31.10.2024 Тэгі: рэпрэсіі, вайна ва Украіне, зборныя матэрыялы 28 чэрвеня 2024 года з беларускіх месцаў няволі па абмене як палонных вызвалілі пяць палітзняволеных грамадзян Украіны. Так на волі апынуліся Наталля Захаранка, Павел Купрыенка, Людміла Ганчарэнка, Кацярына Бруханава, а таксама фігурант "справы дыверсіі ў Мачулішчах" Мікалай Швец (у кастрычніку яго завочна асудзілі да 25 гадоў калоніі). Па стане на 31 кастрычніка 2024 года, у месцах няволі Беларусі застаюцца яшчэ мінімум 13 грамадзян Украіны, якіх абвінавачваюць у "агентурнай дзейнасці", "шпіянажы" і па іншых палітычна матываваных крымінальных артыкулах. "Вясна" распавядае гісторыі палітзняволеных украінцаў, якія цяпер утрымліваюцца ў беларускіх месцах няволі.
Кампанія пераследу ўкраінцаў і раптоўнае вызваленні пяці палітвязняў
З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне ўзмацніўся ціск на ўкраінцаў у Беларусі: іх затрымліваюць па адміністрацыйных і крымінальных артыкулах, а на памежных пунктах Беларусі да гэтага часу працягваюцца дасканалыя допыты і праверкі тэлефонаў украінцаў. За краты ў Беларусі грамадзяне Украіны траплялі па розных прычынах. Па стане на чэрвень 2024 года ў Беларусі ў зняволенні па крымінальных артыкулах утрымліваліся не менш за 15 украінцаў.
Увечары 28 чэрвеня 2024 года з'явілася раптоўная звестка аб вызваленні з беларускіх калоній і ізалятара пяці палітзняволеных. Украінcкія ўлады дабіліся вызвалення сваіх грамадзян па абмене як палонных. Падрабязнасці абмену распавядала Наталля Захаранка, якая пасля прысуду рыхтавалася да этапу ў жаночую калонію, але за ёй прышлі і загадалі: "З рэчамі на выхад", піша "Радыё Свабода". Наталля думала, што яе пераводзяць у другую камеру. Жанчыну пасадзілі ў "бусік" і павезлі некуды, нічога не гаворачы. На галаву адзелі мяшок, у вушы — берушы. Разам з Наталляй у "бусік" трапілі ваеннапалонныя з Расеі і яе суседка з Чарнігава, Людміла Ганчарэнка.
"Толькі літаральна за гадзіну да мяжы нам паведамілі, што нас перададуць ва Украіну, па абмене. У мяне быў такі шок, так трэсліся рукі, што я не магла выпіць вады, заліла ўсю футболку. У мяне была гістэрыка, я думала, што гэта нейкі сон", — зазначае Наталля.
Таксама з пачаткам поўнамаштабнай вайны ўкраінцаў у Беларусі пачалі пераследаваць за "супрацоўніцтва з украінскімі спецслужбамі". Дзеянні затрыманых украінцаў кваліфікуюць як "агентурную дзейнасць" (арт. 358-1 КК) і "шпіянаж" (арт. 358 КК). Так, фігурантамі справаў па гэтых артыкулах сталі мінімум восем грамадзян Украіны. Крыніцай інфармацыі пра такія справы ў большасці выпадкаў з'яўляюцца прапагандысцкія сюжэты. Суды праходзяць у закрытых рэжымах.
Егер з украінскага памежжа і ўкраінец, які жыве ў Беларусі больш за 10 год
Восенню 2023 года КДБ заявіў, што ў Беларусі затрымалі шэсць чалавек па абвінавачванні ў "падрыхтоўцы тэрактаў", сярод іх — два ўкраінцы.
