05.11.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя У Мінскім гарадскім судзе 30 кастрычніка вынеслі першы прысуд у Беларусі за "адмаўленне генацыду беларускага народа" (ч. 1 арт. 130-2 КК). 54-гадовага штукатура з Мінскага раёна Андрэя Савіцкага асудзілі да трох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, абвінаваціўшы яшчэ ў "абразе" Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). Падставай для пераследу сталі пасты ў "Аднакласніках" пра Хатынь і Лукашэнку. Такі прысуд вынес Яўгену Пісарэвічу, які неаднаразова разглядаў палітычна матываваныя справы.
Згодна версіі абвінавачвання, з кастрычніка 2020 года па лістапад 2023 года Андрэй Савіцкі "адміністраваў у "Аднакласніках" адкрытую групу. Там ён размясціў некалькі публікацый з "негатыўнай ацэнкай Лукашэнкі", а таксама публікацыю, у якой "адмаўляў масавае знішчэнне вайскоўцамі 118-га шуцманшафт-батальёна ахоўнай паліцыі і асаблівага батальёна СС О.Дырлевангера мірных жыхароў вёскі Хатынь у выніку карнай аперацыі 22 сакавіка 1943 года".
Вядома, што мужчыну затрымалі ў лютым і змясцілі пад варту. Затрыманне ажыццяўлялі супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа.
"У сваіх публікацыях фігурант адмаўляў генацыд беларускага народа з боку нямецкіх захопнікаў падчас Вялікай Айчыннай вайны, рэабілітуючы фашыстаў і прыпісваючы савецкім грамадзянам злачынствы, учыненыя акупантамі", — сцвярджаў МУС пасля затрымання.
Справу разглядзелі за чатыры судовыя пасяджэнні. Падрабязнасці працэсу распавяло праўладнае выданне sb.by. Паведамляецца, што на судзе даследваны прысуд Катрука ад 18 сакавіка 2024 года, пратаколы допытаў, а таксама "прысуды, якія пацвярджаюць факт знішчэння Хатыні вайскоўцамі 118-га батальёна ахоўнай паліцыі, а таксама асаблівага батальёна СС Дырлевангера".
"Ёсць у справе паказанні сведак. Шмат чаго ёсць, што пацвярджае генацыд беларускага народа. Ацэньваючы прадстаўленую сукупнасць доказаў, суд прыйшоў да высновы, што "спаленне жыхароў Хатыні з'яўляецца адным з прыкладаў генацыдных практык калектыўнай адказнасці, якія праводзяцца ў дачыненні да народанасельніцтва БССР акупацыйнымі ўладамі нямецка-фашысцкай Германіі і іх памагатымі". Гэтыя дадзеныя агульнавядомыя і пацверджаны шматлікімі доказамі, пра што абвінавачаны Савіцкі павінен быў ведаць", — пішуць прапагандысты.
Нагадаем, Закон "Аб генацыдзе беларускага народа" Лукашэнка падпісаў 5 студзеня 2022 года. Абвінавачаных прапануецца караць пазбаўленнем волі тэрмінам да пяці год.
"Такія абмежаванні недапушчальныя". Павел Сапелка каментуе адказанасць за "адмаўленне генацыду беларускага народа"
Крыніца: Штукатура асудзілі да трох гадоў калоніі за "адмаўленне генацыду беларускага народа"