02.10.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, затрыманні Пасля затрымання 23 верасня Аляксандра Кандрычына, які нанёс нажавыя раненні дваім супрацоўнікам ГУБАЗіК, у Магілёве пачалася масавая зачыстка грамадзян, якія, на думку супрацоўнікаў міліцыі, маглі мець дачыненне да нападу.
Літаральна праз некалькі дзён пасля здарэння сілавікі затрымалі сябра і былога калегу Кандрычына. Па інфармацыі прэс-службы МУС, пры ператрусе ў доме затрыманага сілавікі выявілі агнястрэльную зброю, часткі да яе, патроны рознага калібру, рэчывы для вырабу выбухоўкі, наркотыкі, халодную зброю, у тым ліку замаскіраваную пад прадметы побыту. У дачыненні да затрыманага распачалі крымінальную справу за незаконны абарот агнястрэльнай зброі (арт. 295 Крымінальнага кодэкса).
На жыхара Магілёва, які напаў на губазікаўцаў, узбудзілі крымінальную справу
А 1 кастрычніка з’явілася інфармацыя пра “зачыстку дэструктыўных ячэек" у Магілёве.
Пад “дэструктыўнымі ячэйкамі " блізкі да МУС тэлеграм-канал пазначыў магілёўцаў, якія пакінулі каментары ў інтэрнэце пасля навіны пра напад. Як паведамляе MAYDAYMog, паводле відэароліка, было затрымана мінімум 4 мужчыны, у тым ліку 62-гадовы жыхар вёскі Прокшанічы Магілёўскага раёна. На яго затрыманне выехала 10 сілавікоў, сярод якіх былі “спецназаўцы” з нядаўна ўтворанага атрада “Гром” (створаны ў красавіку 2024 года). Астатніх мужчын таксама затрымлівалі ад пяці сілавікоў у баявой экіпіроўцы. На відэа бачна, што ніхто з затрыманых супраціву не аказваў. У дадзены момант лёс гэтых людзей невядомы.
Аднаго з магілёўцаў прыехалі затрымліваць каля 10 сілавікоў. На “пакаяльным відэа” мужчына кажа, што нібыта знаходзіцца ў “экстрэмісцкіх” чатах і пакідае там каментары. Сярод іншага, яму інкрымінуюць і каментары да навіны пра мужчыну, які ў Магілёве адбіваўся ад губазікаўцаў.
Пра яшчэ адно затрыманне за камент у інтэрнэце піша “Медыязона”. Сілавікі затрымалі Гарадзенскага студэнта 4 курса ГРСУ, які “ўхваляў у сацыяльных сетках" дзеянні магілёўца, які абвінавачваецца ў замаху на забойства міліцыянтаў. Ролік з ім апублікаваў праўладны тэлеграм-канал “Пульс Гродна". На відэа юнак ў белай кофце выбачаецца перад супрацоўнікамі міліцыі. Артыкул, паводле якога затрыманы гарадзенец, не ўдакладняецца. Паведамленні, якія прыпісваюцца студэнту, у міліцэйскім відэа не паказаныя.
Крыніца: "Справа Кандрычына": сілавікі праводзяць “зачыстку дэструктыўных ячэек" і затрымліваюць за каментары