16.09.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 14-16 верасня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Грамадзянін Латвіі Эмілс Асарс паехаў у Беларусь і знік — верагодна, ён быў затрыманы
Аб гэтым Reform.news распавялі яго знаёмыя.
Па інфармацыі ад сваякоў, ён выехаў раніцай 11 верасня. Асарс кіраваў аўтамабілем Chrysler і павінен быў адвезці знаёмую жанчыну ў Верхнядзвінск. 12 верасня сваякам мужчыны патэлефанавалі з беларускага нумару і сказалі, што Эмілса затрымала міліцыя.
Звязацца з гэтым нумарам паўторна не ўдалося, а афіцыйнай інфармацыі ад беларускіх памежнікаў не паступала. Тэлефон самога Асарса з моманту знікнення застаецца адключаны.
Маладога лекара і дзеяча праўладнага прафсаюза асудзілі за "распаўсюд экстрэмізму"
12 верасня ў судзе Навабеліцкага раёна Гомеля суддзя Аляксандр Зінчук разглядаў адміністрацыйную справу датычна гомельца Эміля Мельнікава. Яго судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Вынік судовага пасяджэння высвятляецца.
Як паведаміла "Гомельская Вясна", Эміль Мельнікаў працаваў лекарам-рэнтгенолагам у Гомельскай цэнтральнай гарадской паліклініцы. Вядома, што ён уваходзіў у склад Моладзевага савету Гомельскай абласной арганізацыіі Беларускага прафсаюза працаўнікоў аховы здароўя. Гэты прафсаюз уваходзіць у склад праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Наўпрост на працы затрымалі былога заўзятара ФК "Нёман" са Стоўбцаў
Вядома, што мужчына працуе на Мінскім маторным заводзе. Паведамляецца, што ў яго знайшлі цішотку з надпісам "1312".
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі 16 верасня, што ў дачыненні да затрыманага было складзена некалькі адміністрацыйных пратаколаў, ён знаходзіцца ў ІЧУ.
Двух жыхароў Віцебска затрымалі пасля размовы з правакатарам у чат-рулетцы
Пра затрыманне стала вядома 15 верасня з праўладных тэлеграм-каналаў. Адзін з затрыманых сказаў падчас размовы з правакатарам "Жыве Беларусь", "Слава Украіне", а таксама, што хацеў бы атрымаць зброю ў ваенкамаце і паказаць "волю народа".
"Медыязона" знайшла старонку аднаго з затрыманых у сацсетках, там ён падпісаны як Юры Янушкевіч.
Крыніца: Суд над маладым лекарам і затрыманне за размову ў чат-рулетцы: хроніка пераследу 14-16 верасня