31.10.2024 Тэгі: рэпрэсіі, права на абарону, адвакатура, зборныя матэрыялы Банер, прысвечаны Макіму Знаку ў Вільні на вуліцы Міндаўга, 16 Ад пачатку масавых рэпрэсій 2020 года пад пераслед патрапілі дзесяткі тысяч беларусаў. Найбольш адчувальны ўдар улады наносілі па журналістах, праваабаронцах і адвакатах. З восені 2020 года беларускія ўлады адвольна арыштавалі сама меней 23 адвакатаў, а потым выкарыстоўвалі гэтыя арышты як падставу, каб адхіліць іх ад прадстаўлення інтарэсаў сваіх кліентаў у палітычна матываваных справах і адклікаць у іх ліцэнзіі.  За гэты час крымінальнаму пераследу падвергліся 11 абаронцаў, з якіх шасцёра і дагэтуль знаходзяцца за кратамі. Па інфармацыі ініцыятывы “Права на абарону” больш за 140 адвакатаў былі пазбаўлены ліцэнзій, амаль тры сотні былі вымушаныя самі сыйсці з прафесіі.

Праваабаронцы адзначаюць, што масавы пераслед адвакатаў паводле адміністрацыйных і крымінальных справаў пачаўся ў другой палове 2022 года. Супраць адвакатаў узбуджаліся крымінальныя справы за "зліў дадзеных сілавікоў" паводле арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), за ўдзел у Маршах пратэсту паводле арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), за "заклікі да санкцый" паводле арт. 361 КК, за "сайдзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" паводле арт. 361-4 КК, за "разгалошванне дадзеных" паводле арт. 407 КК.

advakaty-kalash-2024.jpg
Максім Знак, Віталь Брагінец, Аляксандр Данілевіч, Анастасія Лазарэнка, Аляксей Бародка, Юлія Юргілевіч. Фотакалаж spring96.org

Палітзняволеныя адвакаты, якія застаюцца за кратамі

Максім Знак 

Сярод шасці палітзняволеных адвакатаў найбольшы тэрмін прысудзілі Максіму Знаку. Ён таксама быў першым, каго затрымалі ў 2020 годзе. Знак быў затрыманы па "справе Каардынацыйнай Рады" 9 верасня 2020 года. 21 снежня стала вядома, што па паручэнні Генпракуратуры Следчы камітэт распачаў крымінальную справу аб змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам (частка 1 артыкула 357 КК) супраць членаў Каардынацыйнай рады. Таксама Максім Знак стаў фігурантам крымінальнай справы аб стварэнні экстрэмісцкага фарміравання (артыкул 361-1 КК), узбуджанай супраць Каардынацыйнай рады.

11 лютага стала вядома, што Максіму Знаку і Марыі Калеснікавай выставілі новыя абвінавачванні: змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК), стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтве ім (ч.1 арт. 361-1 КК).

 А 6 верасня 2021 Мінскі абласны суд ў закрытым рэжыме пасля месяцу разгляду крымінальнай справы вынес прысуд Максіму Знаку і Марыі Калеснікавай, затрыманай разам з ім.  Суддзя Сяргей Епіхаў прызнаў іх вінаватымі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі), ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім) і асудзіў Максіма Знака да 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а Марыю – да 11 гадоў пазбаўлення волі. 

Віталь Брагінец

23 траўня 2022 года быў затрыманы адвакат Віталь Брагінцец. Сярод яго падабаронных – старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі. Брагінца двойчы арыштоўвалі на 15 сутак, а потым затрымалі па крымінальнай справе за ўдзел у пратэстах паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

У Мінскім гарадскім судзе 2 лютага 2023 агучылі прысуд адвакату: восем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Канчатковае абвінавачанне было прад’яўленае паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый), ч.1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел ў ім) і ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Справу два тыдні ў закрытым рэжыме разглядала суддзя Алена Ананіч.  У чэрвені 2023 года стала вядома, што Віталя накіравалі адбываць пакаранне ў ПК № 17. Тады ж МУС унесла палітвязня ў "спіс экстрэмістаў".

Аляксандр Данілевіч 

20 траўня 2022 года ў межах крымінальнай справы затрымалі адваката Аляксандра Данілевіча. Незадоўга да затрымання ён падпісаў антываенны зварот адвакатаў і юрыстаў, якія асуджалі ваенныя дзеянні расейскіх войскаў ва Украіне і заклікалі спыніць агрэсію. Спачатку Данілевіча абвінавачвалі толькі паводле ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса, а ўжо пазней яму дадалі ч. 1 арт. 361-4 КК.

