27.10.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, пераслед, экстрэмізм У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 23 і 24 кастрычніка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У "спіс тэрарыстаў" дадалі 20 "аналітыкаў Ціханоўскай"
Камітэт дзяржаўнай бяспекі 25 кастрычніка абнавіў спіс "асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці" — акрамя "аналітыкаў Ціханоўскай" там з'явіліся прозвішчы яшчэ траіх чалавек.Сярод іх Аляксандр Залатарэвіч, Віталь Саўко і Людміла Дэйнэка.
Цяпер у "тэрарыстычным спісе" 1193 чалавекі.
"Белыя крылы Барановичи" прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем"
25 кастрычніка МУС унёс у "спіс экстрэмісцкіх фармаванняў" тэлеграм-канал і -чат "Белыя крылы Барановичи". Датычнай называецца 29-гадовая Вольга Нікалаева.
У Беларусі па рашэннях МУС і КДБ агулам прызнаныя 243 "экстрэмісцкія фармаванні".
У Брэсце затрымалі мужчыну за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе
25 кастрычніка праўладны тг-канал апублікаваў "пакаяльнае відэа" з затрыманым, які кажа, што "перакрываў вуліцу лаўкай" і "разбіраў брукаванку і кідаў у супрацоўнікаў міліцыі". Яму пагражаюць крымінальнай справай паводле арт. 293 КК (масавыя беспарадкі).
Мужчыну затрымлівалі як мінімум пяць сілавікоў у поўнай амуніцыі.
Сілавікі затрымалі футбольнага заўзятара за татуіроўку ACAB
У "пакаяльным відэа" затрыманы кажа, што раней быў у складзе групы футбольных заўзятараў "Дынама Мінск". Інфармацыя пра яго затрыманне з'явілася 25 кастрычніка.
Мужчына раней быў судзімы за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане, за ўгон аўтамабіля і за крадзеж. Ён на камеру абяцае цягам месяца звесці татуіроўку і "выправіцца". У апісанні пад відэа паведамляецца, што яго чакаюць 15 сутак арышту.