29.11.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, зборныя матэрыялы З пачаткам поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны ў Беларусі пачасціўся пераслед замежнікаў за "агентурную дзейнасць" (арт. 358-1 КК). Пад яго ўжо патрапілі грамадзяне Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Японіі, Нямечыны. За "агентурную дзейнасць" у Беларусі на сённяшні дзень асудзілі як мінімум 19 чалавек. У сукупнасці з іншымі артыкуламі ім прызначылі агулам 135 гадоў зняволення. У гэтых палітычных судах прымалі ўдзел дзевяць суддзяў.
Распавядаем, як у Беларусі пераследуюць за "агентурную дзейнасць" і чым яна адрозніваецца ад "шпіянажу".
Па гэтым артыкуле прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам ад трох да сямі гадоў калоніі. У Крымінальным кодэксе "агентурнай дзейнасцю" называюць "супрацоўніцтва замежнага грамадзяніна або асобы без грамадзянства са спецыяльнай службай, органам бяспекі ці органам выведкі замежнай дзяржавы, міжнароднай ці замежнай арганізацыяй, звязанае з дзеяннямі, загадзя накіраванымі на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь".
Юрыст "Вясны" Павел Сапелка тлумачыць:
"Агентурная дзейнасць – гэта нявызначана шырокае кола дзеянняў, якое вызначаецца, як "супрацоўніцтва" з нявызначана шырокім колам іншаземных або міжнародных суб’ектаў – перадача, напрыклад, несакрэтных даных "у мэтах нанясення шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі". Калі падобныя даныя складаюць дзяржаўныя сакрэты, то дзеянні будуць кваліфікавацца, як шпіянаж".
У тэксце дакумента "Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь" вызначэнне нацыянальнай бяспекі і яе пагрозы падаецца вельмі абагулена.
"Гэта яшчэ адно надзвычай шырокае шматслоўнае вызначэнне, якое дае прастору для адвольных ацэнак. Можна быць упэўненым толькі ў адным: яшчэ не раз гэты дзяржаўны, нацыянальный інтарэс будзе заменены інтарэсам кіруючай улады", – каментуе юрыст “Вясны” Павел Сапелка.
Да таго ж часта судовыя працэсы за "агентурную дзейнасць" адбываюцца ў закрытым рэжыме і застаецца невядомым, у чым канкрэтна абвінавачваюць чалавека.
"Падавала звесткі пра пастаяльцаў, якія прыбывалі на адпачынак"
Загадчыцу маркетынгавай службы літоўскага санаторыя “Беларусь” у Друскеніках Алену Раманаўскене затрымалі меркавана ў 2023 годзе па вяртанні ў Беларусь з Літвы. Як паведамлялі дзяржСМІ, яе абвінавацілі ў тым, што жанчына "неаднаразова падавалі звесткі пра пастаяльцаў, якія прыбывалі на адпачынак, у тым ліку і пра высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў". Жанчыну нібы 10 гадоў таму завербавалі літоўскія спецслужбы.
У Мінскім гарадскім судзе 11 чэрвеня 2024 года Алену Раманаўскене асудзілі ў закрытым рэжыме паводле арт. 358-1 Крымінальнага кодэкса на шэсць гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
"Падарожнічаў з мэтай выведкі". Грамадзянін Японіі ў СІЗА КДБ
Сёлета ў верасні стала вядома пра затрыманне сілавікамі японца Наканісі Масатосі. Падрабязнасці яго пераследу распавялі ў сюжэце дзяржтэлебачання. Сцвярджаецца, нібы Наканісі пачаў падарожнічаць па краінах Усходняй Еўропы з мэтай выведкі.
Як паведаміў начальнік следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак, японец "знаходзячыся на тэрыторыі нашай краіны, ажыццяўляў збор і перадачу на адрас японскай спецслужбы разведвальнай інфармацыі вайсковага характару. У прыватнасці, аб беларускай ваеннай інфраструктуры, аб перамяшчэнні войскаў і вайсковай тэхнікі, аб бягучай сітуацыі на паўднёвым напрамку і іншае. Акрамя таго, замежніку разведорганам адпрацоўваліся заданні па вярбовачным вывучэнні беларускіх грамадзян, якія маюць доступ да дзяржаўных сакрэтаў".
Цяпер Наканісі ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ па абвінавачанні ў "агентурнай дзейнасці" (арт. 358-1 КК).
"Па заданні латвійскіх спецслужб рыхтавала да вярбоўкі беларускіх вайскоўцаў"
Грамадзянку Латвіі Алу Сакаленку затрымалі вясною 2022 года. Тады з’явілася абвестка аб знікненні дзвю’ жанчын з Латвіі. Пасля стала вядома, што Сакаленку затрымалі ў межах крымінальнай справы за "агентурную дзейнасць". Зімою 2022 года на дзяржтэлебачанні выйшаў фільм "Контрразведка. Операции белорусского КГБ против спецслужб Запада и Украины. Фильм АТН". У ім паказалі кадры затрымання Аля супрацоўнікамі КДБ. Як паведамілі ў фільме, "Сакаленка па заданні латвійскіх спецслужб рыхтавала да вярбоўкі беларускіх вайскоўцаў, збірала даныя, стварала кампраментуючыя сітуацыі, якія потым і служаць падставай для вярбоўкі замежнікамі".
Восенню 2023 года Алу Сакаленка асудзілі паводле арт. 358-1 КК да пазбаўлення волі ў калоніі. Тэрмін невядомы.
Дваіх грамадзян Польшчы асудзілі за "агентурную дзейнасць" і "шпіянаж"
Жыхара Кобрына і грамадзяніна Польшчы Томаша Бярозу асудзілі ў чэрвені 2023 года паводле арт. 358 КК (шпіянаж) і арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць) на 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Вядома, што ён мае жонку-беларуску з Кобрынскага раёна.
Другога грададзяніна Польшчы Ежы Жывалеўскага ў лютым 2023 года асудзілі паводле арт. 358-1 КК (агентурная дзейнсць) на чатыры гады калоніі.
Абедзве справы праходзілі ў закрытым рэжыме, таму праваабаронцам невядомыя падрабязнасці справаў.
Дыджэя з Кобрына асудзілі на 6 гадоў за "агентурную дзейнасць"
Грамадзяніна Украіны Арцёма Макавея затрымалі зімою 2023 года ў яго дома ў Кобрыне. Арцём жыве ў Беларусі з 2009 года. Правацаў дыджэем у Брэсце і Кобрыне.
Вясною 2024 года Арцёма асудзілі паводле арт. 358-1 Крымінальнага кодэкса на шэсць гадоў калоніі. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму сутнасць абвінавачвання невядомая.
Крыніца: Як у Беларусі пераследуюць за "агентурную дзейнасць". Асудзілі ўжо 19 замежнікаў