17.10.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, праваабаронцы, заявы Заява праваабарончага цэнтру "Вясна"
17 кастрычніка 2024 г.
15 кастрычніка 2024 года Гомельскім абласным судом па выніках закрытага судовага пасяджэння вынесены завочны прысуд у дачыненні да праваабаронцы "Вясны" Алены Маслюковай. Паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса паводле абвінавачвання ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, у тым ліку паўторна, праваабаронцы прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады.
У гэтай сувязі мы, сябры ПЦ "Вясна", заяўляем наступнае:
Няспынныя выпадкі адвольнага крымінальнага пераследу праваабаронцаў і грамадзянскіх актывістаў з'яўляюцца ганебнай практыкай, узятай на ўзбраенне кіруючым рэжымам у Беларусі ў спробах заглушыць незалежныя галасы ў абарону правоў чалавека і асноўных свабод. Выступ з легітымнымі мэтамі на публічных пляцоўках і ў беларускіх незалежных медыя з'яўляецца цалкам легальным. Гэтая дзейнасць павінна заахвочвацца і абараняцца як любая легітымная дзейнасць па абароне і прасоўванні правоў чалавека. На гэтыя ацэнкі ніяк не ўплывае факт адвольнага прызнання ўладамі шэрагу медыярэсурсаў экстрэмісцкімі.
Больш за тое, формай пераследу абрана так званая спецыяльная вытворчасць у крымінальным працэсе, якая пазбаўляе абвінавачаных шэрагу базавых працэсуальных гарантый – ад права ведаць сутнасць абвінавачвання, мець магчымасць абараняць сябе, да магчымасці атрымаць копію прысуду і абскардзіць прысуд у вышэйшым судзе.
Менш за год таму, выступаючы ў Нью-Ёрку на цырымоніі ўручэння "Вясне" прэміі ААН у галіне правоў чалавека, дзе "Вясну" прадстаўляла Алена Маслюкова, Генеральны сакратар Антоніу Гутэрыш падкрэсліў: праваабаронцы "мяняюць жыццё: яны змагаюцца, яны адукоўваюць, яны прыцягваюць улады да адказнасці, каб зрабіць правы чалавека жывой рэальнасцю, якая дыхае. Гэта вельмі небяспечная праца". Падзяляючы гэтыя ацэнкі, мы абураныя тым, што нягледзячы на цалкам мірны характар дзейнасці беларускіх праваабаронцаў, кіруючы ў Беларусі рэжым усё далей адыходзіць ад цывілізаваных агульнапрынятых стандартаў у галіне правоў чалавека, паслядоўна руйнуючы перспектывы грамадзянскага прымірэння, аддаляючы магчымасць аднаўлення дэмакратычных прынцыпаў і вяршэнства права.
Мы нагадваем пра непазбежную адказнасць вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасці, якія здзяйсняюцца ў Беларусі супраць мірнага насельніцтва, у тым ліку наўмыснага і сур'ёзнага пазбаўлення асноўных правоў насуперак міжнароднаму праву па прыкмеце прыналежнасці да той ці іншай групы або супольнасці – злачынствы супраць чалавечнасці ў форме пераследу разам з іншымі спадарожнымі дзеяннямі, як гэта ўстаноўлена ў дакладзе Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека "Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх", і патрабуем:
- адмяніць прысуд і спыніць крымінальны пераслед праваабаронцы Алены Маслюковай;
- спыніць крымінальны пераслед праваабаронцаў за рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў і дзейнасць у абарону правоў і свабод;
- прывесці антыэкстрэмісцкае і крымінальна-працэсуальнае заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі ў галіне правоў чалавека.
Крыніца: "Вясна": Патрабуем спыніць крымінальны пераслед праваабаронцы Алены Маслюковай