07.10.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, пераслед У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 5-7 кастрычніка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрымалі жыхара Мінска
"Пакаяльнае відэа" з мінчуком з'явілася на праўладных каналах 7 кастрычніка. Сцвярджаецца, што мужчына дасылаў інфармацыю аб перамяшчэнні сілавікоў у "экстрэмісцкія тэлеграм-каналы", удзельнічаў у дваровых сустрэчах і цікавіўся ў чатах адрасам начальніка ЦІП Акрэсціна.
У Беларусі прызналі "экстрэмісцкай" тг-старонку расійскага праваабарончага цэнтру "Мемарыял"
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Баранавічаў і Баранавіцкага раёну 2 кастрычніка.
Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі Telegram-каналы і чаты "Вяснянка 98% чат", "МАМА BLUNT", а таксама Instagram старонкі "belarusiancentre_lt", "tasia_valoszka_art", "hub.belastok".
У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 13 чалавек — цяпер у ім 4489 прозвішчаў
4 кастрычніка МУС абнавіла "Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
Сярод іншых, у спіс дадалі грамадзяніна Арменіі Ярванда Марцірасяна, дарадцу Ціханоўскай Франака Вячорку, асуджаную за салідарнасць з палітвязнямі Надзею Лескавец.
У Гродне за каментары пра міліцыянтаў затрымалі мужчыну
На "пакаяльным відэа" 45-гадовы гродзенец кажа, што пакідаў каментары ў тг-чаце пра супрацоўнікаў міліцыі. Яму пагражаюць трыма крымінальнымі артыкуламі. Пра гэта стала вядома 5 кастрычніка.
Адукацыйная ініцыятыва "Школа лідарства" і праект для жанчын "Girl Power Bel" прызнаныя "экстрэмісцкім фармаваннем"
Рашэнне прыняў КДБ 26 верасня.
Таксама ведамства пералічыла людзей, якія нібыта маюць дачыненне да "экстрэмісцкага фармавання". Гэта Ганна Дапшэвічутэ, Вераніка Нікалайчык, Вера Есіпчук, Анжаліка Вайцэховіч, Аліна Шаўцова.
Палітзняволенаму ксяндзу Анджэю Юхневічу пагражаюць ілжывымі абвінавачваннямі ў злачынствах супраць сэксуальнай недатыкальнасці
Як стала вядома "Хрысціянскай візіі", на ксяндза працягваюць ціснуць у СІЗА-2, дзе ён знаходзіцца пасля свайго затрымання 8 траўня 2024 года. Першы раз ксяндзу дазволілі схадізць у душ толькі пасля двух месяцаў зняволення.
Цяпер ксяндзу пагражаюць абвінавачваннямі, звязанымі са злачынствамі супраць сэксуальнай недатыкальнасці непоўнагадовых.