29.11.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, аналітыка Пасля падзей 2020 года ў нашай краіне працягваецца беспрэцэдэнтная хваля рэпрэсій. Беларусаў дагэтуль працягваюць пераследваць за падзеі чатырохгадовай даўніны: пазбаўляюць волі за ўдзел у акцыях пратэсту, за публічнае выказванне нязгоды з дзеяннямі ўладаў і іншую палітычную актыўнасць. Перад сёмымі прэзідэнцкімі выбарамі хваля рэпрэсій узмацнілася: па ўсёй краіне ладзяцца вобшукі і затрыманні.
За мінулы тыдзень у беларускіх судах разглядалі 87 палітычных крымінальных справаў: за пратэсты судзілі 35 чалавек
З 25 па 29 лістапада ў беларускіх судах разглядалі 52 крымінальных палітычных справаў, у межах якіх судзілі 65 чалавек. Мінімум 12 судовых працэсаў праходзіла ў закрытым рэжыме. Найбольш распаўсюджаны палітычны крымінальны артыкул – "народны" артыкул 342 КК. У межах 19 спраў паводле яго судзілі 24 чалавекі. За "здраду дзяржаве" на мінулым тыдні судзілі мінімум шэсць чалавек. Агулам паводле дыфамацыйных артыкулаў судзілі 51 чалавека.
Апроч гэтага, было разгледжана 14 апеляцый на прысуды, звязаныя з палітычнымі справамі. Па ўсёй краіне ў палітычных судах прымала ўдзел як мінімум 38 суддзяў. “
Распавядаем пра палітычна матываваныя крымінальныя суды за мінулы тыдзень.
Мінімум 24 чалавекі судзілі за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе
25-29 лістапада ў беларускіх судах разгледзелі мінімум 19 крымінальных справаў за пратэсты ў 2020 годзе паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Падчас пасяджэнняў асудзілі мінімум 24 чалавекі.
Так, 26 лістапада ў судзе Савецкага раёна Мінска пачалі судзіць 32-гадовага Антона Булаха — былога пажарнага аварыйна-выратавальнай часткі Кастрычніцкага РАНС (раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях). У 2020 годзе ён публічна звольніўся.
Цяпер яго судзяць паводле «народнага» артыкула 342 КК за ўдзел у мірных шэсцях у 2020 годзе. Справу разглядае суддзя Святлана Касмачова. Вядома, што Антона затрымалі дзявятага верасня 2020 году. Раней ён вёў інстаграм, у якім распавядаў пра гісторыі на сваёй працы.
Цяпер значна радзей за пратэсты судзяць паводле арт. 293 (удзел у масавых беспарадках). На гэтым тыдні адбываецца толькі адзін такі суд. У судзе Пінска і Пінскага раёна пачаўся суд за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўня 2020 года. Паводле ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках) судзяць Аляксея Шпакоўскага. Справу разглядае Вольга Лубнік. Агулам паводле ч. 2 арт. 293 КК у Беларусі ўжо асудзілі 181 чалавека, з іх 29 — асуджаныя ў Пінску. На мінулым тыдні за ўдзел у пратэстах судзілі дзве сям'і. 26 лістапада ў судзе Фрунзенскага раёна пачалі разглядаць справу Ганны, Таццяны і Андрэя Вашчыніных. Верагодна, гаворка ідзе пра мужа, жонку і іх дачку Ганну. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах у 2020 годзе. Справу разглядае суддзя Юлія Крэпская.
У судзе Кастрычніцкага раёна Дзмітрый Карсюк пачаў разглядаць справу Анжэлы і Сяргея Сандалюкоў. Гэта ўжо другі суд над імі, які праходзіць за ўдзел у пратэстах. Сяргей Сандалюк — адзін з былых галоўных турэмшчыкаў Беларусі. Ён былы намеснік начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП) МУС — ведамства, якое кіруе усёй пенітэнцыярнай сістэмай Беларусі. Іх ужо судзілі ў судзе Кастрычніцкага раёна г. Мінска паводле таго ж арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). 6 жніўня 2024 года справу разглядала суддзя Жывіца Алена.
