25.09.2024 Тэгі: акцыі, палітвязні, праваабаронцы, салідарнасць, рэпартаж Асобы: Алесь Бяляцкі Акцыя салідарнасці з палітзняволеным праваабаронцам, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім адбылася 25 верасня, у дзень ягонага нараджэння, побач з амбасадай Рэспублікі Беларусь у Вільні. Тут, на вуліцы Наваградскай, месціцца мурал у ягоны гонар.

Праваабаронца "Вясны" Алесь Буракоў, адкрываючы сваёй прамовай мітынг салідарнасці падкрэсліў галоўнае: “Нам усім зараз трэба ратаваць Алеся Бяляцкага":

“Беларускі рэжым кінуў яго за краты першы раз яшчэ ў 2011 годзе і ўжо тады ён адбыў тры гады. Зараз праваабаронца ізноў сядзіць і цяпер, на жаль, мы не бачым, чым гэта можа скончыцца. Зараз трэба казаць менавіта аб тым, што трэба неадкладна ратаваць Алеся Бяляцкага. Таму што невядома ў якім ён зараз стане, невядома ўвогуле, ці жывы ён, паколькі інфармацыі пра яго так мала, што нельга сцвярджаць, што з ім усё ў парадку. Ён сядзіць з забойцамі, гвалтаўнікамі, сярод якіх быць не павінен. Ён мусіў стаяць разам з намі тут, альбо ў новай вольнай Беларусі.

Гэтай акцыяй мы даводзім міжнароднай супольнасці, урадам краін, што нам усім трэба ратаваць Алеся і рабіць максімальныя захады дзеля таго, каб нобелеўскі лаўрэат, лідар Праваабарончага цэнтра "Вясна”, проста выдатны праваабаронца, быў на волі."

Праваабаронца Алег Мацкевіч казаў аб тым, што другі раз за ўсю найноўшую гісторыю еўрапейскай цывілізацыі чалавек, якога ўзнагародзілі Нобелеўскай прэміяй міру, сядзіць у турме, дзе чацверты год запар сустракае свой дзень нараджэння. Ён мае ўсе шанцы пайсці з жыцця, так больш і не пабачыўшы ні волі, ні свету.

Ён прывёў паралель з першым еўрапейскім лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру, які атрымаў яе знаходзячыся за кратамі, Карлам фон Асецкім. У зняволенні яго жорстка катавалі і толькі пасля ўручэння Нобелеўскай прэміі яго перавялі ў шпіталь пад нагляд гестапа, дзе і памёр 4 траўня 1938 г. у бальніцы Норднд пад пільным кантролем гестапаўцаў ад наступстваў туберкулёзу і здзекаў, якія перанёс у турме.

Праваабаронца Алена Маслюкова адзначыла важнасць падтрымкі для ўсіх палітзняволеных беларусаў:

"Людзі, якія прайшлі праз зняволенне, найперш разумеюць, чаму сёння мы мусім змагацца за кожнага чалавека, які знаходзіцца за кратамі. Бо гэтыя людзі, прызнаныя палітзняволенымі, насамрэч ні ў чым невінаватыя. Яны з’яўляюцца гонарам і годнасцю нашай краіны. Таму мы сёння тут патрабуем свабоды для палітычнага зняволенага нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, свабоды кожнаму палітвязню, які сёння знаходзіцца за кратамі. Мы мусім быць іх падтрымкай, мы мусім быць іх голасам, мы мусім абараняць іх любымі сродкамі, якія дасяжныя для нас."

Крыніца: "Нам усім трэба ратаваць Алеся і рабіць максімальныя захады дзеля таго, каб праваабаронца быў на волі" Фота