05.09.2024 Тэгі: пераслед, затрыманні, экстрэмізм У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 4-5 верасня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Беларусі затрыманы супрацоўнік японскіх спецслужбаў
Пра гэта паведамілі прапагандысты 4 верасня.
Сілавікі затрымалі агента, які меў, як сцвярджаюць прапагандысты, "самыя шырокія інтарэсы", пачынаючы ад збору інфармацыі аб сацыяльна-палітычнай абстаноўцы ў Беларусі, рэалізацыі кітайскай ініцыятывы "Адзін пояс — адзін шлях" і заканчваючы тым, што адбываецца на беларуска-ўкраінскай мяжы, здымкай ваеннай інфраструктуры.
Актывіст і сябар "Руху за Свабоду" Аляксей Клюшнічэнка ўжо больш за паўгода знаходзіцца за кратамі
Пра гэта ў Facebook паведаміла Аліна Герашчанка.
Аляксей быў затрыманы 22 лютага. Паведамляецца, што яму інкрымінуюцца артыкулы 130 КК (распальванне варожасці), 361 КК (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), 367 КК (паклёп на Лукашэнку), 368 КК (абраза Лукашэнкі) і іншыя.
Жыхара Гомеля затрымалі за падпіску на паблік "Чай з малінавым варэннем" ва "Укантакце"
Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што мужчыну абвінавачваюць у "распаўсюде экстрэмісцкіх матэрыялаў" (арт. 19.11 КаАП). Пра затрыманне стала вядома 4 верасня.
У Беларусі прызналі "экстрэмісцкім" X-акаўнт нямецка-швейцарскай праваабарончай арганізацыі Libereco
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага раёну Мінска 2 верасня.
Праваабаронцы Libereco гадамі падтрымліваюць беларусаў і застаюцца неабыякавымі да парушэнняў правоў чалавека ў нашай краіне, а таксама прыцягваюць увагу еўрапейцаў да гэтай праблемы.
Таксама ў спіс "экстрэмісцкіх" трапілі старонкі ў "X" "Наnnа Liubakova", "Pavel Slunkin", "bielarus.infо", Instagram-старонкі "margo.vorykhava", "anton_rodionovart", Telegram-каналы "Вольно-Казачий Отряд РДК", "BGmedia:новости – 2024" і Facebook-старонкі "Беларускi Хаб "Новая зямля"/Bialoruski Hub "Novaja Ziamia", "Акцыi беларусаў Варшавы".
У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 22 чалавек — цяпер у ім 4375 прозвішчаў
30 жніўня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны (4 верасня) апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
Сярод іншых, у спіс дадалі аператара АНТ Антона Казельскага і настаўніцу мінскай гімназіі Дар'ю Хмяльніцкую.
Да допіса далучыны апошні "Пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
У "Спіс тэрарыстаў" дадалі яшчэ 12 беларусаў
Камітэт дзяржаўнай бяспекі 4 верасня абнавіў Спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці" — там з'явіліся прозвішчы яшчэ 12 чалавек.
Сярод іх Лазарэвіч Уладзімір, Блізнец Аляксандр, Максімовіч Аляксандр, Зайкоў Андрэй, Мірэйчык Андрэй, Судзілоўская Анастасія, Цімашчук Алена, Сауцін Павел, Субцельны Андрэй, Наумаў Сяргей, Германовіч Яўген, Валадзько Анатоль.
Цяпер у "тэрарыстычным спісе" 1158 чалавек, з іх крыху менш за 500 — беларусы.