14.10.2024 Тэгі: умовы ўтрымання, гісторыі вязняў Былога палітзняволенага журналіста і вядучага праграмы "Зона X" Дзмітрыя Лукшу вызвалілі па памілаванні 3 ліпеня. З чатырох год калоніі, прызначаных яму Мінскім гарадскім судом, ён правёў за кратамі два з паловай гады. Пасля вызвалення Дзмітрый разам са сваёй, таксама памілаванай, жонкай Палінай, пакінулі Беларусь і зараз знаходзяцца ў бяспецы. Дзмітрый пагадзіўся распавесці, чаму прыняў такое рашэнне і пра тое, як адбываў пакаранне ў Шклоўскай ПК № 17.
Дзмітрыя Лукшу затрымалі 11 сакавіка 2022 года пасля ператрусу ў мінскай кватэры. Нагодай для затрымання стаў яго апошні сюжэт на казахстанскім тэлеканале "Хабар 24”, дзе ён працаваў пазаштатным карэспандэнтам. Як сцвярджала абвінавачанне, Дзмітрый нібыта "з мэтай дыскрэдытацыі краіны з дапамогай аператара вырабіў шэраг відэасюжэтаў, якія змяшчалі загадзя ілжывую інфармацыю", што паводле арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса з’яўляецца злачынствам. Апроч гэтага яго абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых акцыях акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года (ч. 1 арт. 342 КК).
"Ажыццяўляў сваю прафесійную дзейнасць"
“Калі прыйшлі з ператрусам, мне адразу сказалі, што абвінавачванне будзе па двух артыкулах: арт. 369-1 (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і ч. 1 арт. 342 (Удзел у масавых мерапрыемствах). Прычым, наконт 342 артыкула яны адразу ўчапіліся за 9 жніўня, калі я працаваў на пратэстах у Мінску як журналіст, – распавядае Лукша. – На першым допыце я патлумачыў, што быў у той дзень каля Стэлы, працаваў".
– А чаму выходзіў на дарогу? – пытаецца следчы.
Ну а дзе я павінен знаходзіцца? Канечне, на месцы падзей. Я ж ажыццяўляў сваю прафесійную дзейнасць.
– А хіба акрэдытацыя дае права выходзіць на дарогу? Вы не павінны былі там знаходзіцца.
А потым ужо ў тэлефоне знайшлі фота, дзе я знаходзіўся на нейкім маршы пратэсту”.
Пасля затрымання Дзмітрыя змясцілі на пяць сутак ў ІЧУ на Акрэсціна, а потым ужо перавялі ў СІЗА №1 на Валадарскага, дзе ён правёў да суда дзесяць месяцаў.
“Першы невялікі шок быў, калі завялі ў камеру, вядомую пад назвай “Шанхай”, усе сядзельцы якраз былі на прагулцы. Пабачыў нары ў тры ярусы і цеснату, падумаў: “Ну як тут жыць!”. Але хутка прыйшоў у сябе, узяў сябе ў рукі і цяжкія думкі стараўся ад сябе адганяць. Наконт далейшага ніякіх ілюзій я не меў, нават калі адвакат казала, што складу злачынства няма і ўсё, маўляў, павінна быць добра. Адзінае, я не думаў, што будзе вялікі тэрмін, спадзяваўся на год-паўтара, не болей. А што дадуць чатыры гады – гэта для мяне быў шок”, – згадвае тыя падзеі Дзмітрый.
Суд, які цягнуўся амаль два тыдні, з 18 лістапада па 2 снежня, не пакінуў вялікіх уражанняў. У Дзмітрыя было такое адчуванне, што гэты працэс робіцца дзеля праформы, што ўжо на першым судовым пасяджэнне прысуд быў зразумелы. Аргументы абароны былі судом не пачутыя. У сюжэце, які фігураваў у абвінавачанні, усе факты былі падцверджаныя, але ўсё прайшло міма вушэй суддзі. Затым была апеляцыя, якую Лукша чакаў у магілёўскай турме № 4 і этап у ПК №17 ў Шклове.
Былога журналіста БТ асудзілі да 4 гадоў калоніі, а яго жонку — да 2,5 гадоў.
"Ты ж Лукша! Чаго табе не хапала?"
“Калі прывезлі ноччу ў калонію, адразу каля “сталыпінскага” вагона адзін з афіцэраў спыніўся каля мяне, пазнаў і кажа: “Ты ж Лукша? І ты, б-ч-бэшная галава?”.
Многія аператыўнікі ведалі мяне ў твар па праграме “Зона Х”. Увогуле, напачатку нярэдка гучалі такія фразы: “Чаго табе не хапала?”, “У цябе ж усё было, ты ж вядомы чалавек”, “Навошта табе было трэба?”. Гэта я чуў можа першыя паўгады.
