“Нас кармілі аўсянкай і хлебнымі катлетамі з пахам сапсаванага мяса, а па чацьвяргам у хлебных катлетах трапляліся рыбныя косткі, - распавяла сайту “Берасцейская Вясна” аб сваім 15 суткавым арышце грамадзкая актывістка Наталля Папкова.
Яна два дні таму вярнулася з Менску, дзе адбывала пакаранне ў ЦІПе на Акрэсціна і апісала ўмовы ўтрымання.
“У камеры была чырвоная кнопка дзеля выкліку персаналу. Калі вязні на яе націскалі, іх за гэта каралі: забіралі матрацы, або не выводзілі на шпацыр. Таму вязні давалі знаць аб сваіх патрэбах “нагамі ў дзверы”. Самі шконкі, на якіх мы спалі, былі зроблены з металічных палос, таму, калі матрацы забіралі - сядзець на іх было немагчыма, заставаліся балючыя палосы.
Матрацы былі тонкія і смярдзючыя, бялізну за 15 сутак не памянялі ніводнага разу. Я 4 разы пісала заяву на душ, але так ні разу туды не патрапіла.
Тамтэйшая доктарка крыўдавала, калі ёй нагадвалі аб “Клятве Гіпакрата”, бо са мной у камеры знаходзілася 45-гадовая жанчына, якая захварэла на «вятранку» і моцна чухалася.
14 траўня ў камеру разлічаную на 4 асобы, змясцілі яшчэ 8 чалавек. Разам нас было 12 да 1-ай гадзіны начы 15 траўня, пасля чаго частку вывелі. Нас засталося 6 чалавек. 2 жанчыны спалі на падлозе без матрацаў і бялізны…"
Па вяртанні ў Берасце, сястра расказала Наталлі Папковай, што ад 19 красавіка, пасля суда, па 1 траўня пад вокнамі іх кватэры дзяжурыла кругласуткавая варта. Знікла, 1 траўня, калі Наталлю затрымалі ў Менску.
Крыніца: Наталля Папкова: Нас кармілі аўсянкай і хлебнымі катлетамі з пахам сапсаванага мяса