23.10.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У Мінскім гарадскім судзе 23 кастрычніка распачаўся суд над 54-гадовым жыхаром Мінскага раёна Андрэм Савіцкім. Яго абвінавачваюць у "адмаўленні генацыду беларускага народа" (ч. 1 арт. 130-2 КК) і "абразе" Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) у "Аднакласніках". Першы суд у Беларусі за "адмаўленне генацыду" даручылі весці суддзі Яўгену Пісарэвічу, які неаднаразова разглядаў палітычна матываваныя справы. Працэс адбываецца ў адкрытым рэжыме.
Згодна версіі абвінавачвання, з кастрычніка 2020 года па лістапад 2023 года Андрэй Савіцкі "адміністраваў у "Аднакласніках" адкрытую групу. Там ён размясціў некалькі публікацый з "негатыўнай ацэнкай Лукашэнкі", а таксама публікацыю, у якой "адмаўляў масавае знішчэнне вайскоўцамі 118-га шуцманшафт-батальёна ахоўнай паліцыі і асаблівага батальёна СС О.Дырлевангера мірных жыхароў вёскі Хатынь у выніку карнай аперацыі 22 сакавіка 1943 года".
Вядома, што мужчыну затрымалі ў сакавіку і змясцілі пад варту. Затрыманне ажыццяўлялі супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа.
"У сваіх публікацыях фігурант адмаўляў генацыд беларускага народа з боку нямецкіх захопнікаў падчас Вялікай Айчыннай вайны, рэабілітуючы фашыстаў і прыпісваючы савецкім грамадзянам злачынствы, учыненыя акупантамі", — сцвярджаў МУС пасля затрымання.
Нагадаем, Закон "Аб генацыдзе беларускага народа" Лукашэнка падпісаў 5 студзеня 2022 года. Абвінавачаных прапануецца караць пазбаўленнем волі тэрмінам да пяці год.
"Такія абмежаванні недапушчальныя". Павел Сапелка каментуе адказанасць за "адмаўленне генацыду беларускага народа"
Крыніца: 54-гадовага жыхара Міншчыны судзяць за "адмаўленне генацыду беларускага народа"