25.10.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства У Брэсцкім абласным судзе 24 кастрычніка распачаўся суд над мужам і жонкай з Баранавіч — Уладзіславам і Таццянай Кашчэевымі. Іх абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве). Працэс у закрытым рэжыме вядзе суддзя Дзмітрый Карасінскі. Абставіны справы праваабаронцам невядомыя. Уладзіславу і Таццяне пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.
"Вясна" знайшла ў сацсетках старонкі Уладзіслава і Таццяны. Інфармацыі пра сям'ю няшмат. Вядома, што мужчыне — 49 гадоў, жанчыне — 44. Сям'я жыве ў Баранавічах. У іх двое дзяцей, малодшы сын яшчэ непаўнагадовы.
Як паведамілі "Вясне" ў арганізацыі BELPOL, Таццяна некаторы час да 2005 года працавала на "558 авіацыйным рамонтным заводзе" тэхнікам па працы. Уладзіслаў — вайсковец. Да 2019 года працаваў на "61-й знішчальнай авіябазе ў Баранавічах" (в/ч 54804).
Дакладна невядома, што ставіцца ў віну Кашчэевым. Верагодна, іх утрымліваюць пад вартай, бо апошняя іх актыўнаўсць у сацсетках была ў 2023 годзе.
Калі вам вядомыя падрабязнасці гэтай справы, паведаміце, калі ласка, праваабаронцам праз тэлеграм @Viasnainfo
Крыніца: У Брэсце за "здраду дзяржаве" судзяць мужа і жонку з Баранавіч