31.10.2024 Тэгі: ААН, палітвязні, правы чалавека, рэпрэсіі На 79-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, на 35-ым пленарным пасяджэнні трэцяга камітэта, Анаіс Марэн выступіла са сваім апошнім дакладам у якасці спецыяльнай дакладчыцы па становішчы з правамі чалавека ў Беларусі.
- Анаіс Марэн падчас свайго выступу. Скрыншот: webtv.un.org
Вось што казала Анаіс Марэн:
"З моманту майго прызначэння, у 2018 годзе, становішча з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца. Пасля спрэчных прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе беларусы сутыкнуліся з рэпрэсіямі ў беспрэцэдэнтным маштабе інтэнсіўнасці. У маіх папярэдніх дакладах падкрэслівалася сістэматычная жорсткасць рэагавання ўладаў на мірныя пратэсты. Многія асобы падвяргаліся гнюсным катаванням, жорсткаму абыходжанню, многія загінулі, тысячы былі асуджаныя без справядлівага судовага разбіральніцтва, у сувязі з тым, што яны законным чынам ажыццяўлялі свае правы чалавека. Многія да гэтага часу знаходзяцца ў турмах, ва ўмовах, што небяспечныя для жыцця, у многіх няма ніякай сувязі, і таксама [...] маюцца падазрэнні ў гвалтоўных знікненнях. Грамадзянская супольнасць была практычна ліквідаваная. Пасля таго, як усе незалежныя асацыяцыі, якія крытыкавалі ўлады, былі забароненыя ці распушчаныя, за апошнія чатыры гады я дакладвала пра тое, як праваабаронцы, журналісты ды іншыя чальцы грамадзянскай супольнасці спазналі ганенні, многія жанчыны-праваабаронцы сістэматычна таксама спазналі гвалт, людзей пазбаўляюць маёмасці, раз'ядноўваюць з сем'ямі, многія беларускія грамадзяне былі вымушаныя пакідаць краіну праз тое, што ім адмаўляюць у грамадзянска-палітычных правах. Гэтыя масавыя парушэнні правоў чалавека выклікалі абурэнне ў міжнароднай супольнасці, і такім чынам Рада правоў чалавека зацвердзіла дадатковы мандат для прыцягнення вінаватых да адказнасці. Беларускі ўрад адрэагаваў, аспрэчваючы легітымнасць абодвух мандатаў, сказіўшы пры гэтым нагоду існавання шэрагу механізмаў ААН. Замест таго, каб выконваць абавязальніцтвы, урад дэнансаваў міжнародныя дамовы, якія ён уважаў за нязручныя, у прыватнасці Орхускую канвенцыю ў 2022 годзе, дэнансаваў Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах у 2023 годзе, Беларусь пазбавіла сваё насельніцтва доступу да працэдуры незалежных скаргаў пры Радзе правоў чалавека — асноўны механізм, акрамя майго мандата, які выкарыстоўваецца ахвярамі дагэтуль для таго, каб заявіць пра сваю незадаволенасць на міжнародным узроўні.
Мой даклад — гэта агляд таго, як Беларусь, ігнаруючы рэкамендацыі шэрагу арганізацый, толькі павялічыла сваю самаізаляцыю. У 2023 годзе, напрыклад, Міжнародная арганізацыя працы прывяла ў дзеянне ў другі раз у гісторыі працэдуру ў адпаведнасці з артыкулам 33-й Канстытуцыі для таго, каб заняцца пастаянным невыкананнем Беларуссю рэкамендацыяў, якія рабіліся за апошнія два дзесяцігоддзі, Камісіяй па расследаванні ў сувязі са свабодай асацыяцый прафсаюзаў.
На рэгіянальным узроўні Маскоўскі механізм двойчы прыводзіўся ў дзеянне з 2020 года дзяржавамі-ўдзельніцамі АБСЕ для разгляду становішча з правамі чалавека ў Беларусі.
Улетку гэтага года Венскі механізм АБСЕ таксама быў задзейнічаны для расследавання канкрэтных парушэнняў у дачыненні да палітвязняў.