Украінскага егера Вячаслава Бародзія затрымалі ў Ельскім раёне Беларусі, які мяжуе з Жытомірскай вобласцю Украіны. Пра гэта стала вядома з фільма 11 верасня 2023 года, які паказалі адразу на ўсіх дзяржаўных каналах. У фільме распавялі, што Бародзій пасля пачатку поўнамаштабнай вайны нібыта прайшоў падрыхтоўку ў навучальным цэнтры Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны і што "з сакавіка 2023 года, акрамя ГУР Мінабароны, ён стаў супрацоўнічаць яшчэ і са Службай бяспекі Украіны":
"Пры затрыманні ён заявіў, што прыйшоў у нашу краіну "забраць хлопца і вярнуцца назад". Пра склады са зброяй Бародзій нібыта нічога не ведаў і наогул перасек мяжу з нашай краінай упершыню. Навошта ў яго пры сабе быў пісталет SIG Sauer з глушыцелем і дзвюма абоймамі, Бародзій патлумачыць не змог. Зрэшты, гэта зразумела і так. Пры сутыкненні з нашымі памежнікамі ў Мангуста была б магчымасць адстрэльвацца ад іх".
15 кастрычніка 2024 года ў Гомельскім абласным судзе пачалі судзіць Вячаслава Бародзія, а таксама беларусаў Мікалая Ласоўскага і Валянціну Полаз. Украінца абвінавачваюць у "агентурнай дзейнасці". На следчых дзеяннях яго вадзілі на ланцугу.
Таксама ў прапагандысцкім фільме год таму паказалі ўкраінца Івана Ліхалата. У сюжэце распавядалі, што ў 2013-м ён перабраўся ў Беларусь. Гісторыю жыцця Івана Ліхалата распавядаюць у фільме:
"Дзесяць гадоў жыў і працаваў у нашай краіне, ажаніўся з беларускай, гадаваў траіх непаўналетніх дзяцей. Здавалася б, што можа пайсці не так? Пакуль у яго роднай краіне ідуць баявыя дзеянні, а яго суайчыннікі гінуць у мясасечцы вайны, ён жыве ў мірнай і спакойнай краіне, працуе і гадуе дзяцей. Складана зразумець, што рухае падобнымі асобамі, але ўжо ў студзені гэтага года [2023-га года] Ліхалат выйшаў на сувязь з СБУ".
22 кастрычніка ў Мінграсудзе Івана Ліхалата пачалі судзіць з двума беларусамі Барысам Пухальскім і Іванам Бародзічам. Працэс прызначана весці суддзя Анжэла Касцюкевіч. Фігурантам справы інкрымінаваны шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму), арт. 358-1 (агентурная дзейнасць), ч. 4 арт. 309 КК (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін), ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) ч. 2 арт. 406 КК (неданясенне аб злачынстве). Суд праходзіць у закрытым рэжыме.
55-гадовы жыхар Крапіўніцкага
10 ліпеня 2024 года Юрыю Бандарэнку прызначылі ў судзе Бабруйскага раёна і г. Бабруйска паводле ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) 1 год і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Справу разглядалі ў закрытым рэжыме, таму падрабязнасці пераследу мужчыны невядомыя.
У Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці пазначана, што ён жыхар украінскага горада Крапіўніцкі. Цяпер адбывае тэрмін.
25-гадовы дыджей
27 студзеня 2024 года ў Кобрыне за "агентурную дзейнасць" (арт. 358-1 КК) затрымалі 25-гадовага дыджэя з Украіны Арцёма Макавея. Як піша "Наша Ніва", Макавей жыў у Беларусі з 2009 году, меў тут дазвол на жыхарства. Яго маці расказвала, што ў студзені 2023 году сына выклікалі ў міграцыйную службу і "прапаноўвалі там прайсці паліграф". Яго затрымалі.
Судовы працэс над хлопцам распачаўся 29 красавіка 2024 года ў Брэсцкім абласным судзе пад старшынствам суддзі Мікалай Сянько. Сутнасць абвінавачвання невядомая, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме. У выніку яго асудзілі да шасці гадоў зняволення і адправілі адбываць тэрмін у бабруйскую калонію. Але ў пачатку жніўня 2024 года стала вядома, што Арцёма змясцілі ў СІЗА № 7. Прычыны невядомыя.
