29.11.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі, экстрэмізм У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 28-29 лістапада 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 22 прозвішчы — цяпер у ім 4714 чалавек

29 лістапада МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".

Сярод іншых, у спіс дадалі IT-спецыялістку Ксенію Сушу, псіхалагіню Жанну Дашкевіч, тынкоўшчыка Андрэя Савіцкага.

ГУБАЗіК пагражае блогеру Мікіту Мелказёраву

mikita-melkaziorau_.jpg
Мікіта Мелказёраў

У сваім тэлеграм-канале сілавікі напісалі, што ператрусы і допыты родных Мелказёрава будуць праведзеныя "с особым пристрастием". Таксама яму пагражаюць "квартирным вопросом" — гэта калі ГУБАЗіК граміць кватэры людзей і здымае гэта на відэа.

Абурэнне ГУБАЗіКа выклікала тое, што Мелказёраў назваў партыйнага дзеяча часоў СССР Панцеляймона Панамарэнку "кавалкам лайна".

Вярхоўны суд адмяніў прысуд у дачыненні да фігуранта справы «Рудабельскай паказухі» Аляксандра Чахоўскага — ягоную справу адправілі на перагляд

10 снежня ў Брэсцкім абласным судзе пачнуць разглядаць крымінальную справу ў дачыненні да Аляксандра Чахоўскага. Раней яго судзілі разам з пяццю іншымі фігурантамі справы "Рудабельскай паказухі" — у справе фігуравала ажно 14 артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

У выніку, Андрэй Павук быў асуджаны да 12 гадоў пазбаўлення волі, Вольга Павук — да 8 гадоў пазбаўлення волі, Маргарыта Ляўчук, Ілля Салянкоў і Уладзіслаў Наважылаў — ад 6 да 8 гадоў пазбаўлення волі. Аляксандр Чахоўскі быў асуджаны да 3 месяцаў арышту.

Стала вядома, што Вярхоўны суд адмяніў прысуд у дачыненні да Чахоўскага і адправіў ягоную справу на перагляд. Працэс будзе ўначальваць суддзя Сяргей Беразюк.

У Рэчыцы 28 лістапада разглядалі 7 адміністрацыйных спраў за "распаўсюд экстрэмізму"

suddzi-reczyckaha-suda-stanislau-ivanjuc
Суддзі Рэчыцкага суда Станіслаў Іванюценка і Юліана Лунцэвіч

Пра гэта паведаміла "Гомельская Вясна".

Суддзя Станіслаў Іванюценка разглядаў справы паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП у дачыненні да Васіля Прыймы, Віктара Дземідовіча, Цыры Прыймы, Ірыны Князевай. Суддзя Юліяна Лунцэвіч за гадзіну разглядзела адразу тры «экстрэмісцкія» справы — у дачыненні да Марыі Бенза, Таццяны Тужык і Наталлі Усціменкі.

Цягам восені Рэчыца стала лідарам па колькасці затрыманняў і судоў за "распаўсюд экстрэмізму". На сённяшні дзень вядома пра як мінімум 100 чалавек, асуджаных паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП.

Крыніца: Пагрозы блогеру Мікіту Мелказёраву і абнаўленне "спіса экстрэмістаў": хроніка пераследу 28-29 лістапада