17.09.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, заканадаўства, праваабаронцы, правы чалавека, салідарнасць, міжнародная салідарнасць праваабаронцаў 13 верасня 2024 году ў Вільні адбылася міжнародная канферэнцыя "Адказнасць за злачынствы і парушэнне правоў чалавека ў Беларусі". Яе арганізаваў Цэнтр права і дэмакратыі Justice Hub сумесна з офісам дэпутату Еўрапарламента Дайнюса Жалімаса.
На мерапрыемстве прысутнічалі юрысты, праваабаронцы, прадстаўнікі дэмакратычнага свету, якія падымалі пытанні, як забяспечыць справядлівасць для ахвяр аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі. На канферэнцыі закранулі пытанні пытанні аб адказнасці міжнароднай супольнасці і механізмах, з дапамогай якіх яна магла б супрацьстаяць сістэматычным рэпрэсіям у Беларусі.
Міжнародныя арганізацыі падтрымліваюць стварэнне сістэмы прыцягнення да адказнасці за злачынствы і захаванне правоў чалавека парушэнні, заснаваныя на трох фундаментальных элементах: ўжыванні універсальнай юрысдыкцыі, прадугледжанай нацыянальным крымінальным заканадаўствам, стварэнні спецыяльнага міжнароднага трыбунала па Беларусі і ўкараненні эфектыўнай сістэмы санкцый.
Працэдура ўніверсальнай юрысдыкцыі дазваляе ўзбуджаць крымінальныя справы, незалежна ад месца здзяйснення злачынства, грамадзянства абвінавачаных і пацярпелых, калі гаворка ідзе пра злачынствы супраць чалавечнасці, масавых збіццях і катаваннях. Кіруючыся прынцыпам універсальнай юрысдыкцыі, іншыя дзяржавы могуць расследаваць і пераследваць злачынствы, учыненыя ў іншых краінах — але толькі ў тым выпадку, калі сама дзяржава, у якой гэта адбылося, адмаўляецца ці не хоча расследаваць гэтыя злачынствы.
Універсальная юрысдыкцыя: як прыцягнуць сілавікоў да адказнасці і чым блізкія беларусы і сірыйцы?
Прафесар Дайнюс Жалімас падкрэсліў важнасць прымянення гэтых механізмаў для расследавання злачынстваў рэжыму.
"Падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі, за апошнія два гады адышлі ў цень на фоне вайны ва Украіне. Але падзеі ў абедзьвюх краінах маюць аднолькавую базу — гэта суцэльнае парушэнне правоў чалавека. Калі не звяртаць увагі на тое, што адбываецца ў Беларусі, губляецца давер да міжнароднага правасудздзя. З кожным днём дыктатар і ягоныя прыслужнікі больш вераць у беспакаранасць, а наша бяздзеянне іх толькі падштурхоўвае. Як дэмакратыя мы можам страціць здольнасць абараняць нашыя каштоўнасці", — упэўнены прафесар.
З вітальным словам удзельнікам канферэнцыі выступіла дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская. Яна адзначыла, што ўжо сабраныя тысячы доказаў злачынстваў беларускага рэжыму, а таксама нагадала пра важнасць вызвалення палітвязняў, прыгадаўшы некалькі гісторый палітычнага пераследу ў Беларусі. Яна заклікала часцей ужываць прынцып універсальнай юрысдыкцыі, які дазваляе заводзіць крымінальныя справы супраць злачынцаў па-за межамі Беларусі.
"Наш калектыўны абавязак — не абмяжоўвацца простым асуджэннем, а стварыць дакладныя і эфэктыўныя прававыя мэханізмы, якія забяспечаць прыцягненне да адказнасці тых, хто парушае правы чалавека і міжнароднае права ў Беларусі, пры гэтым працягвае хавацца за мяжой, карыстаючыся адсутнасцю палітычнай волі міжнароднай супольнасці", — сказала міністарка юстыцыі Літоўскай рэспублікі Эвеліна Дабравольска.