На пачатку студзеня 2023 года матэрыялы справы перадалі пракурору для накіравання ў суд. Паводле следства, Данілевіч заклікаў да санкцый у дачыненні да беларускага спорту і займаўся "дыскрэдытацыяй айчынных прадпрыемстваў перад замежнымі партнёрамі". Дзеянні палітзняволенага адваката кваліфікавалі паводле ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 361 КК (дапамаганне ў закліках да мер абмежавальнага характару) і ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Працэс над ім распачаўся 10 сакавіка 2023 г. у Мінгарсудзе. Аляксандр віну не прызнаў і настойваў, што выконваў свае прафесійныя абавязкі.  Пракурорка Таццяна Цыбуля запатрабавала для адваката 10 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Менавіта такое пакаранне 10 красавіка 2023 г. прызначыла Аляксандру Данілевічу суддзя Таццяна Фалькоўская. Аднак пасля разгляду апеляцыйнай скаргі ў Вярхоўным судзе тэрмін быў зменшаны да шасці гадоў калоніі. У верасні 2023 г. Аляксандра перавялі з СІЗА-1 спачатку ў ПК № 3, але пасля перавялі яшчэ раз, у ПК № 17. 

Анастасія Лазарэнка 

Адвакатку Анастасію Лазарэнку затрымалі 2 чэрвеня 2022 года, праз два дні пасля яе 40-годдзя. Сілавікі прыехалі да жанчыны з аўтаматамі і ў бронекамізэльках, яны залезлі ў вокны і выламалі дзверы. Супраць яе ўзбудзілі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса за "перадачу дадзеных сілавікоў і суддзяў у тэлеграм-каналы".

У Мінскім гарадскім судзе 11 траўня 2023 г. суддзя Святлана Чарапанава асудзіла палітзняволеную адвакатку Анастасію Лазарэнку да шасці гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.  Сваю віну Лазарэнка на судзе не прызнала.

10 лістапада 2023 года Анастасія ўнесена МУС у "спіс экстрэмістаў", а 28 лістапада ў "спіс тэрарыстаў". У пачатку лістапада 2023 г. пераведзена з СІЗА №1 у ПК № 4. 

Юлія Юргілевіч

30 жніўня па вяртанні ў Беларусь з Польшчы была затрыманая гродзенская адвакатка Юлія Юргілевіч. Яна працавала адвакаткай амаль 18 гадоў. Яна абараняла ў судзе палітвязняў мастака Алеся Пушкіна, студэнта Арцёма Баярскага, музыку Ігара Банцэра, сына святара Андрэя Аўсіевіча. 23 лютага 2022 года яе выключылі са складу Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў за "сістэматычныя парушэнні заканадаўства". Адвакатка ў лютым з'ехала з Беларусі, але вярнулася ў Гродна, дзе і была затрыманая.

10 ліпеня 2023 года ў Гродзенскім абласным судзе над ёй і журналістам Паўлам Мажэйкам пачаўся судовы працэс. Іх абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 361-4 КК за "іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, учыненае паўторна, групай асоб па папярэдняй змове". Справу разглядаў суддзя Максім Філатаў. 26 ліпеня 2023 ггода ім прысудзілі па 6 гадоў калоніі, Юліі — агульнага рэжыму, Паўлу — узмоцненага. Справу разглядаў суддзя Максім Філатаў. Павел і Юлія не прызналі віну.

У лістападзе 2023 г. Юлія была пераведзеная з СІЗА-1 ў ПК № 4.  17 лістапада ўнесена МУС у "Спіс экстрэмістаў".

Аляксей Бародка

Апошні з асуджаных адвакатаў – Аляксей Бародка. Быў затрыманы напрыканцы студзеня 2023 года. Спачатку Аляксей арыштавалі на 15 сутак паводле адміністрацыйнага пратакола, а потым перазатрымалі ў межах крымінальнай справы.

15 траўня 2023 году Аляксея пачалі судзіць. Ягоную справу ў Мінскім гарадскім судзе разглядала суддзя Таццяна Фалькоўская. Аляксея абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і асудзілі на шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прозвішча Бародкі ўнесенае ў "спіс тэрарыстаў" і “асоб датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”.

Па стане на кастрычнік 2024 года выйшлі на волю пасля адбыцця пакарання, ці з’ехалі ад крымінальнага пераследу з Беларусі наступныя адвакаты: Андрэй АбразцоўМіхаіл Макараў, Андрэй Мачалаў, Дзмітрый Пігуль і Ілля Салей, які пазбегнуў суда, з'ехаўшы з краіны.

