05.11.2024 Тэгі: правы чалавека, аналітыка На 31 кастрычніка ў месцах пазбаўлення волі ўтрымліваюцца 1 299 палітычных зняволеных, з іх 168 жанчын. Вядома пра 31 палітвязня ў крытычным станам здароўя, не сумяшчальным з утрыманнем ва ўмовах пазбаўлення волі. Больш за 40 палітвязняў — людзі сталага ўзросту.
Коратка:
- У Беларусі працягваюцца адвольныя рэпрэсіі ў дачыненні да палітычных супернікаў рэжыму і іншадумцаў; узровень крымінальнага і падобнага з ім адміністрацыйнага пераследу па-ранейшаму крытычна высокі. Колькасць адвольных затрыманняў з рысамі і прыкметамі гвалтоўных знікненняў павялічылася напярэдадні абвешчаных прэзідэнцкіх выбараў. Палітычна матываваны пераслед рознага ўзроўню — гэта актуальная пагроза для ўсіх, хто браў удзел у пратэстных выступах або крытычна выказваўся адносна палітычнай сітуацыі ў краіне ці ў адрас чыноўнікаў рэжыму; пад пагрозай усе тыя, хто выказваў сваё меркаванне мірным шляхам або падтрымліваў пратэстныя структуры, а таксама часам — іх сваякі і блізкія.
- З лета 2020 года праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітвязнямі амаль 3 600 чалавек, з іх 656 жанчын. На канец кастрычніка 2024 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1 299 палітвязняў, з іх 168 жанчын; за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 35 чалавек. Яшчэ ў дачыненні да 13 былых палітвязняў, імёны якіх раней не былі вядомыя праваабаронцам, вылучаныя патрабаванні аб рэабілітацыі.
- Праваабаронцы: лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк і Наста Лойка, адвольна асуджаныя да пазбаўлення волі, адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях.
- Вядома пра некалькіх палітвязняў, якія ўтрымліваюцца доўгі час у рэжыме інкамунікада: Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі і іншыя больш за год пазбаўленыя кантактаў са знешнім светам, у тым ліку ўнутры калоній; іх сітуацыя мае рысы гвалтоўных знікненняў, забароненых міжнародным правам.
- Працягваюцца адвольныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян за рэалізацыю грамадзянскіх правоў: у кастрычніку "Вясна" атрымала інфармацыю аб не менш чым 366 выпадках палітычна матываваных рэпрэсій, якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу, з іх – не менш за 246 адміністрацыйных спраў, разгледжаных судамі.
- Праваабаронцы "Вясны" ў кастрычніку падлічылі вынікі палітычна матываванага крымінальнага пераследу за верасень: расце колькасць судовых працэсаў па палітычна матываваных крымінальных справах. Па папярэдніх даных, на працягу верасня былі асуджаныя не менш за 170 чалавек, з якіх 124 мужчыны і 46 — жанчыны. Амаль трэць асуджаных — у Мінску, сярод абласцей лідзіруе Брэсцкая — 44 чалавекі. Амаль палова асуджаных — за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
- Улады папаўняюць спісы асоб і фарміраванняў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці, экстрэмісцкіх матэрыялаў: гэта метад дадатковага, часта несудовага, адвольнага абмежавання правоў і свабод грамадзян.
- Па-ранейшаму праваабаронцамі" Вясны " рэгулярна выяўляюцца і дакументуюцца факты прымянення катаванняў і забароненых відаў абыходжання ў ходзе расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, забароненых відаў абыходжання ў адміністрацыйным працэсе, а таксама пераследу і пазбаўлення волі па палітычных матывах; вязні пазбаўленыя належнага ўзроўню медыцынскага абслугоўвання.
- 23 кастрычніка Палата прадстаўнікоў прызначыла выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 26 студзеня 2025 года. Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" абвясціла пра пачатак працы экспертнай місіі па назіранні.
- 31 кастрычніка па ўсёй Беларусі прайшла хваля масавых затрыманняў і ператрусаў. Выглядае, што гэта спланаваная акцыя запалохвання перад выбарамі. Сілавікі прыходзяць у асноўным да тых, хто раней затрымліваўся паводле пратэстных адміністрацыйных артыкулаў. Вядома пра выпадкі жорсткіх затрыманняў, з неабгрунтаваным ужываннем сілы.
- На 79-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, на 35-ым пленарным пасяджэнні трэцяга камітэта, Анаіс Марэн выступіла са сваім апошнім дакладам у якасці спецыяльнай дакладчыцы па становішчы з правамі чалавека ў Беларусі.
- На канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні ўкраінскія і беларускія праваабаронцы прэзентавалі сумесны даклад "Скрадзенае дзяцінства: як беларускі рэжым сцірае ўкраінскую ідэнтычнасць у дзяцей праз перамяшчэнне, перавыхаванне і мілітарызацыю". Ён падрыхтаваны сумесна Freedom House, Праваабарончым цэнтрам ZMINA, Рэгіянальным цэнтрам па правах чалавека і Праваабарончым цэнтрам "Вясна" пры дапамозе BELPOL. У сярэдзіне верасня аўтары дакладу перадалі дакументы ў Міжнародны крымінальны суд (МУС) у Гаазе. Цяпер яны заклікаюць урады краін-членаў Рымскага статута таксама звярнуцца ў суд і перадаць доказы ўдзелу ўладаў Расіі і Беларусі ў перамяшчэнні дзяцей з Украіны."Вясна" апублікавала даклад на беларускай мове.
Палітычна матываваны пераслед. Палітычныя зняволеныя
На канец кастрычніка налічваецца 2 326 былых палітвязняў, з іх 488 жанчыны. Гісторыі некаторых палітвязняволеных жанчын распавяла "Вясна".
Усяго вядома, што як мінімум 7 450 чалавек сутыкнулася з палітычна матываваным крымінальным пераследам. У дачыненні да не менш за 6 050 чалавек вынесеныя палітычна матываваныя прысуды.
У кастрычніку праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі 35 чалавек. Дадаткова, пазбаўленне волі 13 чалавек праваабарончая супольнасць постфактум прызнала адвольным і запатрабавала іх рэабілітацыі.
Сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да палітвязняў не абмяжоўваюцца самім фактам адвольнага пазбаўлення волі ў калоніях і турмах: у месцах несвабоды яны падвяргаюцца дадатковым рэпрэсіям і пераследу.
Праваабаронцы "Вясны" атрымалі пацверджанне, што ў магілёўскай калоніі № 15 памёр грамадзянін Расійскай ФедэрацыіДзмітрый Шлетгаўэр. Па папярэдняй інфармацыі, гэта здарылася 11 кастрычніка 2024 года. Ён прабыў у калоніі менш за месяц. Дакладная прычына смерці невядомая. Летам яго асудзілі да 12 гадоў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму за "шпіянаж" (арт. 358 КК) і "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 арт. 361-4 КК). Гэта сёмая смерць палітвязня за кратамі.
З лютага-сакавіка 2023 года ў рэжыме инкоммуникадо ўтрымліваюцца палітвязні Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі, Максім Знак, Ігар Лосік, Уладзімір Кніга. Таксама паведамляецца, што ўжо амаль пяць месяцаў у поўнай ізаляцыі ўтрымліваецца палітвязень Аляксандр Арановіч. Утрыманне без сувязі са знешнім светам пры такіх абставінах прызнаецца катаваннем, а таксама мае рысы гвалтоўнага знікнення.
Адным з інструментаў пераследу палітвязняў стала адвольнае падаўжэнне тэрміну зняволення, у асноўным шляхам прызначэння новых тэрмінаў пазбаўлення волі паводле арт. 411 КК за нязначныя, вымушаныя або справакаваныя дысцыплінарныя парушэнні падчас адбыцця пакарання.
У кастрычніку стала вядома пра тое, што ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля ў сакавіку 2024 года над Вольгай Маёравай адбыўся суд паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Суддзя Ганна Сакалова прызнала жанчыну вінаватай і прызначыла ёй яшчэ адзін год і шэсць месяцаў зняволення ў дадатак да 20 гадоў калоніі. Вольга ўжо адбывае тэрмін у папраўчай калоніі для тых, хто раней адбываў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі № 24 У Зарэччы.
Так, у трэці раз у судзе разгледзелі справу паводле арт. 411 КК у дачыненні да Вікторыі Кульшы, асуджанай у чэрвені 2021 года па арт. 342 КК да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі; на волю яна мусіла выйсці ў пачатку 2023 года.
Паліне Шарэндзе-Панасюк у трэці раз прызначаны дадатковы адзін год пазбаўлення волі за парушэнне правілаў унутранага распарадку папраўчай калоніі паводле арт. 411 КК. Тэрмін, прызначаны судом у чэрвені 2021 года, павінен быў скончыцца ў пачатку восені 2022 года, аднак з тых часоў палітзняволеную адвольна ўтрымліваюць у калоніі для рэцыдывістак, катаваўшы штрафнымі ізалятарамі, неаказаннем медыцынскай дапамогі. забаронай перадач і спатканняў з роднымі, у тым ліку дзецьмі.
Юрыю Зянковічу, асуджанаму за "заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь", "абразу прадстаўніка ўлады", "змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам", "стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім", " распальванне варожасці або варажнечы" да 13,5 гадоў пазбаўлення волі. Таксама паводле арт. 411 КК судом прызначаныя дадатковыя два гады пазбаўлення волі.
Мікалай Дзядок чацвёрты месяц знаходзіцца ў штрафным ізалятары. Тэрмін яго зняволення набліжаецца да канца, аднак у дачыненні да яго ўзбуджаная крымінальная справа паводле арт. 411 КК.
Стала вядома, што youtube-блогер Руслан Ліннік, асуджаны да пазбаўлення волі па абвінавачванні ў здзяйсненні некалькіх дыфамацыйных злачынстваў, пасля адбыцця ўсяго прызначанага яму тэрміну зняволення не выйшаў на волю. Верагодна, гэта звязана з прад'яўленнем новых абвінавачванняў.
У дачыненні да палітвязняў шырока практыкуецца перавод на больш строгі рэжым адбыцця пакарання — у турму, што азначае ўтрыманне ў турэмных камерах практычна без кантактаў са знешнім светам, харчаванне па скарочаным рацыёне, як правіла без перадач і спатканняў.
Так, у дачыненні да Дзмітрыя Іванчанкі суд пачаў разгляд заявы адміністрацыі калоніі аб пераводзе на турэмны рэжым.
Пераслед у калоніях выяўляецца ў змяшчэнні ў ШІЗА і памяшканне камернага тыпу (ПКТ). У ШІЗА асуджаныя знаходзяцца без кантактаў са знешнім светам, без асабістых рэчаў, прагулак і магчымасці пісаць, адпраўляць і атрымліваць лісты, чытаць і займацца аплочваемай працай. У ПКТ асуджаныя ўтрымліваюцца ў турэмных камерах і маюць адзін кароткі шпацыр у дзень.
Палітвязня Дзмітрыя Рэзановіча ў канцы верасня адміністрацыя ПК № 14 змясціла ў ПКТ тэрмінам на шэсць месяцаў. Перад гэтым яго некаторы час утрымлівалі ў ШІЗА.
Пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу праваабаронцы лічаць адной з формаў пазбаўлення волі: асуджаныя абавязаны ўвесь вольны ад працы час знаходзіцца ў спецыяльных памяшканнях, падпарадкоўвацца патрабаванням прадстаўнікоў адміністрацыі, выконваць рэжымныя патрабаванні. За парушэнне правілаў яны могуць быць падвергнуты дысцыплінарным спагнанням, у тым ліку звязаным з больш строгім пазбаўленнем волі ў ізалятары; акрамя таго, абмежаванне волі можа быць заменена на пазбаўленне волі за некалькі дысцыплінарных парушэнняў. Таксама зняволеныя абавязаны заключыць працоўны дагавор з наймальнікам, якога падбярэ адміністрацыя ўстановы, часта на нявыгадных умовах; фактычна бяспраўныя асуджаныя падвяргаюцца жорсткай эксплуатацыі.
Паступаюць звесткі пра ўзмацненне ціску на былых палітвязняў, як адбыўшых тэрмін пазбаўлення волі, так і на тых, хто адбывае тэрмін абмежавання волі: ім выносяць афіцыйныя папярэджанні (мера адказнасці) і папярэджваюць пра адказнасць за гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу, захоп або ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйнымі шляхамі. Акрамя гэтага, многім былым палітвязням, якія знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі, завочна замяняюць абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ на пазбаўленне волі.
Сілавыя ведамствы працягнуць палітыку запалохвання асобаў, якія сутыкнуліся з палітычна матываваным пераследам, з мэтай не дапусціць перадачы інфармацыі пра пераслед праваабаронцам і незалежным медыя.
Працягваецца таксама пераслед сваякоў палітвязняў і актыўных грамадзян за падтрымку палітвязняў. Пасля прызнання ініцыятывы INeedHelpBY экстрэмісцкім фарміраваннем, пераследу падвергліся многія звязаныя з ініцыятывай, а таксама іншыя неабыякавыя людзі, якія падтрымлівалі палітвязняў. На канец кастрычніка вядома пра 34 затрыманых па гэтай крымінальнай справе, 32 з іх – жанчыны. Сярод іх 10 жанчын і 1 мужчына, прысуджаныя да пазбаўлення волі на тэрміны ад трох да пяці гадоў.
Эксперты ААН зноў звярнуліся да ўладаў Беларусі з лістом, у якім выказалі занепакоенасць у сувязі з паведамленнямі аб жорсткім абыходжанні ў месцах пазбаўлення волі і неапраўданых і непрапарцыйных абмежаваннях правоў чалавека былых зняволеных, гаворыцца на сайце арганізацыі. Яны заклікалі ўрад даць інфармацыю аб стане здароўя, лёсе і месцазнаходжанні некалькіх зняволеных, расследаваць паведамленні аб жорсткім абыходжанні з імі ў месцах пазбаўлення волі, а таксама памілаваць або скараціць тэрмін зняволення зняволеных, якія знаходзяцца ва ўразлівым становішчы.
Пераслед праваабаронцаў
Праваабаронца Human Constanta Наста Лойка два гады знаходзіцца ў няволі за сваю праваабарончую дзейнасць: яе асудзілі ў закрытым рэжыме на сем гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у падрыхтоўцы дакладу "Пераслед анархістаў, антыфашыстаў, левых і сацыяльных актывістаў у Беларусі" (2017-Жнівень 2018 года).
За сваю праваабарончую дзейнасць у "Вясне" больш за чатыры гады ў няволі знаходзіцца Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк, і больш за тры гады – лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч.
Праваабаронца "Вясны" Алена Маслюкова была завочна асуджаная да трох гадоў пазбаўлення волі. "Вясна" выступіла з заявай, запатрабаваўшы адмяніць прысуд і спыніць крымінальны пераслед праваабаронцы; спыніць крымінальны пераслед праваабаронцаў за рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў і дзейнасць у абарону правоў і свабод; прывесці антыэкстрэмісцкае і крымінальна-працэсуальнае заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі забавязаннямі Беларусі ў галіне правоў чалавека.
Катаванні, жорсткае, бесчалавечнае, прыніжаючае абыходжанне
Камітэт супраць катаванняў ААН апублікаваў штогадовы даклад, у якім паведаміў аб выніках працы па расследаванні ў дачыненні да Беларусі, якое было ініцыявана Праваабарончым цэнтрам "Вясна".
Былы гомельскі палітзняволены Дзмітрый Канеўскі пасля адбыцця пакарання, вынесенага ўсяго толькі за адзін каментар у телеграм-чаце "Гомель Савецкі 97", мог ізноў патрапіць пад крымінальны артыкул. Ён вырашыў больш не выпрабоўваць лёс і з’ехаў з Беларусі. Дзмітрый распавёў "Вясне" пра свой пераслед і ўмовы адбыцця пакарання ў папраўчай калоніі № 22 у Івацэвічах. Амаль восем месяцаў да суда Канеўскага ўтрымлівалі ў Гомельскім СІЗА ў жахлівых умовах: абшарпаныя сцены, холад, бруд і смурод. У калоніі ён падвяргаўся збіванням і рэгулярна змяшчаўся ў ШІЗА і памяшканне камернага тыпу.
У Брэсцкім абласным судзе 21 кастрычніка пачаўся суд над 41-гадовым Віталём Чопікам, якога затрымалі сем месяцаў таму за наведванне палітычна матываваных судоў. Пасля затрымання мужчыну дастаўлялі ў бальніцу са слядамі моцнага збіцця. Цяпер яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Палітзняволеную стаматалагіню з Оршы Наталлю Кукішаву затрымалі супрацоўнікі КДБ восенню 2021 года па "справе Зэльцэра". Але ў выніку асудзілі да двух гадоў калоніі за два кароткія каментары ў дачыненні да А. Лукашэнкі. Цалкам адбыўшы пакаранне, жанчына выйшла на волю і распавяла "Вясне", як у беларускіх турмах здзекуюцца з жанчын і ў якіх нечалавечых і прыніжальных умовах ім даводзіцца чакаць суда і адбываць пакаранне ў калоніі.
Былыя зняволеныя па "экстрэмісцкіх" адміністрацыйных артыкулах па-ранейшаму ўтрымліваюцца ў жахлівых умовах — у перапоўненых камерах, ва ўмовах антысанітарыі, без пасцельных прыналежнасцяў, перадач і гігіенічных сродкаў. Як адзначыла былая арыштантка Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску на Акрэсціна, з-за перапоўненасці камер затрыманым даводзіцца спаць не толькі на металічных ложках, ад якіх застаюцца сінякі, але і на падлозе, пад сталом, на стале, на лаўцы. Яна адзначыла, што тых дзяўчат, якія спалі на падлозе, кусалі блашчыцы, таму потым цела было ў чырвоных плямах ад алергіі на ўкусы. Акрамя гэтага, яна распавяла пра неаказанне якаснай медыцынскай дапамогі падчас ротавіруснай інфекцыі ў камеры. Многія арыштанткі гублялі прытомнасць, але адміністрацыя ўстановы не рэагавала на гэта.
Парушэнне права на жыццё. Смяротнае пакаранне
10 кастрычніка – Міжнародны дзень супраць смяротнага пакарання.
Да гэтага дня "Вясна" падрыхтавала інтэрв'ю з каардынатарам кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэем Палудам і агляд спраў за апошнія 10 гадоў, якія скончыліся вынясеннем смяротнага прысуду. Праваабаронца "Вясны" Алег Мацкевіч выказаў новыя аргументы на карысць адмены смяротнага пакарання ў кантэксце новых падзей і выклікаў у свеце.
Справядлівы суд
Беларускія суды працягваюць удзельнічаць у рэпрэсіях і выносіць палітычна матываваныя прысуды.
Апеляцыйнае, касацыйнае і нагляднае абскарджанне палітычна матываваных прысудаў з'яўляецца неэфектыўным, паколькі не можа забяспечыць незалежнага і бесстаронняга перагляду.
Асобна варта падкрэсліць, што з поўным парушэннем стандартаў справядлівага судовага разбору праходзяць суды па абвінавачваннях у "злосным парушэнні патрабаванняў адміністрацыі папраўчых устаноў" (арт.411 КК). Усе гэтыя справы разглядаюцца ў фактычна закрытым судовым пасяджэнні, без забеспячэння належных гарантый на абарону абвінавачанаму. Так, 31 кастрычніка адбыўся суд над палітзняволенай Вікторыяй Кульшой; працэс вёў суддзя Станіслаў Іванюценка, які 15 кастрычніка асудзіў па такім жа абвінавачванні да аднаго года пазбаўлення волі іншую палітзняволеную з сур'ёзнымі праблемамі са здароўем Паліну Шарэнду-Панасюк.
Актыўна выкарыстоўваюцца для палітычна матываванага пераследу магчымасці спецыяльнай вытворчасці на этапе следства і завочнага судаводства. Так, набыў моц пасля беспаспяховага апеляцыйнага абскарджання завочны прысуд 20 даследчыкам, журналістам і палітолагам, якія выступаюць у якасці абвінавачаных па "справе аналітыкаў Святланы Ціханоўскай" – абвінавачванні тычацца "экстрэмізму", "захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам" і інш. Пасля ўступлення прысуду ў сілу КДБ уключыла абвінавачаных у "Пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці".
Беларускія ўлады працягваюць паслядоўна разбураць інстытут незалежнай адвакатуры і пераследаваць асобных прадстаўнікоў прафесіі: з 2020 года 141 адвакат адвольна пазбаўлены ліцэнзіі, 88 адвакатаў сутыкнуліся з палітычна матываваным пераследам і 23 былі адвольна затрыманыя. На сённяшні дзень адбываюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі сем адвакатаў, прызнаных праваабарончай супольнасцю палітвязнямі: Максім Знак, Віталь Брагінец, Аляксандр Данілевіч, Анастасія Лазарэнка, Юлія Юргілевіч, Аляксей Бародка і Наталля Буракоўская.
Пераслед журналістаў і супрацоўнікаў СМІ
Беларусь з'яўляецца самай небяспечнай краінай у Еўропе для журналістаў і займае 167 (са 180) пазіцыю ў Сусветным індэксе свабоды прэсы арганізацыі "Рэпарцёры без межаў " (RSF) за 2024 год.
Па стане на 31 кастрычніка пазбаўленыя волі 36 журналістаў і супрацоўнікаў медыя. У параўнанні са звесткамі на верасень (33 чалавекі), колькасць затрыманых павялічылася. Такім чынам, вызваленне работнікаў СМІ па амністыі/памілаванні не сведчыць аб змяншэнні рэпрэсій у дачыненні да журналістаў.
У кастрычніку адвольна затрымалі журналіста Ігара Ільяша — мужа двойчы адвольна асуджанай за прафесійную дзейнасць палітзняволенай журналісткі Кацярыны Бахвалавай. Яго фатаграфію і пакаяннае відэа апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы. У канцы кастрычніка Ігару прад'явілі абвінавачванне і перавялі ў СІЗА № 1.
25 кастрычніка Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу журналіста і праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча, які завочна прызнаны вінаватым у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" і ва "ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні". Прысуд пакінуты без змены, а апеляцыйная скарга — без задавальнення.
"Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці" працягвае папаўняцца, у тым ліку, і супрацоўнікамі СМІ. Так, 11 кастрычніка МУС уключыла ў пералік Яўгена Глушкова і Алеся Сабалеўскага.
Парушэнне свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў
Дзяржава ігнаруе міжнародныя абавязкі па павазе, абароне і забеспячэнні рэалізацыі правоў на свабоду мірных сходаў і выказвання меркаванняў.
Вядома пра не менш за 34 выпадкі прыцягнення да крымінальнай адказнасці па артыкулах 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) Крымінальнага кодэкса.
Як паведаміла "Берасцейская Вясна", у Берасці 23 і 24 кастрычніка судзілі адразу шэсць чалавек за ўдзел у акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года: Андрэя Карчагу, Ірыну Сароку, Таісію Літвінаву, Сяргея Пятручыка, Дзмітрыя Буланава, Валерыя Мароза.
Так, 7-9 кастрычніка 2024 года суд Ленінскага раёна Берасця разглядаў крымінальную справу ў дачыненні да Сяргея Нічыпарука, Аляксандра Клімашэвіча, Яўгена Бычко. Усіх абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 342 КК: 10 жніўня 2020 года ў Берасці яны "выкрыквалі лозунгі, дэманстравалі палотны бел-чырвона-белага колеру, наўмысна перашкаджалі руху транспартных сродкаў і нармальнаму функцыянаванню прадпрыемстваў". Гэтым, на думку суда, яны груба парушалі грамадскі парадак. Вынік — пазбаўленне волі на тэрмін ад аднаго да паўтара года пазбаўлення волі. Такім чынам, ужо вядома пра 61 чалавека, якія атрымалі тэрміны паводле арт. 342 КК за пратэсты 10 жніўня 2020 года ў Берасці. Большая частка абвінавачаных асуджаныя да пазбаўлення волі ў калоніі.
Удзельнікаў пратэстаў і іншадумцаў прыцягваюць да крымінальнай адказнасці як вочна, так і завочна, з сур'ёзнымі парушэннямі стандартаў справядлівага суда.
4 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёна горада Магілёва завочна асудзілі Аляксандра Яцэнку. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса і прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Вядома, што Аляксандра Яцэнку судзілі за каментары ў бок супрацоўнікаў міліцыі.
25-гадовую актывістку з Рэчыцы Бажэну Жолудзь завочна асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Суд над дзяўчынай адбыўся 2 кастрычніка ў Магілёўскім абласным судзе. Працэс у закрытым рэжыме вёў суддзя Сяргей Мазураў. Бажэну прызналі вінаватай у "незаконных дзеяннях у дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных"(арт.203-1 КК), "закліках да санкцый" (ч. 3 арт. 361 КК), а таксама ў "абразе суддзі" (арт. 391 КК).
11 кастрычніка Жанна Аўрамчык асуджаная судом Салігорскага раёна паводле ч.1 арт. 368 КК паводле абвінавачвання ў "абразе Лукашэнкі" і арт. 369 КК паводле абвінавачвання ў "абразе прадстаўніка ўлады".
У Мінскім гарадскім судзе 21 кастрычніка асудзілі Алену Барысюк паводле ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэкса. Міхаіл Макарэвіч прызначыў Алене два гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. На абвяшчэнне прысуду прывялі студэнтаў розных ВНУ. Алену абвінавацілі ў каментарах пра Лукашэнку, сілавікоў і ўдзельнікаў вайны ва Украіне. Барысюк раней ужо судзілі па палітычным артыкуле. Вясной 2023 года ёй прызначылі год і шэсць месяцаў абмежавання волі за каментар пад фатаграфіяй міліцыянта.
Толькі за адзін тыдзень з 21 па 25 кастрычніка адбылося 11 судоў за абразу А. Лукашэнкі (арт. 368 КК). Усяго з 2020 года па арт. 368 КК (у тым ліку ў сукупнасці з іншымі палітычна матываванымі абвінавачваннямі) асудзілі не менш за 950 чалавек.
