18.10.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 16-18 кастрычніка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
КДБ ладзіць шырокія рэпрэсіі па ініцыятывах знутры Беларусі — людзям пагражаюць крымінальнымі справамі, калі пра гэта даведаюцца СМІ і праваабаронцы
Праваабаронцам вядома, што ў апошні месяц КДБ "выклікае на размовы" і затрымлівае людзей, якія маюць дачыненне да розных ініцыятыў і праектаў, якія легальна працуюць у Беларусі. Гэта адбываецца ў розных кутках краіны і з праектамі рознай накіраванасці.
Адным з фактараў, што аб'ядноўвае ўсе гэтыя кейсы, з'яўляецца тое, што сілавікі хочуць схаваць рэпрэсіі ад грамадства — людзям пагражаюць, што калі інфармацыі пра пераслед трапіць да праваабаронцаў і СМІ, то ў дачыненні да іх будуць распачатыя крымінальныя справы.
Праваабаронцы маюць спіс арганізацый і праектаў, якія патрапілі пад рэпрэсіі КДБ, але не публікуюць яго ў мэтах бяспекі.
Сайт bellit.infо, які з’яўляецца праектам Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў, ад сённяшняга дня перастаў адкрывацца на тэрыторыі Беларусі
"На дадзены момант наш сайт перастаў адкрывацца на тэрыторыі Беларусі. Але хутка мы зможам прапанаваць спосаб бяспечна чытаць яго з нашай краіны. А пакуль прапануем чытачам з Беларусі выкарыстоўваць VPN альбо заставацца на сувязі ў сацыяльных сетках", — паведаміў 16 кастрычніка тэлеграм-канал ініцыятывы.
У Рэчыцы ўлады "павіншавалі" жанчын з Днём маці — як мінімум 7 мясцовых жыхарак асудзілі за "распаўсюд экстрэмізму"
Пра гэта паведаміла 16 кастрычніка "Гомельская Вясна".
У Дзень маці, 14 кастрычніка, паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) асудзілі Святлану Гапоненка, Ганну Мацюшэнка, Яну Мацюшэнка, Анастасію Сауліч, Галіну Трухтову, Юлію Чыжэўскую і Лізавету Мікалайчык. Справы першых шасці жанчын разглядаў суддзя Генадзь Шэвель, справу Мікалайчык — Станіслаў Іванюценка.
На прадпрыемствах Гродзенскай вобласці людзей прымушаюць насіць чырвона-зялёны значак — інакш пагражаюць пазбавіць прэміі
Пра гэта паведаміў 16 кастрычніка тэлеграм-канал "Суды, задержания. Гродно и область".
Сцвярджаецца, што гэта адбываецца на некаторых прадпрыемствах вобласці. Таксама людзей прымушаюць клеіць налепкі з чырвона-зялёным сцягам і гербам на чахол тэлефонаў. Калі гэта не зрабіць — пагражаюць пазбавіць прэміі.