05.11.2024 Тэгі: адміністратыўны пераслед, грамадства, пераслед, ціск, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 5 лістапада 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Улады ліквідуюць Беларускую асацыяцыю садзейнічання ААН. Яна працавала 35 гадоў
На 12 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе прызначана пасяджэнне паводле пазову Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя садзейнічання Арганізацыі Аб’яднаных Нацый», вынікае з раскладу пасяджэнняў, піша «Свабода» са спасылкай на «Позірк».
Арганізацыю зарэгістравалі ў кастрычніку 1989 году і перарэгістравалі ў чэрвені 1991-га. На партале грамадскіх аб’яднанняў яе кіраўніком значыцца Віктар Іваноў, адрасам знаходжання пазначаны Мінск, вул. Бабруйская, 5А. Там знаходзіцца рэктарат Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
Публічных звестак аб актыўнасці аб’яднання апошнім часам не маецца.
Арыштаваны спявак Дзядзя Ваня
Хутчэй за ўсё, 44-гадовага шоўмэна Івана Вабішчэвіча затрымалі яшчэ ў верасні 2024 года, піша «Наша Ніва».
Няма пэўнасці ў тым, што канкрэтна яму інкрымінуецца і дзе канкрэтна ён цяпер знаходзіцца.
Хутчэй за ўсё, прычынай затрымання стала палітыка — маўляў, па Вабішчэвіча прыйшлі за падзеі 2020 года. Рэч у тым, што ў сілавікоў і раней узнікалі пытанні да яго, але гэтыя прэтэнзіі нібыта ўдалося ўрэгуляваць і Дзядзя Ваня працягнуў музычную дзейнасць. Праўда, выступаў ён перадусім у Расіі.
Знаёмыя Вабішчэвіча пакуль тэарэтычна дапускаюць, што прычынай арышту маглі стаць і іншыя пытанні — напрыклад, грашовыя.
Старонку «Грустный Коленька» ва «Укантакце» прызналі «экстрэмісцкай»
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Ленінскага раёну Гродна 1 лістапада. Адзначым, што на гэтую старонку падпісаныя 2659 чалавек, а абнаўлялася яна апошнім раз летам 2020-га году.
Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі Youtube-канал «Проект MotolkoHelp:Беларускі Гаюн», TikTok-акаўнт «grec_company_group», а таксама Instagram-старонкі «borduhaev», «bypolofficial», «ciesna_brama», «mayaksiar».
У Оршы за «экстрэмізм» учора судзілі траіх чалавек — сярод іх вядомая настаўніца
Наталля Сізінцава — настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гімназіі №2. Яна падрыхтавала выпускнікоў-стобальнікаў і пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд па грамадазнаўстве, піша "Віцебская Вясна".
Жанчыну абвінавацілі паводле ч. 2 ст. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Судзіў яе Мікалай Драгуноў.
Крыніца: Арышт спевака, ліквідацыя чарговай грамадскай арганізацыі: хроніка пераследу 5 лістапада