27 лістапада 2024 года суд Кастрычніцкага раёна г. Мінска разглядаў новую справу супраць сямейнай пары паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Суды паводле дыфамацыйных артыкулаў: каментары пра Лукашэнку і сілавікоў
Актыўна працягваюцца палітычна матываваныя суды за інтэрнэт-каментары пра Лукашэнку, сілавікоў і прадстаўнікоў улады. За мінулы тыдзень у Беларусі судзілі мінімум 11 чалавек за каментары пра Лукашэнку. Звычайна іх трактуюць, як "абраза Лукашэнкі" і заводзяць крымінальныя справы паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Іншы дыфамацыны артыкул, па якім судзяць за выказванне пра палітыка – "паклёп на Лукашэнку" (арт. 367 КК). Па ім судзілі восем чалавек. За "абразу прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК) судзілі сем чалавек. За "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" судзілі мінімум 21 чалавека ў межах 15 судовых пасяджэнняў (арт. 130 КК).
Дыфамацыйныя артыкулы ў Крымінальным кодэксе Беларусі: адказваем на пытанні
Дыфамацыя — распаўсюджванне ганебнай інфармацыі пры дапамозе СМІ.
Так, палітвязня Аляксея Зачапілу судзяць ў Мінскім гарадскім судзе паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Сутнасць абвінавачвання невядомая, але, меркавана, справа тычыцца каментароў. Працэс вядзе Аляксандр Рудэнка.
Аляксея затрымалі разам з жонкай Людмілай Ліхачэўскай у сакавіку гэтага года. Іх змясцілі пад варту, негледзячы на тое, што ў пары трое дзяцей, адзін з іх — непаўналетні. У ліпені ў судзе Маскоўскага раёна Мінска разглядалі пазоў ўпраўлення па адукацыі да Аляксея і Людмілы па спагнанні грошай на ўтрыманне дзяцей, пакуль бацькі пад вартай.
У Брэсце пачалі судзіць жанчыну паводле чатырох крымінальных артыкулаў. У Брэсцкім абласным судзе 27 лістапада пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць Ганны Курыс паводле чатырох крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі), арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў). Працэс вядзе палітычны суддзя Сянько Мікалай, які раней ужо асудзіў некалькіх палітвязняў, сярод якіх Левая Наталля і Макавей Арцём.
26 лістапада пачалі судзіць бубнача, які вярнуўся з Грузіі. Аляксею Сіленка 35 гадоў. Ён мінчук. У 2012 годзе скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, адвучыўся на архітэктара.Аляксей вядомы як барабаншчык. Ён выступаў у мінскай Пясочніцы, на Пешаходцы і як музыка ўдзельнічаў у шматлікіх праектах (ОХ.РА, БУЛЬВАР, Mnsr. Gustav і іншых). Пасля пачатку вайны, калі меркаваць па чатах у тэлеграме, на нейкі час з'язджаў у Грузію. Але, падобна, пасля вярнуўся ў Беларусь.
Суд над Аляксеем распачаўся ў Мінскім гарадскім судзе. Яго абвінавачваюць у «закліках да санкцыяў» (ч. 3 арт. 361 КК) і «распальванні варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК). Сутнасць абвінавачанняў невядомая. Справу разглядае суддзя Анастасія Папко.
У Брэсце за каментары судзяць настаўніка з Баранавіч. 53-гадовы Ігар Ільюкевіч — настаўнік фізкультуры ў СШ № 1. Яго затрымалі, меркавана, 5 чэрвеня. На «пакаяльным відэа» ад 18 чэрвеня ён казаў, што пакідаў абразлівыя каментары пра міліцыянтаў і Лукашэнку.
Цяпер яго абвінавачваюць паводле арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 361 КК (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) і арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы). Справу Ігара пачалі разглядаць 25 лістапада ў Брэсцкім абласным судзе. Працэс вядзе суддзя Кацярына Груда.
