06.09.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, катаванні, гісторыі вязняў Папраўчая калонія №3 у Віцьбе Былы палітзняволены з Мінску Мікалай (сапраўднае прозвішча не называецца па прычыне бяспекі для блізкіх) пасля адміністрацыйных працэсаў і двух з паловай гадоў зняволення нядаўна здолеў з’ехаць з Беларусі. А думка пакінуць краіну ў яго ўзнікла яшчэ пад час адбыцця першага арышту на Акрэсціна. Ён пагадзіўся распавесці пра свой удзел у падзеях 2020 года, пра пераслед і рэпрэсіі праз якія ён прайшоў ад часу свайго затрымання і да моманту вызвалення.

За фота “касманаўтаў” атрымаў чэрапна-мазгавую траўму

Пачалося ўсё з 9 жніўня 2020 года, – распавядае Мікалай. – У той дзень я пайшоў на свой участак, прагаласаваў, зрабіў пост, а потым пачалася жэсць. Вечарам паехаў у горад і ўсё гэта бачыў на свае вочы, і гэта мяне моцна ўразіла. Я пачаў прымаць удзел у маршах, мітынгах, але тады мяне Бог збярог і я нікуды не патрапіў.

Запомнілася сітуацыя на другі дзень пасля смерці Аляксандра Тарайкоўскага. Я ехаў з дому ў офіс праз Пушкінскую і там, на светлафоры каля стыхійнага мемарыяла, я разам з іншымі кіроўцамі сігналіў. А побач ехаў нейкі ябацька з чырвона-зялёным сцяжком, які абагнаў мяне і пачаў падразаць і рэзка тармазіць. Ствараў аварыйную сітуацыю, карацей. А потым, калі я абагнаў яго, то ён заехаў мне ззаду ў аўтамабіль. Я ўжо ведаў як затрымлівалі матацыклістаў і збівалі іх. Таму вырашыў не разбірацца з ім і з’ехаў адтуль. Пазней мне выпісалі вялікі штраф за гэта і абавязалі аплаціць страхоўку правакатару".

Кветкі на месцы забойства Аляксандра Тарайкоўскага
Кветкі на месцы забойства Аляксандра Тарайкоўскага

12 кастрычніка 2020 года аўтамабіль Мікалая спынілі амапаўцы, моцна збілі яго і адвезлі ў аддзяленне міліцыі. І гэта толькі за тое, што ён зрабіў фота на мабільны тэлефон:

“Калі праходзіў Марш пенсіянераў, я ехаў па Прытыцкага і ўбачыў  на прыпынку групу “касманаўтаў”, 15-20 чалавек. Я зафоткаў іх і паехаў далей. Але на наступным светлафоры мяне дагналі на двух аўтамабілях, выскачылі, схапілі, моцна і жорстка збілі, пашкодзілі аўтамабіль, забралі тэлефон і дакументы. А мяне адвезлі ў РУУС, дзе дапытвалі ўсю ноч. Я некалькі разоў за гэты час траціў прытомнасць, мяне ванітавала. Потым аказалася, што ў мяне чэрапна-мазгавая траўма. Яны хацелі павезці на Акрэсціна, але я ізноў страціў прытомнасць. Тады яны выклікалі хуткую і адвезлі ў траўматалогію. Там мяне ахоўваў супрацоўнік міліцыі, але я скарыстаўшыся момантам, калі нікога не было, збег з лякарні. Мяне на нейкі час пакінулі ў спакоі," –  распавядае субяседнік.

Праз некалькі месяцаў, у лютым 2021 года Мікалай пасля працы позна вечарам вярнуўся дахаты, але не паспеў як след прыпаркавацца, як пад’ехалі два аўтамабілі, з якіх выйшлі невядомыя людзі і запатрабавалі праехаць з імі:

“Яны паказалі ў цемры пасведчанне і забралі мяне ў Фрунзенскі РУУС. Я падумаў здзіўлена: “Чаму туды, гэта ж не мой раён?”.

Там сталі складаць пратаколы, дзе пазначылі, што я размахваў рукамі і нецэнзурна лаяўся каля… Фрунзенскага РУУС. Адвезлі на Акрэсціна. Там я чатыры дні трымаў сухую галадоўку. Калі прайшлі 72 гадзіны ад моманту затрымання, мяне ізноў павезлі ў РУУС, там дзве гадзіны нічога не тлумачылі, а затым зноўку адвезлі на Акрэсціна. Па дарозе паказалі пратаколы. На гэты раз мяне нібыта затрамалі ў нецвярозым стане недзе на Чыгладзе. Зразумела, не было ніякага медыцынскага агляду, а назаўтра па скайпу правялі суд. Быў адвакат, які і дапамог: звярнуў увагу суда на розныя нестыкоўкі, на неабходнасць далучыць відэа з камеры назірання. Справу адклалі да панядзелка. На судзе разглядаліся чатыры пратаколы. Суддзя два пратаколы адкінула. Але застаўся па арт. 23.34 КаАП. Мне параілі прызнаць віну і можа таму абыйшлося штрафам”.

