28.10.2024 Тэгі: умовы ўтрымання, пенітэнцыярная сістэма, гісторыі вязняў Былы гомельскі палітзняволены Дзмітрый Канеўскі пасля адбыцця пакарання, вынесенага ўсяго толькі за адзін каментар ў телеграм-чаце "Гомель Савецкі 97", мог ізноў патрапіць пад крымінальны артыкул. Ён вырашыў больш не выпрабоўваць лёс і з’ехаў з Беларусі. Дзмітрый пагадзіўся распавесці "Вясне" пра свой пераслед і ўмовы адбыцця пакарання ў папраўчай калоніі № 22 у Івацэвічах.
Пасля затрымання ў жніўні 2020 года ягонай маці Таццяны Канееўскай, вядомай гомельскай актывісткі і на той час даверанай асобы кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, а зараз палітзняволенай, а таксама пераследу ягоных сяброў, Дзмітрый не вытрымаў. У адным з чатаў ён эмацыйна выказаўся пра усё, што думаў пра падзеі 2020 года, у тым ліку і пра дзеянні сілавікоў.
– 16 студзеня 2021 года мяне затрымлівала адразу каля пяцёра сілавікоў, яны адвезлі мяне ў ГУБАЗіК, дзе выпісалі афіцыйнае папярэджанне і адпусцілі дадому. Але ўжо праз 10 дзён за мной прыехалі зноў і на гэты раз адвезлі ва ўпраўленне Следчага камітэту. Мой каментар паслужыў падставай абвінаваціць мяне ў “наўмысных дзеяннях, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці” паводле арт.130, ч. 1 Крымінальнага кодэкса. А да гэтага сёмага траўня на плошчы Леніна мяне затрымалі за нібыта актыўны ўдзел у несанкцыянаваным пікеце і 2 чэрвеня 2020 года суддзя Віктар Казачок пакараў мяне адміністрацыйным штрафам, – распавядае Дзмітрый.
Амаль восем месяцаў да суда Канеўскага ўтрымлівалі ў Гомельскім СІЗА ў жахлівых умовах: абшарпаныя сцены, холад, бруд і смурод:
– У СІЗА ёсць і новы корпус, але я там прабыў усяго адзін тыдзень. А потым ізноў у стары корпус, дзе сапраўды быў суцэльны кашмар. Там каралі нават за тое, што, седзячы на ложку, я падціскаў пад сябе ногі, каб такім чынам крыху сагрэцца. Прыкладна восем месяцаў я правёў там, а потым яшчэ чакаў каля месяца этапавання ў калонію.
За “экстрэмісцкі” каментар сыну палітзняволенай Таццяны Канеўскай прысудзілі тры гады калоніі
"Хто тут з вас сын падзельніцы Святланы Ціханоўскай?"
17 чэрвеня 2021 года суддзя Гомельскага абласнога суда Руслан Царук прысудзіў Дзмітрыю Канеўскаму тры гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Дзмітрыя Канеўскага этапавалі ў Івацэвічскую калонію №22, дзе ён адбываў пакаранне ад званка да званка ўсе тры гады.
– Як толькі нас прывезлі туды, першы, хто са мной “павітаўся” – начальнік рэжымнага аддзела маёр Юрый Молаш. Зайшоў разам з кантралёрамі, запытаўся: хто тут з вас сын падзельніцы Ціханоўскай? Затым адвялі ў асобны кабінет, дзе “добра “паразмаўлялі” і адтуль адразу на 20 сутак адправілі ў ШЫЗА. Я нават не паспеў пераапрануцца. Такі ў мяне быў карантын. Там самае цяжкае было знаходзіцца ў адзіночнай камеры і нічога не ведаць. Бетонныя сцены, ні матраса, ні коўдры. А замест падушкі – рулон туалетнай паперы. Калі з ШЫЗА падняўся ў атрад, мяне проста сходу сустрэлі пытаннем: “Дык гэта сын Канеўскай?” Думаў, вось зараз пачнуцца праблемы, але было нааадварот, дапамагалі ва ўсім, – прыгадвае турэмныя будні Дзмітрый.
Увогуле, прэсінг у дачыненні да сябе я адчуваў кожны дзень. За любую драбязу і правіну адразу складалі рапарт. Напрыклад, у мяне ў торбе ляжыць 15 вафелек. Узяў адну, а ў вопісу не паспеў пазначыць, што іх ужо 14. І гэтага дастаткова для рапарта і спагнання. Ну і ў штрафны ізалятар ізноў. Атрымалася, што за ўвесь тэрмін я ў атрадзе быў можа год. Астатні час альбо ПКТ (памяшканне камернага тыпу) альбо ШІЗА. У калоніі ў мяне вельмі моцна сеў зрок, пачаліся праблемы з зубамі, ну і неаднаразовыя “размовы” з Молашам на “фізічнай” мове таксама здароўя не прыбаўлялі.
"Націраў форму для супрацоўнікаў МУС, якую шылі на “промцы” шклаватай"
Дзмітрыя накіравалі на працу ў швейны цэх, дзе выраблялі вопратку, у тым ліку і форму для супрацоўнікаў МУС. За такую працу ў месяц на рукі атрымліваў рублёў пяць, астатняе вылічвалі. Грашовая норма па атаварцы была як і ў іншых злосных парушальнікаў рэжыму: усяго адна базавая велічыня на месяц.
– Аднойчы надарылася магчымасць і я цэлую партыю гэтага адзення, можа камплектаў 150, пад пахамі нацёр шкловатай, каб ім муляла ўвесь час.
Адбыўшы тэрмін цалкам, я выйшаў на волю ў кастрычніку 2023 года, дзе мяне адразу паставілі на прафілактычны ўлік, тройчы на тыдзень мне даводзілася прыходзіць у аддзел і адзначацца. У прымусовым парадку прымушалі хадзіць на грамадскія працы. Калі не прыйдзеш – гэта ўжо парушэнне, і могуць даць штраф альбо суткі. І вось за некаторы час у мяне іх назбіралася калі 18. Тады перадалі рапарты ў Следчы камітэт. Мне пагражала новая крыміналка за “злоснае ўхіленне ад правядзення выхаваўчых работ па прафілактыцы экстрэмізму”. Нічога не заставалася рабіць, каб з’ехаць з Беларусі. Выбару ў мяне больш не заставалася. А ў Беларусі мяне абвясцілі ў вышук. Паколькі раней я некалькі год працаваў у Польшы, ведаў ужо мову, таму і вярнуўся туды.
Ягоная маці Таццяна Канеўская, якой прысудзілі шэсць год калоніі ўзмоцненага рэжыму, дагэтуль адбывае пакаранне ў магілёўскай Турме №4.
Адкрыты збор сродкаў на дапамогу былому палітвязню Дзмітрыю Канеўскаму ў эміграцыі.
Крыніца: Дзмітрый Канеўскі: "Прэсінг у дачыненні да сябе ў калоніі я адчуваў штодня"