08.10.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 8 кастрычніка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ў дачыненні да "Платформы-2025"
Ведамства сцвярджае, што ідэнтыфікавала "яшчэ 22 асобы, якія далучыліся да дзейнасці Ціханоўскай і яе прыхільнікаў па захопу дзяржаўнай улады ў Беларусі неканстытуцыйным шляхам". Іх прызналі падазраванымі па ч. 1 арт. 357 КК (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады).
Акрамя таго, адзначае СК, дадаткова ідэнтыфікавалі 23 чалавекі, якія ўдзельнічалі ў сходах, арганізаваных у розных краінах беларусамі замежжа. Яны сталі падазраванымі па крымінальнай справе па ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні).
Як адзначыла "Наша Ніва", "Платформа 2025" — дакумент, падпісаны на канферэнцыі "Новая Беларусь" у жніўні. У ім былі пазначаныя асноўныя мэты на будучую электраральную кампанію. Сярод іх непрызнанне сусветнай супольнасцю "выбараў прэзідэнта", праца па вызваленні палітвязняў, а таксама ўзмацненне працы з дзеючымі дзяржслужачымі, якія падтрымліваюць дэмакратычную будучыню краіны.
Крыніца: Крымінальная справа супраць удзельнікаў платформы "Новая Беларусь": хроніка пераследу 8 кастрычніка