Бацька і сын з украінскага памежжа
Напачатку красавіка 2024 года дзяржканал АНТ выпусціў сюжэт пра затрыманні ў памежных з Украінай раёнах. Паведамляецца пра 10 затрыманых, тры з якіх – грамадзяне Украіны. Гэта бацька і сын Сяргей і Павел Кабарчукі. Паводле версіі тэлеканала, яны нелегальна перайшлі ўкраінска-беларускую мяжу і прынеслі ў Беларусь выбухоўку. Аўтары сюжэту сцвярджаюць, што мужчыны пераходзілі мяжу з цеплавізарамі, правяраючы такім чынам, ці няма каго на іх шляху. У чым іх абвінавачваюць цяпер, працэсуальны статус і месцазнаходжанне ўкраінцаў невядомыя. Праўладныя крыніцы назвалі іх "дыверсантамі СБУ".
23 кастрычніка 2024 году ў Гомельскім абласным судзе абвясцілі прысуд Сяргею і Паўлу Кабарчукам — кожнаму з іх прызначалі пакаранне ў выглядзе 20 гадоў пазбаўлення волі у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штрафу 700 базавых велічыняў кожнаму — 28 тысяч рублёў.
Іх прызналі вінаватымі паводле ч. 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму), ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць), ч. 3 арт. 333-1 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мяжу атрутных рэчываў, агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў).
У прапагандысцкім фільме вясной сцвярджалася, што затрымана грамадзянка Украіны, жыхарка Маларыцкага раёна, Лідзія Грук. Паводле прапагандыстаў, яна са сваім мужам Яўгенам фатаграфавала прымежныя аб'екты ва Украіне. Аўтары роліка сцвярджаюць, што і яе абвінавачваюць у тэрарызме. Але да гэтага часу інфармацыі пра пераслед жанчыны не знайшла падцверджання ў іншых крыніцах.
16-гадовая студэнтка
Напрыканцы красавіка 2024 года выйшаў прапагандысцкі фільм "Дети на прицеле. Завербованные врагом", дзе паведамілі аб затрыманні сямі падлеткаў за "супрацоўніцтва з украінскімі спецслужбамі". Некаторых з іх абвінавачвалі ў "акце тэрарызму" і "здрадзе дзяржаве". У фільме распавялі, што шэсць падлеткаў нібыта аб'ядналіся ў"анархісцкую ячэйку "Чорныя салаўі", якую "пад кіраўніцтвам Нацыянальнай вызваленчай арміі Украіны" стварыла 16-гадовая грамадзянка Украіны Марыя Місюк. Справа да суда не дайшла, актуальны працэсуальны статус і месцазнаходжанне Марыі невядомыя.
Асуджаныя за "агентурную дзейнасць"
24 лістапада 2022 года ў Брэсцкім абласным судзе вынеслі прысуд па справе за "агентурную дзейнасць" у Беларусі на карысць Украіны. Судзілі ўкраінцаў Міхаіла Сталярчука і Дзмітрыя Гудзіка за тое, што "збіралі даныя пра вайсковую тэхніку і аб'екты ў Беларусі па заданні Службы бяспекі Украіны". Іх абвінавацілі ў "агентурнай дзейнасці". Суддзя Андрэй Лешчанка прызначыў Міхаілу шэсць гадоў калоніі, а Дзмітрыю — пяць. Яны адбываюць тэрміны ў віцебскай і магілёўскай калоніях. Пра іх пераслед стала вядома з прапагандысцкага фільма АТН "Контрразведка. Операции белорусского КГБ против спецслужб Запада и Украины".
Згодна сюжэту, украінцаў затрымалі на пункце пропуска Брэсцкай вобласці "Макраны" — яны ехалі на аўтобусе "Львоў-Брэст". Дата затрымання не называецца, але, меркавана, гэта здарылася напачатку гэтага года. Згодна версіі абвінавачвання, па заданні Службы бяспекі Украіны яны збіралі дадзеныя пра ваенную тэхніку і аб'екты з 2018 года. З імі быў затрыманы таксама Ігар Дзірко, але замест судовага пераследу яго выслалі з Беларусі.
Таксама за "агентурную дзейнасць" летам 2023 года асудзілі грамадзяніна Украіны і жыхара Нароўлі Сяргея Бойку. Яго судзілі ў Гомельскім абласным судом паводле арт. 358-1 Крымінальнага кодэкса ў закрытым рэжыме. Справу разглядаў суддзя Анатоль Сотнікаў. Тэрмін невядомы, але прысуд звязаны з пазбаўленнем волі.