Пазбаўленне ліцэнзій – элемент застрашэння адвакацкай супольнасці

У перыяд з 2022 год 141 адвакат па рашэнні Кваліфікацыйных камісій па пытаннях адвакацкай дзейнасці быў пазбаўлены ліцэнзіі.

Толькі некалькі фактаў:  Як стала вядома праекту "Права на абарону", два адвакаты, якія ўдзельнічалі ў палітычных матываваных працэсах былі выкліканыя ў Кваліфікацыйную камісію першага снежня 2022 года. Гэта Уладзімір Пыльчанка і Віктар Мацкевіч. Уладзімір Пыльчанка з'яўляўся адвакатам палітзняволеных Марыі Калеснікавай, Эдуарда Бабарыкі, Ірыны Слаўнікавай, Кацярыны Бахвалавай, Лявона Халатрана і іншых. Віктар Мацкевіч з'яўляўся адвакатам Сяргея Ціханоўскага, Ігара Аліневіча, Акіхіра Гаеўскага-Ханада, Яўгена Юшкевіча, Віктара Бабарыкі, Алеся Бяляцкага. Па выніку іх пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі.

14 снежня 2022 года Мінюст правёў кваліфікацыйную камісію па пытаннях адвакацкай дзейнасці, дзе пазбавіў ліцэнзіі 14 адвакатаў, паведамляла прэс-служба Міністэрства юстыцыі. Уладзіміра Ангельскага, Вікторыю Гулькову, Аляксандра Емяльяненка, Атары Жукава, Міхаіла Макарава і Анастасію Сагановіч Мінюст пазбавіў ліцэнзіі па прычыне "дысцыплінарных спагнанняў і за здзяйсненне правін, несумяшчальных са званнем адваката". Алену Грыбок, Сяргея Кішэнёва і Дзмітрыя Міроненку — з прычыны "недастатковай кваліфікацыі".

Па выніках атэстацыі Кваліфікацыйная камісія Мінюсту 22 сакавіка 2023 года вырашыла, што адвакаты Інэса Аленская і Дзяніс Шарстнёў не могуць выконваць абавязкі абаронцаў “па прычыне недастатковай кваліфікацыі”. Акрамя таго, такое рашэнне прынятае ў дачыненні да адвакаткі Кавалевіч. Апроч гэтага Аленскую судзілі па адміністрацыйным артыкуле за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў паводле ч.1 арт 19.11 КаАП.

У Мінску 28 лютага 2024 года супрацоўнікі КДБ зладзілі рэйд на адвакатаў. Па інфармацыі праваабаронцаў, было затрымана сама меней 12 адвакатаў. Большая частка з іх выйшлі на волю, а некаторыя застаюцца ў няволі. За апошнія тры з паловай гады сотні адвакатаў зазналі рэпрэсіі па палітычных матывах: некаторыя сталі фігурантамі крымінальных і адміністрацыйных справаў, а кагосьці пазбавілі ліцэнзій. 12 чалавек былі затрыманыя, двое з іх да гэтага часу застаюцца за кратамі. Дакладныя прычыны пераследу невядомыя.

Колькась адвакатаў у Беларусі катастрафічна змяншаецца

З 17 красавіка 2024 года ў Беларусі дзейнічае новая мінімальная колькасць адвакатаў. Яна ўстаноўленая пастановай Мінюста № 16 ад 05. 04. 2024 года. Згодна з ранейшай пастановай Мінюста ў Беларусі павінна было быць не менш за 1313 адвакатаў, а паводле новага дакумента – 1454. Рэальна ж па стане на 1 студзеня 2022 года ў Беларусі налічвалася 1868 адвакатаў, праз год іх было ўжо 1690, а на пачатак гэтага года – 1602. У кастрычніку і гэтая лічба паменшылася і цяпер у Беларусі прафесійную дзейнасць ажыццяўляюць 1590 адвакатаў, гэта значыць 17 адвакатаў на сто тысяч чалавек. Для звестак: у 2022 годзе ў Еўропе на 100 000 жыхароў налічваецца ў сярэднім 180 адвакатаў.

Апроч гэтага больш за 260 адвакатаў былі вымушаныя самі сыйсці з прафесіі, баючыся пераследу ў боку карных органаў.

Алег Мацкевіч: "Сёння мы бачым дэградацыю інструмента абароны правоў чалавека"

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алег Мацкевіч называе  гэты працэс дэградацыяй важнага для прававой дзяржавы інструмента абароны правоў чалавека:

"Падзеі 2020 года пераканалі рэжым Лукашэнкі ў неабходнасці ўзмацніць ціск на грамадства праз умацаванне інструментаў цэнтралізацыі ўлады, сілавых механізмаў, абмежаванне ініцыятывы і самастойнасці разнастайных суб’ектаў.

