04.10.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У Мінскім гарадскім судзе з 19 жніўня ў закрытым рэжыме праходзіў працэс па гучнай справе дыверсіі ў Мачулішчах. Дванаццаці чалавекам — большасці завочна — ставілася ў віну адразу 11 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку "акт тэрарызму" (ч. 3 арт. 289 КК) і "здрада дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК). Іх абвінавацілі ў здзяйсненні дыверсіі ў Мачулішчах у лютым 2023 года, падчас якой быў пашкоджаны расійскі самалёт А-50. Трэцяга кастрычніка Валянціна Зянькевіч вынесла прысуд па справе — ад двух гадоў трох месяцаў да 25 гадоў калоніі. Грамадзяніна Украіны Мікалая Швеца, які быў вызвалены ў чэрвені па абмене з Украінай, завочна асудзілі да 25 гадоў калоніі.
Нагадаем, раніцай 26 лютага 2023 года на аэрадроме Мачулішчы здарыліся выбухі каля каштоўнага расійскага самалёта дальняй разведкі ДРЛВ А-50, ён быў падарваны ў двух месцах. Ён выкарыстоўваўся для навядзення расійскіх ракет на цэлі ва Украіне. Паведамлялася, што цяпер самалёт знаходзіцца на рамонце на 325-м авіяцыйным рамонтным заводзе, які ўваходзіць у склад Таганрогскага авіяцыйнага навукова-тэхнічнага комплексу імя Берыева ў Расіі.
Нагадаем, галоўны фігурант справы і, як сцвярджалі афіцыйныя органы і прапагандысты, выканаўца дыверсіі — Мікалай Швец, быў вызвалены ў чэрвені па абмене з Украінай. Але яго ўсё роўна судзілі. Таксама па справе праходзяць Максім Лапацін, Андрэй Сцяпурка, Алег Сычоў і ягоная жонка Анастасія Пілько, Дзяніс Сакалоў. Згодна з прапагандыскага фільмам АНТ, усе яны былі памагатымі па справе, але яны дакладна не ведалі, хто такі Швец і ў чым менавіта яму трэба дапамога. Так, Максім Лапацін падвёз Швеца са Століна на Лагойскую трасу, Андрэй Сцяпурка дапамог знайсці яму кватэру пад Мінскам, Алег Сычоў і Наста Пілько здалі яму тую самую кватэру. А Дзяніс Сакалоў, які выявіўся прыяцелем сына Ірыны Абельскай і меркаваным даносчыкам, як піша "Наша Ніва", быццам дапамог даставіць дрон і знайсці працу для Мікалая Швеца.
Завочна судзілі Мікалая Швеца, Аляксандра Азарава, Алу Яцуту, Віталя Якуціка, Яўгенію Тачыцкую, Міхаіла Дзёміна і Сяргея Лопарава.
Фігурантам справы інкрымінавалі 11 артыкулаў Крымінальнага кодэкса: "садзейнічанне ў экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 арт. 361-4 КК), "фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці" (ч. 1 арт. 290-1 КК), "здрада дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК), "удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 1 арт. 342 КК), "агентурная дзейнасць" (ч. 1 арт. 358 КК), "прывядзенне ў няспраўнасць транспартнага сродку" (ч. 4 арт. 309 КК), "акт тэрарызму" (ч. 3 арт. 289 КК), "стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні" (ч. 3 арт. 361-1 КК), "фінансаванне экстрэмісцкага фармавання" (361-2 КК), "незаконныя дзеянні датычна выбуховых рэчываў" (ч. 4 арт. 295 КК), "праходжанне навучання для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці" (арт. 290-3 КК).
4 кастрычніка Генеральная пракуратура распавяла падрабязнасці. Стала вядома, што дзяржаўнае абвінавачванне па справе падтрымліваў прадстаўнік структуры.
Так, стала вядома, што Мікалая Швеца, Аляксандра Азарава, Віталя Якуціка, Міхаіла Дзёміна абвінавацілі ў "акце тэрарызму" і "наўмысным прывядзенні ў непрыдатнасць сродкі паветранага транспарту" (ч. 3 арт. 289, ч. 4 арт. 309 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Апроч гэтага, Азараў, Дзёмін, Якуцік, Сакалоў, Тачыцкая, Лапароў і Лапацін – у "здрадзе дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК), а Швец, Яцута і Сычоў — у ажыццяўленні "агентурнай дзейнасці" (арт. 358-1 КК). Таксама Мікалая Швеца абвінавацілі ў "праходжанні навучання і іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці" і "незаконным абароце выбуховых рэчываў і выбуховых прылад" (ч. 4 арт. 295, арт. 290-3 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).
Акрамя таго, Якуціка, Сакалова, Сцяпурку, Пілько, Лапаціна, Тачыцкукю, Лапарава і Сычова прызналі вінаватымі у "фінансаванні тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 290-1, арт. 361-2 КК), "удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні" (ч. 3 арт. 361-1 КК), а таксама ў "актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 1 арт. 342 КК), у розных спалучэннях.
У выніку Швецу завочна прызначылі 25 гадоў калоніі, а іншым фігурантам справы – ад 15 да 25 гадоў пазбаўлення волі. Паведамляецца, што іншым абвінавачаным па справе прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 2 гадоў 3 месяцаў да 15 гадоў.
Крыніца: Да 25 гадоў калоніі: па "справе Мачулішчаў" агучылі прысуд 12 фігурантам