17.10.2024 Тэгі: суды, адміністратыўны пераслед, умовы ўтрымання, гісторыі вязняў Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца ўжо больш за чатыры гады. Штодня па ўсёй Беларусі сілавікі затрымліваюць дзясяткі чалавек, частку з якіх адпраўляюць на "суткі" ў ізалятары і ўтрымліваюць іх у нечалавечых умовах. "Вясна" паразмаўляла з былой арыштанткай, якая некалькі тыдняў таму адбывала арышт на Акрэсціна, пра затрыманне, умовы ўтрымання ў сумна вядомым ізалятары, пра эпідэмію ротавіруснай інфекцыі і медычную дапамогу.
- Малюнак камеры, прадастаўлены Крысцінай
"Пратакол чытала я павольна, таму на мяне прыкрыкнулі і я ўсё падпісала"
Некалькі тыдняў таму Крысціну (імя змененае ў мэтах бяспекі) затрымалі супрацоўнікі КДБ: двое ў цывільным адзенні прыйшлі да яе на працоўнае месца, яшчэ трое ў банданах чакалі на вуліцы. Як пазней жанчыне стала вядома, сілавікі пасля сябе выдалілі відэа з камер назірання, на якія яны патрапілі.
Нагоду затрымання Крысціне не назвалі. На просьбу жанчыны даць ёй папіць, супрацоўнікі заехалі, купілі бутэльку вады і прапанавалі снікерс. У КДБ яе дапыталі, пасля чаго адвезлі ў РУУС і пакінулі там да раніцы.
"Там было вельмі холадна, але куртку пакінулі ў камеры захоўвання і не далі мне. Камера ўяўляла сабой цьмянае пустое памяшканне з бетоннай прыступкай, на якой я і спрабавала паспаць.
Праз пару гадзінаў мне прынеслі пратакол, але я была не ў стане разумець, што яны ад мяне хочуць. Чытала я павольна, таму на мяне проста прыкрыкнулі і я ўсё падпісала, але нічога не зразумела".
"Мне прызначылі суткі ў той час, як алкаголікаў, якія збівалі сваіх жонак і маці, адпускалі дадому"
У РУУС супраць Крысціны склалі пратакол паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Гэта адзін з самых распаўсюджаных артыкулаў, што выкарыстоўваюць супрацоўнікі міліцыі супраць людзей, затрыманых паводле палітычных матываў.
"Сказалі, што я з хуліганскіх памкненняў размахвала рукамі, крычала і лаялася нецэнзурна. Віну я не прызнала, але мне прызначылі суткі ў той час, як алкаголікаў, якія збівалі сваіх жонак і маці, адпускалі дадому за дзве базавыя. Я не разумела, што адбываецца. Яшчэ я падпісала дакумент, што са мной праведзеная гутарка аб адказнасці за знаходжанне ў экстрэмісцкіх чатах і да таго падобнае".
"З моманту затрымання да першага кармлення ў ЦІПе прайшло двое сутак"
Раніцай затрыманых адвялі чакаць суд, які мусіў адбыцца праз скайп. Са словаў жанчыны, прыкладна за гадзіну-паўтары асудзілі больш за 20 чалавек. Пасля суда арыштантак, якім прызначылі адміністрацыйны арышт, перавялі ў ЦІП на Акрэсціна.
"У час прыёмкі ў ЦІП мяне адвялі да медработніцы. Яна запісала мае скаргі і хранічныя захворванні. Далей нас з яшчэ адной дзяўчынай адвялі ў асобны пакой, дзе супрацоўніца нас дагледзела (распрананне дагала, прысяданні), паводзіла сябе, на здзіўленне, ветліва, пасля чаго мяне адвялі ў камеру. Варта заўважыць, што з моманту затрымання да першага кармлення ў ЦІПе прайшло двое сутак, увесь гэты час я была без ежы і амаль без вады".
Крысціна, як і ўсе "палітычныя", трапіла ў жаночую камеру № 15 — па плошчы прыкладна 2,5 на 5 метраў.
"За перыяд знаходжання там было ад 10 да 18 чалавек, людзі выходзілі і прыходзілі, але ў сярэднім было 15 чалавек у асноўную частку тэрміну. Падчас сутак некаторых выклікалі на дадатковыя допыты, дзяўчаты казалі, што гэта прыходзілі КДБшнікі".
Праз перапоўненасць камер затрыманым даводзіцца спаць не толькі на металічных ложках, ад якіх застаюцца сінякі, але і на падлозе, пад сталом, на стале, на лаўцы. Крысціна адзначае, што тых дзяўчат, якія спалі на падлозе, кусалі блашчыцы, таму потым цела было ў чырвоных плямах ад алергіі на ўкусы.
"Дзяўчаты былі нават у шортах і топах"
Ужо некалькі гадоў, з 2020-га года, у часовых ізалятарах для палітычных арыштантаў уладамі створаныя спецыяльныя ўмовы: камеры перапоўненыя, матрацы і пасцельная бялізна не выдаюцца, перадачы ад блізкіх прымаюць рэдка, на прагулкі і ў душ не выводзяць. Таму мыцца даводзіцца ў ракавіне або з дапамогай пластыкавай бутэлькі.
