20.09.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі, экстрэмізм У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 19-20 верасня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Віцебску, верагодна, затрымалі вядомага мінскага блогера Bulbanews
Учора ў раскладзе суда Чыгуначнага раёна адзначылася імя Віталя Аляксандравіча Храмцова. Пад такімі дадзенымі вядомы блогер Bulbanews, паведаміў 20 верасня тэлеграм-канал "Витебск, я гуляю!".
У сацсетках блогер быў апошні раз у сераду ўвечары.
Таму вельмі верагодна, што ўсё ж менавіта ён трапіў пад дзве адміністратыўкі па прыездзе ў Віцебск — мужчыну абвінавацілі ў распаўсюдзе "экстрэмізму" і дробным хуліганстве.
Старонка з беларускімі мемамі ў Instagram прызнаная "экстрэмісцкай"
Гаворка пра акаўнт "БелМемы", на які падпісаныя больш за 1700 чалавек. "Экстрэмісцкі" статус старонцы надаў суд Ленінскага раёну Гродна 18 верасня.
Таксама ў "экстрэмісцкі" спіс трапілі Instagram-старонкі "Андрей Стрижак", "Libereco PHR", "INeedHelpBY", Telegram-канал, чат, старонкі ў Youtube, Instagram, TikTok "Оля Токарчук", TikTok-старонкі "nikmen131", "Не Избранные", а таксама сацсеткі праекту "Около культуры".
У Століне затрымалі як мінімум 5 чалавек
Праўладныя тэлеграм-каналы напісалі 19 верасня, што затрыманыя "займаліся экстрэмісцкай дзейнасцю".
Як паведаміла "Берасцейская вясна", адзін з затрыманых у сацсетках падпісаны як Вадзім Вяткоўскі.
"Хапун" у Глыбокім — затрымалі як мінімум 12 чалавек
Іх усіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту. На відэа сілавікоў паказана, як аднаго з затрыманых са зламанай рукой паклалі тварам на падлогу.
Па звестках "Віцебскай вясны" ад 19 верасня, затрымана 12 чалавек, у тым ліку краязнаўца і даўні грамадскі актывіст Павел Лаўрыновіч і фотамастак Айвар Удрыс. Частку затрыманых адразу адвезлі ў Віцебскі следчы ізалятар. Ім інкрымінуюць арт. 342 КК (арганізацыя, падрыхтоўка або ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).