11.09.2024 Тэгі: суды, палітвязні, салідарнасць У Беларусі ўжо чатыры месяцы праходзяць суды над жанчынамі, якіх затрымалі падчас студзеньскага рэйду КДБ за салідарнасць з палітвязнямі. Толькі ў верасні, паводле "Вясны", запланаваны мінімум 16 судоў над палітзняволенымі, яшчэ чатырох жанчын будуць судзіць у кастрачніку. Большасць з тых, хто патрапіў у студзені пад пераслед — жанчыны і сваякі палітвязняў. Частку з іх асудзілі паводле адміністрацыйных справаў за "выкарыстанне замежнай дапамогі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 24.15 КаАП) і прызначылі вялікія штрафы і з кампенсацыяй дапамогі, а супраць некалькі дзесяткаў чалавек узбудзілі крымінальныя справы за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".
Паводле інфармацыі "Вясны", каля 30 чалавек цяпер утрымліваюцца пад вартай у СІЗА. Амаль усе — жанчыны, большасць з якіх ва ўзросце больш за 50 гадоў. Супраць затрыманых узбуджаныя крымінальныя справы за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса. Па гэтым артыкуле затрыманым пагражае да сямі гадоў калоніі.
Сем месяцаў пасля рэйду за салідарнасць з палітвязнямі: больш за 20 чалавек пад вартай
Негледзячы на тое, што яны рабілі гэта па ўласным жаданні і з уласных грашовых сродак, іх абвінавачваюць у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці". Сутнасць абвінавачвання ў тым, што яны нібыта бралі інфармацыю аб палітвязнях на рэсурсах, прызнаных у Беларусі "экстрэмісцкімі фармаваннямі". Гаворка ідзе пра інтэрнэт-рэсурсы праваабарончых арганізацый і ініцыятываў, якія публікавалі заклікі да падтрымкі палітвязняў.
Так, за студзеньскі рэйд ужо асудзілі Ірыну Такарчук, Алесю Сяргеенку, Алену Дземянчук, Надзею Лескавец, Юлію Краўцову, Наталлю Харытонаву-Крыжэвіч. Жанчым прызначаюць да трох гадоў калоніі.
У верасні за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" судзяць, у тым ліку былую супрацоўніцу Нацыянальнай бібліятэкі Ксенію Сушу, гомельскую актывістку Алену Тоцкую, маці былого палітвязня Дзяніса Давыдуліна — Наталлю, салігарчанку Ірыну Клезовіч, Таццяну Сцепу, Кацярыну Мендрык, Марыну Гацуру, Інну Плахатнюк і медсястру Алену Бобр.
Акрамя гэтага, у кастрычніку таксама будуць судзіць лекарку-дэрматалагіню Алесю Дзернакоўскую, псіхалагіню Наталлю Варабей, Марыну Алісеенку і Алену Ляснеўскую.
Крыніца: У верасні за салідарнасць з палітвязнямі судзяць мінімум 16 жанчын