Акрамя гэтага, палітычных будзяць а 2:00 і а 4:00 на "пераклічку". Пры гэтым святло ў камеры гарыць 24/7.
"Гэта адно з галоўных катаванняў. Адбой быў а 10-й. А 2-й і а 4-й гадзіне ночы нам грукалі нагой у дзверы і ўсім трэба было ўстаць на ногі, пасля чаго дзяжурны казаў па чарзе кожнай назваць прозвішча, імя і імя па бацьку. Пасля чаго можна было класціся зноў. Пад'ём а 6-й раніцы суправаджаўся таксама гучным грукатам нагой у жалезныя дзверы".
Паводле словаў Крысціны, за час яе арышту для затрыманых прымалі толькі пару майткоў і шкарпэтак, туалетную паперу, пракладкі, пасту, шчотку, мыла.
"У камеры ў нас было часцяком душна, акно было прыадчыненае, але гэта не дапамагала, пазней з пахаладаннем па начах станавілася вельмі холадна праз адчыненае акно. Адзення цёплага ў нас не было, бо многіх затрымалі, калі было яшчэ цёпла, дзяўчаты былі нават у шортах і топах. Тыя, хто выходзілі, пакідалі частку адзення ў камеры тым, каму больш патрэбна і выходзілі ў майках, калі былі ўпэўненыя, што іх дакладна выпусцяць і што іх сустрэнуць родныя".
У асноўным у затрыманых было дзве катэгорыі артыкулаў: 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) і 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Згодна з словамі жанчыны, тых, каго судзілі паводле "экстрэмісцкага" артыкула, адпускалі адразу, а тых, каго за "хуліганку", часта перазатрымлівалі паводле новых пратаколаў. Усім сукамерніцам Крысціны прызначалі ад 10 да 15 сутак арышту.
"На непрытомнасці рэагавалі скептычна"
Медычную дапамогу на Акрэсціна калі і аказваюць, то няякасную і несвоечасовую. Медперсанал часта ігнаруе скаргі арыштантаў, а лекавыя сродкі ад родных не перадаюць. Крысціна распавяла "Вясне", як уся камера перахварэла ротавіруснай інфекцыяй:
"Некаторыя дзяўчаткі гублялі прытомнасць, у іх была тэмпература. На непрытомнасці рэагавалі скептычна, адводзілі ўкалоць "трайчатку" і закідвалі іх бледных і з сінімі вуснамі назад. Ім дазвалялі ляжаць пад ложкам. Пры гэтым, у асноўны час да адбою нікому ляжаць нельга, і сядзець з заплюснутымі вачыма таксама, інакш пагражалі пакараннем — стаяць нейкую колькасць гадзінаў адносна "правіннасці" згодна з меркаваннем дзяжурнага. Адна дзяўчынка страціла прытомнасць пасля ўколу прама на калідоры. Яе груба паднялі і закінулі ў камеру проста да нас у рукі, балазе паспелі падхапіць".
Распарадак дня ў ЦІПе
"6:00 — пад'ём. Прыкладна а 7-й прыносілі гарбату і хлеб, батон. Пазней яшчэ кашу якую-небудзь: манка, аўсянка, грэчка, груца або што-небудзь незразумелае з сумесі розных каш. Але, у цэлым, ядома. Часам без солі, часам нармальна.
З 8-й гадзіны рабіў абыход лекар. Адна з іх не паказвала лекі і нават магла сказаць, што няма такога, хоць мы ведалі, што ёсць. Часам, калі пашанцуе, то сваякам удавалася перадаць гематаген — гэта было адзінае даступнае нам салодкае. Адна нам іх аддавала, а тая, што злосная — не.
Пасля абыходу лекара была штодзённая праверка камеры (шмон): нас выводзілі на калідор тварам да сценкі, рукі на сценку (лекі, таблеткі, кроплі для носа, інгаліпты — усё мусілі трымаць у руках, у камеры іх пакідаць было нельга, інакш выкінуць).
- Малюнак камеры, прадастаўлены Крысцінай
Супрацоўнікі заходзілі, выварочвалі ўсе з тумбачак і прастуквалі сцены, часам для прыколу раскідвалі пракладкі па ўсёй камеры. У гэты час рабілі пераклічку, называлі прозвішча і трэба было адказваць імя ды імя па бацьку (у гэты момант, калі камера адкрываецца, трэба ўставаць з рукамі за спінай). Пасля праверкі нас запускалі назад.
Прыкладна а 12-й гадзіне прыносілі хлеб і батон: прыкладна 1 бохан на 8-10 чалавек, па кавалку хлеба і па кавалку батона на кожную. Хлеба было дастаткова, часта нават заставаўся лішні.
На абед прыносілі суп, часцей за ўсё нармальны. Папіць давалі кампот з сухафруктаў або кісель. Пасля мы мылі талерку ад супу і туды нам накладвалі другое — гарнір і катлету свіную або курыную, а па пятніцах нават пячоначную, і нешта з гародніны. На вячэру давалі катлету з гарнірам таксама, толькі без пітва.
Ваду пілі з-пад крана, хлараваная вядома, але ніхто не памёр. Увогуле, кармілі ніштавата, з майго вопыту лепш, чым у лякарнях. Раздатчыкамі часта былі самі дзяжурныя, часам была і сама раздатчыца, але гэта хутчэй рэдкасць".