30.10.2024 Тэгі: адміністратыўны пераслед, пераслед, экстрэмізм У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 30 кастрычніка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

70-гадовага былога палітвязня будуць судзіць за «распаўсюд экстрэмізму»

patapau.png

Аляксандр Патапаў з вёсцы Хатоля Віцебскай вобласці быў затрыманы напрыканцы жніўня 2022 года ў межах крымінальнай справы за абразу Лукашэнкі ў каментарах у «Аднакласніках».

Мужчына паходзіць з Украіны. Падчас ракетнага абстрэлу Кіева загінула пляменніца Аляксандра, а ейная трохгадовая дачка была сур'ёзна параненая. Пасля гэтага, знаходзячыся пад уплывам эмоцый, 8 і 16 ліпеня 2022 года Патапаў размясціў у сацыяльнай сетцы два каментары, якія экспертыза палічыла «абразлівымі». Пазней мужчыну асудзілі да 2 гадоў калоніі.

Пенсіянер вызваліўся гэтай вясной, цалкам адбыўшы тэрмін.

Заўтра Патапава будуць судзіць у судзе Віцебскага раёна. Цяпер мужчыну абвінавачваюць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Судзіць будзе Міхаіл Зубеня.

Журналіста Ігара Ільяша перавялі ў СІЗА ў Калядзічы 

Ігар Ільяш. Фота

З гэтага вынікае, што яму афіцыйна прад’яўлена крымінальнае абвінавачанне, піша "БАЖ". У відэароліку, апублікаваным пасля затрымання, журналіст кажа, што яго пераследуюць за інтэрв’ю медыям, прызнаным беларускімі ўладамі "экстрэмісцкімі фармаваннямі".

Нагадаем, пра затрыманне Ігара Ільяша стала вядома 22 кастрычніка. Праўладныя тэлеграм-каналы пісалі, што Ільяш займаўся «садзейнічаннем экстрэмісцкім фармаванням» — даваў інтэрв'ю незалежным СМІ, а таксама нібыта «займаўся зборам звестак для замежных разведак» — даваў каментары ўкраінскім выданням.

Жонка Ігара — палітзняволеная журналістка Кацярына Бахвалава.

У Брэсце чыноўнікі забаранілі Хэлоўін ва ўстановах грамадскага харчавання

Як піша BGmedia, напярэдадні ў гастранамічныя ўстановы Брэста прыйшлі з праверкамі.

"Так, атрымалі ўсе п***ы за афармленне. Ніякіх згадак свята, жахаў і тэматычных гарбузоў. "Медузе" на Савецкай прыгразілі закрыццём за грандыёзную вечарынку — прыйшлося адмяніць".

Гэтыя адныя пацвердзіла яшчэ адна супрацоўніца пункту грамадскага харчавання. Паводле яе, нейкія людзі прыходзілі ва ўстанову і сказалі прыбраць гарбузы, не ўпрыгожваць памяшканне і гэтак далей.

"Самае цікавае, што я літаральна на днях была ў краме адзення і там усё было ўпрыгожана да Хэлоўіна. Магчыма, забарона закранула толькі кропкі грамадскага харчавання — хадзілі з праверкамі і я ведаю, што па шапках давалі за звычайныя гарбузы. Праўда, у некаторых кавярнях яны да гэтага часу стаяць на тэрасах".

У Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі TikTok-старонку Славы Камісаранкі і сайт «s13.ru — Навіны Гродна»

Таксама ў «экстрэмісцкі спіс» трапілі старонкі ў Instagram «БЛАГОДIЙНИЙ ФОНД «ВIЛЬНА БIЛОРУСЬ», «Борисов», Telegram-каналы «ꑭ ᴠᴀʟʜöʟʟ ✙», «s13.ru — Новости Гродно», старонкі ў TikTok «Egor», «a_ivulin» «palatnomedia», «mini_pravda», «sti____o», «nevybory», «freedomby2020», «yuratestuchkaite», «nas97a».

Адзначым, што на старонку Камісаранкі ў TikTok падпісаныя 1,3 млн чалавек.

Крыніца: Самы папулярны гродзенскі сайт прызнаны "экстрэмісцкім". Хроніка рэпрэсій 30 кастрычніка Дапоўнена