8 верасня 2023 года быў унесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. Адбывае тэрмін у ПК № 3.
Супрацоўнік аблвыканкаму
У Віцебскім абласным судзе 15 лютага 2024 года пачалі судзіць 37-гадовага грамадзяніна Украіны Андрэя Шмая. Яго абвінавацілі паводле двух цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 358 (шпіянаж) і арт. 358-1 (агентурная дзейнасць). Справу разглядаў Яўген Бурунаў. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Прысуд Андрэю невядомы, як і месца яго ўтрымання. Андрэй утрымліваецца за кратамі з 19 студзеня 2023 года. Затрымалі яго наўпрост на працоўным месцы. Доўгі час сям’я не ведала, што з ім здарылася, і толькі праз два тыдні жонцы Андрэя патэлефанавалі з органаў. Чалавек, які назваўся следчым, папрасіў перадаць дакументы Андрэя. Больш ніякіх падрабязнасцяў ён не паведаміў.
Мужчына нарадзіўся ў Чарнігаве і мае ўкраінскае грамадзянства. У Беларусь ён пераехаў пасля жаніцьбы. Сям'я ўжо 10 гадоў жыла ў Віцебску. Працаваў Андрэй рабочым па абслугоўванні будынкаў Віцебскага аблвыканкаму. Вядома, што Андрэй Шмай – былы вайсковец, з 2006 па 2013 г. Служыў на беларуска-ўкраінскай мяжы інспектарам пункта пропуску "Ярылавічы". Потым пераехаў у Віцебск, уладкаваўся рабочым па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў –- выконваў розныя работы, звязаныя з падтрыманнем матэрыяльнай часткі ўстановы (абслугоўванне электрыкі, сантэхнікі і іншыя бягучыя работы, якія не патрабуюць высокай кваліфікацыі).
У фільме АНТ пра тэракт у Мачулішчах і сетку СБУ, які выйшаў 5 красавіка 2023 года, у Беларусі гаворыцца, нібыта Андрэй Шмай рэгулярна адпраўляў інфармацыю пра сітуацыю ў аблвыканкаме праз мэсэнджар Signal ва Украіну свайму малодшаму брату Руслану, які служыць у Чарнігаўскім аператыўным упраўленні "Поўнач" і з'яўляецца намеснікам камандзіра ў аператыўных справах. У фільме таксама сцвярджаецца, што перапіска была зашыфраванай, хаця Андрэй Шмай тлумачыць, што проста выдаляў паведамленні, калі іх збіралася шмат.
34-гадовы ўкраінец
У сакавіку 2024 года да пяці гадоў калоніі асудзілі грамадзяніна Украіны Аляксандра Катовіча. У Мінскім гарадскім судзе яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім), ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), ч. 2 арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі) і прызначылі пяць гадоў калоніі. Сутнасць абвінавачвання невядомая. Тэрмін украінец адбывае ў шклоўскай калоніі № 17.
29-гадовы стаматолаг
Вячаслаў Негадзенка – ураджэнец Украіны. Прыкладна ў 2011 г. разам з бацькамі пераехаў у Гомель. Закончыў стаматалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэта ў Мінску па спецыяльнасці стаматалогія. З 2017 года працаваў стаматолагам-хірургам у Брагінскай цэнтральнай раённай бальніцы, добра зарэкамендаваў сябе ў калектыве і сярод пацыентаў. Вядома, што ў Беларусі ў яго быў від на жыхарства.
7 чэрвеня 2023 года Гомельскі абласны суд прызначыў Вячаславу паводле ч. 1 арт. 364-1 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркатычных сродкаў без мэты збыту) пазбаўленне волі (дакладны тэрмін невядомы). Справу разглядаў суддзя Вадзім Бабыроў. Вядома, што тэрмін украінец адбывае ў наваполацкай калоніі № 1.
Крыніца: Не меней за 13 грамадзян Украіны ўтрымліваюцца ў турмах Беларусі па палітычных матывах Дапоўнена