакаранне. Цяпер Андрэй шарэнда піша пра пагаршэнне стану Паліны:
"Сёння прыйшлі дзве цяжкія навіны. Па-першае — стала вядома аб рэзкім пагаршэнні стану здароўя Паліны. Яна пакутуе ад рэзкіх боляў збоку жывата, якія аддаюць у спіне. Патрэбную медыцынскую дапамогу Паліне не аказваюць, даюць толькі абязбольваючыя. Мы дагэтуль не ведаем нічога аб стане здароўя Паліны. Нам вядомы толькі яе дыягназ — хранічны панкрэатыт. Гэта вельмі цяжкая хвароба, якая патрабуе строгай дыеты і сталага кантролю лекараў. Ва ўмовах, якіх утрымліваюць Паліну, гэта проста адтэрмінаваны смяротны прысуд".
"Такі дыягназ ва ўмовах Паліны — як смяротны прысуд". У палітзняволенай Шарэнды-Панасюк выявілі хранічны панкрэатыт
На цяперашні момант палітзняволеная ўтрымліваецца ў рэчыцкім ІЧУ ў жудасных умовах:
"Таксама сёння стала вядома, што Паліну этапавалі з гомельскага СІЗА-3 у ІЧУ горада Рэчыцы для правядзення "следчых дзеянняў". Значыцца, што ў бліжэйшыя некалькі тыдняў, альбо нават месяцаў да суду, Паліна будзе ўтрымлівацца там. Умовы ў рэчыцкім ІЧУ нават горшыя за камеры ШІЗА ў калоніі. Там не выдаюць матрацаў, у камерах адсутнічаюць прыбіральня, і вельмі шмат клапоў. Спаць прыходзіцца на падлозе. У мінулым годзе Паліну таксама трымалі там некалькі тыдняў. Пратэстуючы супраць жудасных умоў утрымання, Паліна тады аб'яўляла галадоўку".
Нагадаем, Паліна — грамадская актывістка з Брэста, якую затрымалі 3 студзеня 2021 года. Спачатку жанчыну асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі паводле шэрагу крымінальных артыкулаў. Пазней яе двойчы асудзілі паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).
У сакавіку 2024 г., калі прапагандысты знялі сюжэт пра палітзняволеную, у кадр трапіла жоўтая бірка Паліны — на ёй было пазначана, што тэрмін зняволення мусіў скончыцца 21 траўня. Але ў гэтую дату Паліна не выйшла, ёй у трэці раз прад'явілі абвінавачванне ў "непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі". За два дні да вызвалення яе перавялі ў гомельскі СІЗА-3.
Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын заклікаў Беларусь прыняць тэрміновыя меры для абароны Паліны Шарэнды-Панасюк
Крыніца: У палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк рэзка пагоршыўся стан здароўя