31.10.2024 Тэгі: адміністратыўны пераслед, палітвязні, пераслед, ціск У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 31 кастрычніка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

"Хапуны" ў Смаргоні і Ваўкавыску

Раніцай 31 кастрычніка тэлеграм-канал "Суды, задержания. Гродно и область" паведамілі, што ў Смаргоні і Ваўкавыску адбываюцца масавыя ператрусы і затрыманні. Правяраюць інфармацыю на мабільных тэлефонах і геалакацыю тэлефонаў у 2020 годзе. Калі кагосьці не было на працоўным месцы, то выклікаюць у аддзяленне.

Палітзняволенага Аляксандра Арановіча трымаюць у рэжыме інкамунікада 147 дзён

Палітзняволены Аляксандр Арановіч. Фота: spring96.org
Палітзняволены Аляксандр Арановіч. Фота: spring96.org

Аляксандр — удзельнік каманды «Краіна для жыцця», разам з камандай ездзіў па рэгіёнах Беларусі на брэндаваным аўтадоме. Жыў горадзе Старыя Дарогі, да 2020 года працаваў кіроўцам.

Яго абвінавацілі ў «арганізацыі дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак» (арт. 342 КК) і «падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках» (п. 13 ч. 2 арт. 293 КК) за захоўванне на гарышчы дома ў сваіх бацькоў старой дымавой шашкі. 27 красавіка 2021 года суд прызначыў яму шэсць гадоў калоніі. Пазней палітвязню ўзмацнілі пакаранне і перавялі ў магілёўскую турму.

Па інфармацыі "Краіна для жыцця", з Аляксандрам ужо 147 дзён няма ніякай сувязі. Ён восьмы палітвязень сярод тых, пра каго нічога не вядома працяглы час (ад 147 да 633 дзён). Гэта Віктар Бабарыка, Мікола Статкевіч, Максім Знак, Марыя Калеснікава, Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Уладзімір Кніга.

Крыніца: "Хапуны" ў Смаргоні і Ваўкавыску: хроніка пераследу 31 кастрычніка