10.09.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, ціск З трэцяга ліпеня ў Беларусі па памілаванні з месцаў несвабоды выйшлі мінімум 78 палітвязняў. Праўладны актывіст Юрый Васкрасенскі заявіў, што разглядаюцца яшчэ 900 прашэнняў. Ён таксама сказаў, што памілаваных выключаюць са спісаў "экстрэмістаў і тэрарыстаў". Тым не менш, невядома на якіх умовах з месцаў пазбаўлення волі выпускаюць палітвязняў, бо адпаведныя ўказы не публічныя. З былым палітвязнем і праваабаронцам "Вясны" Леанідам Судаленкам гаворым пра асаблівасці памілавання, а таксама разбіраемся, ці выключаць памілаваных са спісаў "экстрэмістаў і тэрарыстаў" і як МУС можа сачыць за іх "законапаслухмянымі паводзінамі".
- Алег Зыкун у час вызвалення. Скрыншот з сюжэту АНТ
Права на памілаванне асуджаных з'яўляецца канстытуцыйным. Яно прадугледжанае арт. 84 Канстытуцыі. Артыкулам 96 Крымінальнага кодэкса вызначана, што памілаванне ажыццяўляецца прэзідэнтам у дачыненні да індывідуальна-пэўнай асобы. Гэта значыць, што прэзідэнт мае права памілаваць любога асуджанага ў краіне, уключна з асуджанымі да смяротнага пакарання. І такі выпадак быў зусім нядаўна — Лукашэнка памілаваў асуджанага да смяротнага пакарання грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера.
Нягледзячы на тое, што пасля памілавання чалавек трапляе на волю, яго правы ўсё адно працягваюць абмяжоўваць, напрыклад, права быць абраным на выбарах.
"Невінаватыя людзі вымушаныя звяртацца да дыктатара з просьбай выпусціць іх на волю". Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Працэс памілавання рэгулюецца Палажэннем аб парадку ажыццяўлення памілавання асуджаных, вызвалення ад крымінальнай адказнасці асоб, якія садзейнічалі раскрыццю злачынстваў і ліквідацыі наступстваў іх здзяйснення (зацверджана Указам прэзідэнта 03.12.1994 г. № 250 у рэдакцыі Указа ад 26.03.2021 г. № 122) [далей — Палажэнне аб памілаванні].
Заканадаўства дапускае зняцце судзімасці пры памілаванні. На падставе акта памілавання асоба, асуджаная за злачынства, можа быць цалкам або часткова вызваленая ад пакарання як асноўнага, так і дадатковага, альбо вызваленая ад пакарання ўмоўна, альбо такой асобе неадбытая частка пакарання можа быць заменена больш мяккім пакараннем, альбо ёй можа быць знятая судзімасць (артыкул 96 Крымінальнага кодэкса).
Аб зняцці з памілаванай асобы судзімасці гаворыцца і ў Палажэнні аб памілаванні. У п. 5 паведамляецца, што памілаванне асуджаных ажыццяўляецца ў выглядзе:
- замены смяротнага пакарання пажыццёвым пазбаўленнем волі;
- вызвалення цалкам або часткова ад адбыцця як асноўнага, так і дадатковага пакарання;
- замены пакарання або яго не адбытай часткі больш мяккім пакараннем;
- вызваленне ад пакарання ўмоўна;
- зняцце судзімасці.
Пунктам 29 Палажэння аб памілаванні прадугледжана, што інфармацыя аб рашэннях кіраўніка дзяржавы аб памілаванні асуджаных можа асвятляцца ў сродках масавай інфармацыі. Як правіла, гэта закрытая ад грамадскасці працэдура. З 78 памілаваных палітвязняў за апошнія два месяцы грамадскасці невядомыя імёны больш чым паловы з іх. Акрамя гэтага, самі ўказы не публікуюцца, таму працэдура памілавання да канца невядомая.
Аднак адзначаецца, што ўсе памілаваныя палітвязні "прызналі віну, шчыра раскаяліся ў зробленым і ўзялі абавязальніцтвы весці правапаслухмяны лад жыцця, кантроль за выкананнем такіх абавязальніцтваў паводле даручэння кіраўніка дзяржавы забяспечыць Міністэрства ўнутраных спраў".
Васкрасенскі заявіў, што памілаваных выключаюць са спісаў "экстрэмістаў" і "тэрарыстаў", але пацвярджэння гэтаму пакуль няма. Як адзначае праваабаронца, з адзінага публічнага ўказу аб памілаванні 2002 года відаць, што судзімасць з памілаванага замежніка не здымалася.
"Больш за тое, у паведамленнях Лукашэнкі аб памілаванні мы бачым прамое ўказанне МУС на ажыццяўленне кантролю за правапаслухмянымі паводзінамі памілаваных палітвязняў. Гэта якраз сведчанне таго, што судзімасць з палітвязняў пры памілаванні не здымаецца", — кажа Леанід Судаленка.
Як адзначае праваабаронца, у залежнасці ад катэгорый злачынстваў, за якія былі асуджаныя памілаваныя, МУС будзе іх кантраляваць цягам двух альбо пяці гадоў. Выпадкі зняцця судзімасці праз суд былымі палітвязнямі нам невядомыя.
Згодна з артыкуламі 97-98 Крымінальнага кодэкса судзімасць можа быць пагашаная або знятая. За менш цяжкае злачынства судзімасць пагашаецца праз два гады, за цяжкае — праз пяць гадоў. Да менш цяжкіх злачынстваў адносяцца наўмысныя злачынствы, за якія законам прадугледжана максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін не звыш шасці гадоў, а да цяжкіх — на тэрмін не звыш дванаццаці гадоў.