“Але звычайныя прэсс-моманты былі такія ж, як і ў астатніх палітычных зняволеных – нас проста моцна ў калоніі прэсавалі. Некалькі разоў трапляў ў ШІЗА, напрыклад, што запомнілася… Прыходзіць неяк супрацоўнік, я ў атрадзе пішу ліст, падымаюся, вітаюся па форме. Ён кажа – займайцеся далей. Я сядаю зноў пісаць, а літаральна праз хвіліну ў мяне за спіной чуецца: “Лукша, чаму не вітаешся?” Я кажу, дык вы ж за спіной. Тады ён павёў мяне правяраць опіс рэчаў. Там усё супадае, але пра пакунак гарбаты запісана, што важыць кілаграм. Аператыўнік паважыў на руках і кажа, што тут грамаў васемсот. І вось ужо парушэнне. Вельмі шмат спагнанняў менавіта за памылкі ў вопісу рэчаў., якую правільна весці амаль нерэальна. Трэба быць маньякам, каб пастаянна ўсё лічыць і ўзважваць, каб усё да зярнятка было падлічана: цыгарэты, запалкі. Гэта адзін з самых простых спосабаў скласці парушэнне,” – распавядае журналіст.
У прапагандысцкім відэаінтэрв’ю, якое рабіла БТ ў калоніі з Лукшам, на неаднаразовае пытанне журналісткі, ці лічыць ён сябе палітвязнем – Дзмітрый назваў сябе проста зняволеным. Ён тлумачыць, што гэта было падобна на правакацыю, хацелі, каб назваў сябе палітзняволеным, і ён разумеў, што гэта падстава, таму зрабіў так, каб журналістка не змагла дайграць сваю ролю.
“Там яшчэ застаўся за кадрам адзін момант. Калі мы йдзем па тэрыторыі, то побач – начальнік калоніі і начальнік аператыўнага аддзела, і яны слухаюць кожнае тваё слова. Трэба было пазбягаць правакацыі. Але ўсё адно пасля гэтага інтэрв’ю я патрапіў ў ШІЗА, нешта ім у маіх адказах не спадабалася”, – каментуе Дзмітрый.
Лукша распавядае, што псіхалагічна ў калоніі было больш складана, чым у следчым ізалятары:
“Ты ў калоніі зусім не абаронены ад пастаяннага прэсінга, асабліва калі “палітычны”: тое, што даруецца звычайным сядзельцам – нам пагражае спагнаннем. Здавалася, што да ўсяго можна прывыкнуць, але калі пастаянна на цябе складаюцца акты, пачынаецца ўнутраная істэрыка – ну колькі ўжо можна. Усё пераварочваецца з белага на чорнае. Адно з маіх апошніх спагнянанняў – “чаму вопратка расшпіленая?”. Адказваю, што ўсё па форме, усе зашпілена. “А, дык ты яшчэ і спрачаешся?” Адчуванне такое, што альбо ты ідыёт, альбо размаўляеш з ідыётам. Але ўсё залежыць ад самога чалавека.”
"Жыць у чаканні, што ізноў прыйдуць за табой – вельмі прыгнятае псіхалагічна"
У памілаванне Дзмітрый Лукша напачатку асабліва не верыў, толькі калі заварушылася-забегала начальства, сталі збіраць дакументы – з’явілася надзея:
“Напачатку ў калонію прыехаў прадстаўнік Генпракуратуры, які даў паперу на памілаванне, я падпісаў яе, але атрымаецце ці не – нават ён сам быў няўпэўнены. Сказаў, што памілаванне плануецца на 3 ліпеня. І дадаў, што можа і атрымаецца. Нават без аніякіх папярэдніх умоў. Таму я сам не надта ў гэта верыў.
Трэцяга ліпеня, калі па вызваленні ехаў дадому, мне паведамілі, што мая жонка Паліна таксама памілаваная. А ёй у сваю чаргу сказалі, што і я на волі.
Але пачуццё неабароненасці і трывогі на волі нікуды не падзелася. Ты проста ня ўпэўнены ў заўтрашнім дні. Жыць у чаканні, што вось раптам ізноў прыйдуць за табой вельмі прыгнятае псіхалагічна. І яшчэ моцна ўразілі перамены ў Мінску. Горад стаў пусты, на вуліцы мала людзей, яны нейкія бязлікія. І вельмі шмат міліцыі. Ходзяць па Мінску са зброяй, у амуніцыі, трыгер нейкі: “Што тут адбываецца?”
Таму мы прынялі рашэнне пакінуць Беларусь і пачаць іншае жыццё”.
Па звестках Беларускай асацыяцыі журналістаў, 33 прадстаўнікі СМІ зараз знаходзяцца ў зняволенні.
Крыніца: Былы вядучы праграмы "Зона X" – пра ўражанні ад зоны і рашэнне з’ехаць з краіны