Сярод інстытутаў, якія трапілі пад кантроль улады, апынулася і адвакатура Беларусі. Сур’ёзную занепакоенасць уладаў выклікала тое, што частка адвакатаў прафесійна і паслядоўна выконвала свае абавязкі, забяспечваючы рэпрэсаваных апанентаў рэжыму юрыдычнай абаронай у палітычна матываваных працэсах і працягваючы захоўваць адносную незалежнасць у сістэме правасуддзя.

Таму пасля задушэння пратэстаў няздольны на глыбокія і прадуманыя рэформы беларускі рэжым узяўся за “мадэрнізацыю” заканадаўства аб адвакатуры. За апошнія некалькі гадоў былі ліквідаваныя такія формы працы адвакатаў, як індывідуальная практыка і адвакацкія бюро, быў узмоцнены кантроль Мінюста над працэсам уваходу ў прафесію і над фінансавым складнікам адвакацкай дзейнасці.

Сёння мы бачым дэградацыю гэтага важнага для прававой дзяржавы інструмента абароны правоў чалавека. Адначасова са стратай рэшткаў самастойнасці адбываюцца працэсы ў выглядзе пэўнай дэпрафесіяналізацыі саміх адвакатаў і падзення даверу да іх з боку грамадства.

Беларуская адвакатура па сутнасці пераўтварылася ў “вінцік” дзяржаўнай рэпрэсіўнай машыны, што добра ілюструецца на прыкладзе так званай спецвытворчасці па крымінальных справах, дзе абвінавачаныя па палітычных матывах пазбаўлены права на абарону нават пры тым, што намінальна маюць у працэсе адвакатаў. Пры гэтым яны не маюць магчымасці выказваць сваю прававую пазіцыю праз адсутнасць камунікацыі з абаронцам, не маюць магчымасці атрымаць на рукі прысуд, абскардзіць яго і г.д.

Тым не менш, надзея на адраджэнне адвакатуры як паўнавартаснага элемента прававой дзяржавы ёсць, у тым ліку дзякуючы дзейнасці Беларускай асацыяцыі адвакатаў праў чалавека ў замежжы. Менавіта ў ёй, на маю думку, гуртуюцца лепшыя прадстаўнікі прафесіі і вядзецца праца па закладанні асноў будучых сапраўдных рэформ у гэтай важнай галіне".

Меркаванне юрыста сугучна з ацэнкай, якая прагучала нядаўна ў сумесным дакладзе аб палітычна матываваным пераследзе адвакатаў-праваабаронцаў у Беларусі “Урачыста клянуся чэсна і добрасумленна выконваць абавязкі адваката”, які быў падрыхтаваны экспертамі Human Rights Watch, Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека і праекта “Права на абарону”:

“У Беларусі запалохванне і пераслед адвакатаў дзяржавай шкодзяць правам іх кліентаў, і гэта ўяўляе сабой частку больш шырокага комплексу мер, якія прымаюцца ўладамі для ўшчамлення права на адваката ў палітычна матываваных справах. Улады часта прымушаюць адвакатаў у такіх справах даваць падпіскі аб неразгалошванні з занадта шырокімі абмежаваннямі і праводзяць закрытыя судовыя працэсы па палітычна матываваных абвінавачаннях без якіх-небудзь на тое падстаў, не дазваляючы адвакатам раскрываць інфармацыю па такіх справах, якія маюць грамадскае значэнне, і абмяжоўваюць іх магчымасці па забеспячэнню абароны шляхам прыцягнення экспертаў і сведкаў.

Улады сур'ёзна абмежавалі доступ затрыманых і асуджаных да сваіх адвакатаў, перашкаджаюць доступу адвакатаў да сваіх кліентаў і да зносін з імі, а таксама рэгулярна парушаюць канфідэнцыйнасць зносін паміж адвакатамі і кліентамі,  –  адзначаецца ў сумесным дакладзе аб палітычна матываваным пераследзе адвакатаў-праваабаронцаў у Беларусі “«Урачыста клянуся чэсна і добрасумленна выконваць абавязкі адваката», які падрыхтаваны экспертамі Human Rights Watch, Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека і праекта “Права на абарону”.

Крыніца: Інстытут адвакатуры ў Беларусі дэградуе на працягу чатырох гадоў: факты, прычыны, ацэнкі