Суд можа зняць судзімасць пры законапаслухмяным ладзе жыцця асобы, якая мае судзімасць і паводле яе заявы, але не раней за палову заканчэння яе тэрміну.
"Нават пасля пагашэння альбо зняцця судзімасці МУС будзе працягваць кантраляваць былых палітвязняў"
З 2022 года ў Беларусі вядзецца так званы "спіс экстрэмістаў" (афіцыйна — "пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці").
У гэты пералік уключаюцца грамадзяне, у дачыненні да якіх маецца прысуд суда, які набыў моц, у сувязі з учыненнем крымінальных злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці. Грамадзянам, уключаным у названы пералік, да пагашэння судзімасці і на працягу пяці гадоў пасля яе пагашэння забараняецца:
- займацца дзейнасцю, звязанай з абаротам наркатычных сродкаў, зброі, выбуховых рэчываў;
- педагагічнай дзейнасцю, выдавецкай дзейнасцю;
- займаць дзяржаўныя пасады, праходзіць вайсковую службу.
Фінансавыя аперацыі такіх грамадзян падлягаюць асабліваму кантролю з мэтай прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам і фінансавання экстрэмісцкай дзейнасці.
Падставай для выключэння грамадзян са "спісу экстрэмістаў" з'яўляецца адмена прысуду, смерць грамадзяніна альбо заканчэнне пяці гадоў з дня пагашэння або зняцця судзімасці (ч. 6 арт. 18 Закона "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму").
"Адсюль вынікае, што нават пасля пагашэння альбо зняцця судзімасці МУС будзе працягваць кантраляваць былых палітвязняў цягам яшчэ пяці гадоў", — кажа праваабаронца.
"Абмежавалі выезд з краіны, абавязалі з'яўляцца ў інспекцыю"
Згодна з артыкуламі 195-196 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, асобы, якія адбылі пакаранне або вызваленыя ад пакарання і якія маюць судзімасць, выконваюць абавязкі і карыстаюцца правамі з абмежаваннямі, вызначанымі заканадаўчымі актамі. За асуджанымі пасля адбыцця пакарання за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства, асобамі, судзімымі два і больш разы да пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі за любыя наўмысныя злачынствы, цягам тэрміну судзімасці ажыццяўляецца прафілактычнае назіранне органам унутраных спраў.
Згодна з ч. 2 арт. 81 Крымінальнага кодэкса на працягу тэрміну судзімасці асоба знаходзіцца пад прафілактычным наглядам і ў сувязі з гэтым абавязана папярэдне апавяшчаць орган унутраных спраў аб змене месца жыхарства, аб выездзе па асабістых справах у іншую мясцовасць на тэрмін больш за адзін месяц, з'яўляцца ва ўказаны орган па яго выкліку і пры неабходнасці даваць тлумачэнні адносна сваіх паводзін і ладу жыцця.
Згодна з артыкулам 28 Закона "Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў" прафілактычным улікам з'яўляецца назіранне за паводзінамі грамадзяніна, у дачыненні да якога прынятае рашэнне аб ажыццяўленні прафілактычнага ўліку, у мэтах папярэджання з яго боку падрыхтоўкі або здзяйснення правапарушэнняў і аказання на яго прафілактычнага ўздзеяння.
Прафілактычны ўлік ажыццяўляецца, у тым ліку і ў дачыненні да грамадзяніна, які адбыў цалкам асноўнае і дадатковае пакаранне, за якім устаноўлены прэвентыўны нагляд альбо ажыццяўляецца прафілактычнае назіранне альбо ў дачыненні да якога атрыманыя звесткі аб здзяйсненні дзеянняў, што могуць стварыць пагрозу нацыянальнай бяспецы, нанесці шкоду дзяржаўным або грамадскім інтарэсам, правам, свабодам і законным інтарэсам іншых грамадзян або прывесці да здзяйснення злачынства.
"Напрыклад, я адбываў тэрмін паводле "народнага" 342-м артыкула Крымінальнага кодэкса, які адносіцца да катэгорыі менш цяжкіх. Такім чынам, да мяне не дастасавальнае прафілактычнае назіранне, але быў ужыты прафілактычны ўлік.
Пасля пастаноўкі на ўлік у крымінальна-выканаўчай інспекцыі мне абмежавалі выезд з краіны, абавязалі рэгулярна, не радзей за адзін раз на тыдзень з'яўляцца ў інспекцыю для правядзення прафілактычных мерапрыемстваў, мяне рэгулярна з уключаным відэарэгістратарам правяралі супрацоўнікі інспекцыі па месцы жыхарства", — распавядае Леанід Судаленка.
"Прыязджаюць з праверкамі па два-тры разы за ноч". Расказваем пра нагляд за экс-палітвязнямі пасля вызвалення
Леанід Судаленка прыходзіць да высновы, што пасля памілавання палітвязняў не выключаць са спісаў "экстрэмістаў або тэрарыстаў". Над былымі палітвязнямі МУС ажыццяўляе кантроль на працягу тэрмінаў пагашэння судзімасці (два гады — па менш цяжкіх і пяць гадоў — па цяжкіх злачынствах) у выглядзе прафілактычнага нагляду альбо прафілактычнага ўліку.
Пасля пагашэння судзімасці былыя палітвязні застаюцца ў "спісах экстрэмістаў або тэрарыстаў" яшчэ цягам пяці гадоў на падставе Закона аб супрацьдзеянні экстрэмізму і ўстаноўлены раней кантроль можа працягнуцца яшчэ пяць гадоў. Так, пры менш цяжкім злачынстве кантроль будзе працягвацца цягам сямі гадоў, а пры цяжкім — цягам дзесяці гадоў пасля вызвалення.
Крыніца: Ці здымуць судзімасці ў памілаваных палітвязняў? Разбіраемся з Леанідам Судаленкам