Улады сцвярджаюць, што такая пастаянная ўвага да Беларусі выцякала б на міжнародных пляцоўках і законаў, якія з'яўляюцца злоўжываннем, канкрэтна накіраваных на тое, каб падарваць легітымнасць урада Беларусі. Аднак Беларусь — не ахвяра падвойных стандартаў. У яе склалася рэпутацыя асноўнага парушальніка правоў чалавека. І я не самотная. Некалькі дзён таму старшыня Камітэта па барацьбе з катаваннямі прадставіў вынікі канфідэнцыйнага расследавання Камітэтам па Беларусі. Камітэт прыйшоў да высновы, што катаванні сістэматычна выкарыстоўваюцца ў гэтай краіне, і нічога не робіцца для прадухілення гэтага. Летась УВКПЧ прыйшло да высновы ў сваім уласным дакладзе, што некаторыя парушэнні, якія мелі месца з 2020 года, маглі б складаць злачынствы супраць чалавечнасці. Нядаўна адна з дзяржаў перадала гэтае сцвярджэнне пракурору Міжнароднага крымінальнага суда.
Цэлы шэраг пытанняў з правамі чалавека, пра якія я дакладваю, носіць сістэматычны характар і працягваецца на працягу многіх дзесяцігоддзяў, нягледзячы на шматлікія рэкамендацыі, у прыватнасці, адсутнасць падзелу ўладаў, адсутнасць гарантый справядлівага разбору. Смяротнае пакаранне па-ранейшаму дзейнічае ў Беларусі. Адвольнае пазбаўленне волі палітычных апанентаў, жорсткае абыходжанне пры затрыманні, абмежаванне свабоды выказвання, сходу, асацыяцый — прычым усё гэта адбываецца ва ўмовах поўнай беспакаранасці. Гэта мусіць спыніцца.
Праблемы з правамі чалавека не прыцягвалі б да сябе нашу ўвагу, калі б беларускія ўлады выконвалі рэкамендацыі, якія робяцца міжнароднымі органамі, пачынаючы з Універсальнага перыядычнага агляду. Насамрэч многія рэкамендацыі, якія ігнаруюцца ўрадам, ужо адбываюцца з пачатку 1990-х гадоў, на што паказваў яшчэ мой папярэднік спадар Міклаш Харашці. І некаторыя парушэнні мелі месца практычна два дзесяцігоддзі таму.
Становішча з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца і мае патрэбу ў далейшай пільнай увазе. Вось чаму я вітаю аднаўленне мандата і жадаю ўсялякіх поспехаў таму, хто прыйдзе мне на змену — спадару Муйжніексу. Вядома ж, маніторынг правоў чалавека ў Беларусі — гэта няпростая задача, і захаванне гэтага пытання адным з першых на міжнародным парадку дня таксама няпростая задача, на жаль.
Мая задача была вельмі няпростая, аднак, вядома ж, я ўдзячная за магчымасць, і гэта дазволіла мне пазнаёміцца з многімі смелымі людзьмі, пачынаючы з беларускіх праваабаронцаў, якім я вельмі ўдзячная за іх натхненне, падтрымку ў выкананні майго мандата. Глыбока шкадую, што нягледзячы на ўсе мае намаганні, беспакаранасць і сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека працягваюцца ў Беларусі. І некаторыя палітвязні былі вызваленыя раней зыходзячы з гуманітарных меркаванняў, аднак нікому не ўдалося дамагчыся абароны, вінаватыя дагэтуль не былі прыцягнутыя да адказнасці за гэтыя злачынствы, сотні ахвяр парушэнняў правоў чалавека знаходзяцца ў турме, і штодзённа асуджаюцца новыя. Але я не страціла надзеі, што гэтая сітуацыя калі-небудзь спыніцца. І таксама спыніцца беспакаранасць за парушэнні. Мы не павінны падвесці беларусаў".
На пленарным пасяджэнні многія краіны падзякавалі спецдакладчыцы за яе працу і выказалі сваю шчырую і выключную ўдзячнасць ёй. Сярод такіх краін: Ліхтэнштэйн, Літва (ад імя краін Балтыі і Паўночнай Еўропы), Швейцарыя, Украіна, ЗША, Злучанае Каралеўства, Канада, Германія, Чэхія ды Ірландыя. З крытыкай спецдакладчыцы выступіла адна краіна — Бурундзі.
Цалкам з дакладам можна азнаёміцца тут.
"Я займалася Беларуссю амаль кругласуткава"