22.10.2024 Тэгі: суды, палітвязні, ціск, рэпрэсіі Як вынікае з судовага раскладу на сайце Вярхоўнага суда, судзіць Вікторыю Кульшу пачнуць 28 кастрычніка ў судзе Рэчыцкага раёна. Жанчыну ў трэці раз абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Справу будзе разглядаць суддзя Станіслаў Іванюценка, які 15 кастрычніка па гэтым жа артыкуле дадаў год калоніі палітзняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк.
Палітзняволеную інжынерку па ахове працы затрымалі 4 лістапада 2020 года за тое, што яна адміністравала тэлеграм-канал і чат "Кіроўцы 97%". Яе абвінавацілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). У лютым 2021 года Вікторыю асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі і накіравалі адбываць тэрмін у гомельскую жаночую калонію № 4.
Пазней Вікторыю двойчы асудзілі паводле ч. 1 арт. 411 КК і прызначылі ёй агулам два гады пазбаўлення волі. Увесь час у зняволенні на жанчыну аказваецца ціск. Яе неаднаразова змяшчалі ў штрыфны ізалятар і ПКТ. Па інфармацыі праваабаронцаў, у зарэчанскай калоніі № 24 адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю логцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Праз галадоўкі ў яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.
Напачатку лютага 2024 года стала вядома, што супраць Вікторыі ўзбудзілі трэцюю запар крымінальную справу за "непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі" па арт. 411 КК.
Храналогія пераследу Вікторыі:
У Мінску трох адміністратараў каналу "Кіроўцы 97%" адправілі ў калонію
Палітзняволеную Вікторыю Кульшу ў калоніі асудзілі да яшчэ аднаго году зняволення
«Падкінулі таблеткі і сказалі, што павесяць на яе артыкул за "абарот наркатычных сродкаў"»: як улады пераследуюць палітзняволеную Вікторыю Кульшу
"Лісты знішчаюць па акце, бо яны нібыта напісаны тайнапісам". Як у жаночай калоніі ў Зарэччы здзекуюцца з палітзняволеных
Палітзняволенай Вікторыі Кульшы ў трэці раз дадалі тэрмін па крымінальнай справе
Крыніца: Вікторыю Кульшу ў трэці раз будуць судзіць за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі"