13.09.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У Мінскім гарадскім судзе 13 верасня асудзілі палітзняволенага Ігара Мельнікава паводле ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Міхаіл Макарэвіч прызначыў Ігару чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Як паведаміла Пракуратура Мінска, Ігар Мельнікаў 26 студзеня 2022 года, знаходзячыся ў Польшчы, даў інтэрв’ю "Еўрарадыё", якое раней было прызнанае "экстрэмісцкім фармаваннем".
Справу пачалі разглядаць у адкрытым фармаце 10 верасня. Раней праўладная газета "СБ. Беларусь сегодня" публікавала вытрымку з абвінавачвання: "Ігар Мельнікаў у 2022 годзе па матывах нацыянальнай варожасці і варажнечы, а таксама палітычнай і ідэалагічнай варожасці, загадзя ведаючы аб экстрэмісцкай дзейнасці ўдзельнікаў забароненага ў Беларусі інфармацыйнага рэсурса, у мэтах развіцця і папулярызацыі медыя такой накіраванасці і ўцягнення ў падобную дзейнасць большай колькасці грамадзянаў, даў ім інтэрв'ю". Як паведаміла газета, Ігар даваў інтэрв'ю "Еўрарадыё" як у Польшчы, так і ў Беларусі.
Гісторык цалкам прызнаў віну.
Нагадаем, Ігара Мельнікава затрымалі 21 студзеня 2024 года. Як раней паведамляла "Наша Ніва", у гісторыка была неадназначная рэпутацыя ў прафесійных колах. Ён пачынаў з заходнерусізму, адтуль пераскочыў у паланафільства, але ўрэшце прыйшоў у падкрэсленую беларускасць.
Месца ўтрымання: СІЗА-1. 223016, Навадворскі сельсавет, 143/4, в. Пашковічы, Мінскі раён, Мінская вобласць. Ігар Вячаслававіч Мельнікаў
Крыніца: Гісторыку Ігару Мельнікаву прысудзілі 4 гады калоніі за інтэрв’ю "Еўрарадыё"