Механізм універсальнай юрысдыкцыі
Падчас гэтай секцыі ўдзельнікі разглядзелі канцэпцыю і прымяненне універсальнай юрысдыкцыі. Юрыдычныя эксперты і практыкі паказалі і прааналізавалі асноўныя праблемы, якія ўзнікаюць пры ўкараненні ўніверсальнай юрысдыкцыі: юрыдычныя і працэсуальныя перашкоды, гатоўнасць і магчымасці судовых органаў і пракуратуры, абмежаванасць рэсурсаў, абарону сведак і доступ да доказаў.
"Здаецца, яшчэ ўчора мы з нашымі калегамі з "Вясны" марылі аб выкарыстанні ўніверсальнай юрысдыкцыі для судовага пераследу за мінулыя міжнародныя злачынствы, учыненыя рэжымам Лукашэнкі. Сёння гэтыя калегі несправядліва заключаныя ў турму ў Беларусі", — адзначыў у сваёй прамове Ілля Нузаў, кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH).
Ілля Нузаў пра Валянціна Стэфановіча: ”Ён больш падобны да такога рокера, чым да праваабаронцы”
Ён нагадаў, што ўніверсальная юрысдыкцыя забяспечвае канкрэтнае правасуддзе з пункту гледжання прыцягнення да адказнасці толькі невялікай часткі ахвяр у сітуацыях масавага гвалту. "Для многіх ахвяр рэалізацыя права на праўду, як мы гэта называем, веданне лёсу іх блізкіх мае найбольшае значэнне, калі гаворка заходзіць пра вылячэнне ад траўматычнай страты", — сказаў ён.
Таксама Нузаў адзначыў шэраг бар'ераў на шляху да ўніверсальнай юрысдыкцыі: адсутнасць спецыялізаваных пракурорскіх падраздзяленняў і суддзяў, навучаных міжнароднаму праву, адсутнасць вуснага перакладу з боку сведак і абвінавачаных, патрабаванне прысутнасці альбо пражывання ахвяры ў краіне, дзе ладзіцца працэс, недахоп рэсурсаў.
"Варта вылучыць больш рэсурсаў падраздзяленням пракуратуры, якія маюць паўнамоцтвы юрысдыкцыі ў дачыненні да міжнародных злачынстваў, на падрыхтоўку суддзяў і юрыстаў па міжнародным праве, асобных юрыстаў і арганізацый, якія займаюцца гэтымі справамі. Дзяржавы павінны ратыфікаваць і выконваць міжнародныя дамовы, якія тычацца міжнародных злачынстваў. Дзяржавы таксама павінны забяспечыць больш цеснае супрацоўніцтва ў пошуку і зборы доказаў, вышуку падазраваных і выкананні ордэраў на арышт. Усе, хто імкнецца прыцягнуць да адказнасці за сур'ёзныя парушэнні, павінны ставіць годнасць, правы, інтарэсы, патрэбы і бяспеку ахвяр у аснову ўсіх сваіх дзеянняў, падаючы ім свабоду дзеянняў у гэтых працэсах і зніжаючы рызыкі прычынення шкоды", — агучыў рэкамендацыі Нузаў.
Роля правабаронцаў у механізме
Падчас панэлі неаднаразова падкрэслівалі важную ролю НДА і праваабарончых арганізацый у працэсе міжнародных механізмаў, іх уклад у збор доказаў, адвакацыю і падтрымку ахвяр. Былі абмеркаваныя дакументаванне злачынстваў, аказанне юрыдычнай дапамогі і павышэнне дасведчанасці аб парушэннях правоў чалавека. Акрамя гэтага, неаднаразова ўзгадваліся праваабаронцы "Вясны", якія за сваю праваабарончую дзейнасць знаходзяцца за кратамі.
