01.10.2024 Тэгі: грамадства, правы чалавека Заява Платформы па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB)
Міністэрства юстыцыі Літвы 30 верасня 2024 года абвясціла аб накіраванні справы аб гвалтоўным перамяшчэнні беларусаў у Міжнародны крымінальны суд (МКС), што ўяўляе сабой важны крок на шляху да правасуддзя ў сувязі са злачынствамі, здзейсненымі беларускім урадам з траўня 2020 года.
“Платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB) нязменна падтрымлівае намаганні літоўскага ўрада па разглядзе міжнародных злачынстваў, здзейсненых у Беларусі з траўня 2021 года. “Мы спадзяемся, што МКС пацвердзіць юрысдыкцыю галоўнага пракурора для пачатку расследавання, і будзем рады перадаць МКС усе наяўныя доказы”, – адзначае Вікторыя Фёдарава, прадстаўніца Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі, сузаснавальніка Платформы.
У сваім звароце ўлады Літвы просяць МКС разгледзець пытанне аб тым, ці валодае ён юрысдыкцыяй для расследавання і судовага разгляду злачынства супраць чалавечнасці – дэпартацыі беларусаў у Літву са жніўня 2020 года. Згодна з артыкулам 14 Рымскага статута, Літва як дзяржава-член МКС мае права накіраваць справу на разгляд, паколькі людзі былі дэпартаваныя з Беларусі (дзяржавы, якая не з’яўляецца членам МКС) на яе тэрыторыю. Такі запыт абапіраецца на папярэдняе рашэнне МКС прызнаць юрысдыкцыю ў дачыненні да дзяржавы, якая не з’яўляецца членам МКС, у кантэксце дэпартацыі (сітуацыя ў М’янме/Бангладэшы).
Рымскі статут вызначае “дэпартацыю або гвалтоўнае перамяшчэнне насельніцтва” як прымусовае перамяшчэнне асоб, якія зведалі высяленне ці іншыя прымусовыя дзеянні, з раёна, у якім яны законна знаходзяцца, у адсутнасць падстаў, якія дапускаюцца міжнародным правам.
“Пададзеная заява ўяўляе сабой значны крок наперад. Але таксама варта прызнаць, што ў выпадку прыняцця гэтай заявы будзе закранута толькі малая частка злачынстваў, здзейсненых у Беларусі”, – дадае Андрэа Хубер, кіраўнік Платформы. – Пераслед, катаванні, гендарна-абумоўлены гвалт, незаконныя затрыманні і іншыя злачынствы не павінны заставацца беспакаранымі. Акрамя таго, дадзены зварот тычыцца злачынства дэпартацыі толькі ў дачыненні да грамадзян, што ўцяклі ў Літву, а не куды-небудзь яшчэ. Таму мы настойліва рэкамендуем нацыянальным пракурорам працягваць расследаванне і судовае разбіральніцтва міжнародных злачынстваў, здзейсненых у Беларусі”.
Павел Сапелка з “Вясны”, яшчэ адной арганізацыі-сузаснавальніцы IAPB, таксама вітае зварот Літвы ў МКС.
“Для забеспячэння адказнасці за злачынствы супраць беларусаў “Вясной” і Міжнародным камітэтам было апытана больш за 2500 пацярпелых і сведак пра падзеі ў перыяд з 2020 па 2024 год", – гаворыць Павел Сапелка. – Гэтыя доказы разам з расследаваннямі па адкрытых крыніцах былі сабраныя ў адпаведнасці з нормамі крымінальнага права і могуць быць прадастаўлены пракурорам, якія жадаюць падтрымаць нас у барацьбе з беспакаранасцю беларускіх злачынцаў, вінаватых у грубых парушэннях правоў чалавека”.
Пра IAPB:
Платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі, створаная ў сакавіку 2021 года, уяўляе сабой кансорцыум беларускіх і міжнародных НДА, які займаецца зборам, кансалідацыяй, праверкай і захаваннем доказаў грубых парушэнняў правоў чалавека, меркавана учыненых беларускімі ўладамі і іншымі асобамі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх.
Платформа садзейнічае расследаванням нацыянальных пракуратур і міжнародных органаў па забеспячэнні адказнасці, даючы доступ да сабраных доказаў, а таксама аналітычных матэрыялаў.
З моманту свайго стварэння Платформа атрымала восем запытаў аб дапамозе ад пяці дзяржаў, чатыры запыты на інфармацыю ад Экспертызы ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Упраўлення Вярхоўнага Камісара па правах чалавека (УВКПЧ), адзін запыт ад дакладчыка Маскоўскага механізму АБСЕ, а таксама некалькі запытаў ад арганізацый грамадзянскай супольнасці і юрыстаў, якія працуюць над расследаваннем злачынстваў, здзейсненых у Беларусі.