У судзе Мядзельскага раёна 4 кастрычніка пачаўся суд над 48-гадовым эколагам Станіславам Таспаевым. Яго абвінавачваюць у "дыскрэдытацыі Беларусі" (арт.369-1 Крымінальнага кодэкса) і "неаднаразовым парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў" (арт. 342-2 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядае суддзя Аляксандр Шутко. У 2021 годзе Станіслаў ужо быў асуджаны да абмежавання волі па палітычных матывах. У траўні яго судзілі за "несанкцыянаванае пікетаванне". Вядома, што Станіслаў мае інваліднасць — раней у яго была дыягнаставаная анкалогія, але апошнім часам у мужчыны наступіла рэмісія.
Судзяць сем'ямі: 25 кастрычніка ў судзе Фрунзенскага раёна горада Мінска за ўдзел у пратэстах прыцягнулі да крымінальнай адказнасці дзве сям'і: Ларысу і Алега Петрашкевічаў, Сяргея і Юлію Купрыенку. Паводле інфармацыі" Вясны", усяго з 2020 года па арт. 342 Крымінальнага кодэкса асудзілі не менш за 2 740 чалавек.
Праваабаронцы "Вясны" падлічылі агульную лічбу затрыманняў за трэці квартал 2024 года: паводле звестак "Вясны", у Беларусі з 1 ліпеня да 30 верасня быў зафіксаваны 1 221 выпадак палітычна матываваных рэпрэсій. Гэта ператрусы, выклікі на допыты, суды і г.д. З іх 360 — затрыманні. Але гэтыя лічбы могуць быць значна большымі праз тое, што праваабаронцы не валодаюць усімі звесткамі пра рэпрэсіі. Самым распаўсюджаным артыкулам застаецца 19.11 КаАП - "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". За тры месяцы па ёй асудзілі не менш за 380 чалавек.
Пераслед пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам
Заканадаўства аб барацьбе з экстрэмізмам і тэрарызмам выкарыстоўваецца рэжымам Лукашэнкі выключна для палітычна матываванага пераследу палітычных апанентаў і іншадумцаў за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў.
Унясенне розных суб'ектаў у "Пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці" закладвае аснову для пераследу грамадзян за іх стварэнне або ўдзел у іх дзейнасці. У кастрычніку пералік папоўніўся чатырма пазіцыямі; усяго за тры гады (першае рашэнне прынята 21 верасня 2021 года) было прынята 243 адпаведных рашэнняў КДБ і МУС. У ліку новых "экстрэмісцкіх фарміраванняў" — арганізацыі ў сферы нефармальнай і грамадзянскай адукацыі "Актыўным быць файна" і "Школа лідарства", а таксама "Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў"— праект праваабарончай арганізацыі "Прававая ініцыятыва", які ажыццяўляе сумесна з "Вясной" дакументаванне і расследаванне злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі пасля выбараў 2020 года ў рамках міжнароднай платфоры па прыцягненні да адказнасці для Беларусі (IAPB).
У Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, за кастрычнік унесена 118 чалавек, у тым ліку 38 жанчын. Усяго ў Пераліку імёны 4494 чалавек. Унесеныя ў Пералік на працяглы тэрмін (на тэрмін судзімасці і пяць гадоў пасля яе пагашэння) паражаюцца ў правах.
У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унесены прызнаныя экстрэмісцкімі на падставе 121 судовага рашэння тэлеграм-каналы, Youtube і Tik-Tok каналы, старонкі ў сацыяльных сетках і іншыя крыніцы і носьбіты інфармацыі.
Так, у кастрычніку прызналі "экстрэмісцкімі" некалькі тг-каналаў і ботаў ініцыятыў, якія аказвалі дапамогу затрыманым і іх сваякам пасля пратэстаў у 2020 годзе.
Распаўсюд "экстрэмісцкіх матэрыялаў", пад якім беларускія спецслужбы і суды часта разумеюць неабмежавана шырокае кола дзеянняў, не толькі тыя, якія прама забароненыя законам і пераследуюцца па Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях, цягнуць пазбаўленне волі ці буйны штраф.
Крыніца: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Кастрычнік 2024