“Затрымлівалі, як якога Усаму бен Ладэна”

Мікалай з’ехаў на пару месяцаў да сябра на хутар, а потым, калі ўсё трохі супакоілася, перабраўся жыць у ціхую вёску, стараючыся асабліва не адсвечваць у сацыяльных сетках.

“Я разумеў, што яны рана ці позна яны прыдуць за мной. Так і здарылася: прыехалі ў вёску праз год – некалькі аўтамабіляў, амапаўцы ў поўнай экіпіроўцы з аўтаматамі і нават запусцілі квадракоптэр. Затрымлівалі, як якога Усаму бен Ладэна”, – прыгадвае ён.

Спачатку Мікалая змясцілі ў ІЧУ Мінскага раёна на 10 сутак, потым прысудзілі яшчэ 10 сутак на Акрэсціна па нейкім прыдуманым пратаколе за дробнае хуліганства, нібыта ён  на тэрыторыі Бараўлянскага пасялковага савета размахваў рукамі.

“Я ніколі не мог уявіць, што 10 чалавек могуць змясціцца на пяці квадратах на бетоннай падлозе і спаць так дзесяць начэй запар. Нават і падумаць не мог, што можна хадзіць у туалет у пакоі з вялікай колькасцю чалавек, калі ты прыкрыты ўсяго толькі прасцінай”, – кажа Мікалай.

kamera-ivs.jpg
Ілюстрацыйнае фота.

Затым вязня перавялі на Валадарку, дзе ён правёў сем месяцаў у камеры, дзе чакалі суда 19 чалавек,  а потым пачалі вызваляць месцы (якраз тады пачаліся суды над вясноўцамі і іншымі вядомымі асобамі) і яго перавезлі ў Магілёў. Тут Мікалай чакаў суда яшчэ два месяцы. Такім чынам да суда ён адседзеў 11 месяцаў.

Мікалаю прад’явілі абвінавачанне за ўдзел у акцыях пратэсту па ч. 1 арт 342 КК, а крыху пазней, калі следчыя вывучылі пасты ў сацыяльных сетках,  дадалі яшчэ арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці). Следчыя правялі лінгвістычную экспертызу, якая нічога крамольнага ў тэкстах не знайшла, тады амаль два месяцы рабілі яшчэ і псіхолага-лінгвістычную экспертызу. Дадалі яшчэ тлумачальную запіску нейкага супрацоўніка Губазіка.  У траўні адбыўся суд, на якім мужчыне прысудзілі па двух артыкулах два гады і шэсць мясяцаў пазбаўлення волі. На “Віцьбу” я патрапіў у сярэдзіне чэрвеня, спачатку было спакойна, а праз нейкі час мяне пакаралі ШІЗА, а пазней яшчэ змясцілі і ў памяшканне камернага тыпу:

“Неяк у размове я эмацыйна выказаўся на палітычную тэму і адразу нехта мяне здаў адміністрацыі. На мяне пачалі паляваць кантралёры, каб знайсці нейкі повад. Аднаго разу супрацоўнік рэжымнага аддзелу гартаў мой блакноцік, дзе я пакідаў кароткія свае разважанні, нейкія цытаты з прачытаных кніг і  звярнуў увагу на маленькі лісток з надпісам: “Атраднік – сука”. Вось так усё пайшло і паехала. Больш за шэсць месяцаў агулам правёў у ШІЗА і ПКТ.

Татальная адсутнасць справядлівасці нараджала ўва мне ўнутраны пратэст. Колькі я не намагаўся суладаць з сабой – часам пратэст прарываўся. У калоніі ўсе сядзяць і баяцца. Палітычных пастаянна прасуюць, кідаюць у штрафны ізалятар за любую драбязу.  Часам было невыносна ўсё гэта цярпець. Фізічна яшчэ можна было вынесці ўсё гэта, а вось псіхалагічна значна складаней. Усё гэта падобна на гвалтаванне, калі чалавека гвалцяць і ён нічога не можа з гэтым зрабіць.”

Рашэнне з’ехаць з Беларусі прыйшло да яго адразу, яшчэ на Акрэсціна ў 2022 годзе:

“Увесь тэрмін я сядзеў з думкай, што калі здарыцца цуд і я выйду, то адразу трэба валіць адсюль. Бо ў турме нічога не зробіш, а на волі хоць нейкую карысць магу прынесці”.

"Не быў маральна гатовы так рэзка "рвануць" з Беларусі"

Былы палітзняволены распавёў “Вясне” пра свае ўражанні і эмоцыі, якія засталіся ў яго пасля затрымання, умоваў на Акрэсціна, Жодзіна, Валадарцы і калоніі ў "Віцьбе".

Крыніца: “Я разумеў, што яны рана ці позна прыдуць за мной”: споведзь былога палітвязня