"Вясна" атрымала Прэмію ўніверсітэта Граца за дакументаванне парушэнняў правоў чалавека
У панэлі ўзяў удзел юрыст праваабарончага цэнтру "Вясна" Павел Сапелка. Ён нагадаў, што пасля выбараў 2020 году грамадзяне і грамадзянкі Беларусі падалі каля пяці тысячаў заяваў аб збіцці і катаваннях у міліцэйскіх пастарунках, але ніводная з гэтых заяваў не была разгледжаная, нікога не прыцягнулі да адказнасці. Ён падкрэсліў, што гэтая цяжасць цяпер непад'ёмная для Літвы, бо пацярпелых ужо тысячы, таму кожная дзяржава, якая падтрымлівае прынцыпы дэмакратыі і вярхавенства права, мусіць пераадолець перашкоды, якія аддзяляюць яе ад прынцыпаў універсальнай юрысдыкцыі.
"Праваабарончы цэнтра "Вясна" і Міжнародны камітэт па раследванні катаванняў правялі сацыялагічнае даследаванне — апытанне 580 чалавек, якія перажылі катаванні, — распавёў Сапелка. — 57% пацярпелых заяўляюць, што іх жаданне аднавіць справядлівасць не змянілася, 29% сказалі, што яно толькі ўзмацнілася, у 14% вера аслабла. З таго ж даследавання мы бачым: 84% лічаць, што ступень вінаватых павінен вызначыць суд: гэта значыць людзі не чакаюць самасуду, яны разлічваюць на паўнавартаснае разбіральніцтва. 60% апытаных заявілі, што замежныя дзяржавы, дзе яны цяпер знаходзяцца, павінны прыкладаць больш намаганняў для ўніверсальнай юрысдыкцыі".
Павел Сапелка падкрэсліў, што Літва можа прымаць працэсуальныя рашэнні, якія наблізяць прыцягненне да адказнасці вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасці. У сваю чаргу, намеснік генеральнага пракурора Літвы Саўлюс Вярсецкас адзначыў, што пракуратура Літвы разглядае каля 60 заяваў уцекачоў з Беларусі, распачатых у межах універсальнай юрысдыкцыі. Таксама ён узгадаў, што вызначаныя імёны некалькіх дзясяткаў людзей у Беларусі, якія адказныя за рэпрэсіі, аднак юрыдычныя дзеянні ў дачыненні да іх спыніліся.
Разам з тым літоўскі адвакат Караліс Ругіс, які працуе з беларусамі, што пацярпелі ад рэжыму, адзначыў: "Мы не можам чакаць 20 гадоў", маючы на ўвазе справядлівы суд.
Спецыяльны трыбунал
Падчас яшчэ адной ключавой панэлі быў разгледжаны працэс пераўтварэння канцэпцыі спецыяльнага трыбунала ў функцыянальны юрыдычны орган, здольны змагацца з сур'ёзнымі парушэннямі правоў чалавека. Асноўная ўвага надзялялася элементам, неабходным для стварэння спецыяльнага трыбунала, уключаючы распрацоўку надзейнай прававой базы і вызначэнне яго юрысдыкцыі. Закранулі і праблемы, якія неабходна пераадолець, каб спецыяльны трыбунал функцыянаваў належным чынам: збор доказаў у варожым асяроддзі, дзе супрацоўніцтва з боку рэжыму малаверагодна, і ажыццяўленне мер па абароне сведак для забеспячэння бяспекі тых, хто дае паказанні.
Было закранутае пытанне забеспячэння падсправаздачнасці і справядлівасці для ахвяр, садзейнічанню іх актыўнаму ўдзелу ў працэсе і разгляду доўгатэрміновага ўздзеяння трыбунала на беларускае грамадства. Мэтай панэльнай дыскусіі сталася намеціць выразны і дзейсны шлях ад канцэптуалізацыі спецыяльнага трыбунала да яго рэалізацыі, наблізіўшы правасуддзе да тых, хто пацярпеў ад злачынстваў рэжыму Лукашэнкі.
Канферэнцыя пацвердзіла прыхільнасць міжнароднай супольнасці пошуку справядлівасці для Беларусі і адзначыла неадкладнасць працягу судовых разглядаў. У завяршэнне мерапрыемства ўдзельнікі выказалі надзею, што гэтыя абмеркаванні пракладуць шлях да прыняцця канкрэтных мер і прыцягнення ўвагі сусветнай грамадскасці да становішча беларускага народа.