Працягваецца суд над жыхаром Латвіі Юрыйсам Ганінсам, якому пагражае да 10 гадоў калоніі па трох палітычных артыкулах. Суд над ім пачаўся ў Мінскім гарадскім судзе 12 лістапада. Яго абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «дыскрэдытацыя Беларусі» (арт. 369-1 КК), «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК) і «заклікі да санкцый» (ч. 2 арт. 361 КК).
Сутнасць абвінавачвання невядомая, а працэс праходзіць у закрытым рэжыме. Справу разглядае Аляксандр Рыбакоў.
Чатырох чалавек судзілі за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці"
Паводле арт. 361-4 КК людзей судзяць, напрыклад, грашовыя пераводы і перадачы палітвязням, інтэрв’ю незалежным СМІ ці перадачу інфармацыі ў боты медыя. Такіх судовых пасяджэнняў было чатыры на гэтым тыдні. Яшчэ траіх людзей судзілі паводле арт. 361-2, чатырох — паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу. Адразу дзесяць чалавек судзілі паводле арт. 361-3 Крымінальнага кодэксу.
Так, у Віцебску пачалі судзіць 56-гадовага актывіста Іосіфа Дулебу за "ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні".Віцебчук у мінулым узначальваў Віцебскае падраздзяленне БНФ, але ў пачатку 2000-х адышоў ад партыйных спраў.
Іосіфа затрымалі напачатку траўня 2024 года. Спачатку яго арыштавалі на 15 сутак па адміністрацыйным артыкуле, затым перавялі ў СІЗА па крымінальнай справе. Пазней КДБ ўнёс у спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» шэраг медыя-рэсурсаў праекта FreeInfoBel, а таксама «Білорусь 2.0 Робімо Разам». Камітэт пералічыў канкрэтных людзей, якія, на іх думку, маюць дачыненне да праектаў, у тым ліку ўключыў і Іосіфа.
Цяпер палітвязня абвінавачваюць ва "ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні" (ч. 3 арт. 361-1 КК). Яго справу пачалі разгядаць 26 лістапада ў Віцебскім абласным судзе. Працэс вядзе суддзя Яўген Буруноў.
У Мінску працягваецца суд над палітзняволенай Ганнай Стражэвіч. 58-гадовую Ганну затрымалі 18 снежня 2023 года. Крымінальная справа супраць яе распачата за "абразу Лукашэнкі" (арт. 368 КК), "абразу міліцыянта" (арт. 369 КК), "паклёп на Лукашэнку" (ч. 2 арт. 367), удзел у пратэстах (арт 342 КК) і "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК).
Працэс над палітзняволенай распачаўся 14 лістапада ў судзе Мінскага раёна. Справу разглядае суддзя Вікторыя Паляшчук. Вядома, што Ганна актыўна пісала лісты беларускім палітвязням. Меркавана, судзіць яе будуць у тым ліку за салідарнасць з імі.
Замена "хатняй хіміі" ці "хіміі" на калонію
З 25 па 29 лістапада адбылося 12 судовых працэсаў па замене абмежавання волі на пазбаўленне волі асуджаных па палітычных справах.
За "здраду дзяржаве" за мінулы тыдзень судзілі шасцярых чалавек
Так, у Брэсцкім абласным судзе 26 лістапада распачаўся суд над 55-гадовым Мікалаем Клокам. Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) і «прычыненні маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу» (ч. 2 арт. 216 КК). Суд праходзіць у закрытым рэжыме. Працэс вядзе Андрэй Лешчанка. Суд праходзіць у закрытым рэжыме. Сутнасць абвінавачвання супраць Мікалая невядомая.
У Брэсце ўраджэнца Украіны будуць судзіць за "здраду дзяржаве"
Як «Вясне» паведамілі ў BELPOL, мужчына працаваў на пасадзе намесніка дырэктара прадпрыемства па вытворчасці кандытарскіх вырабаў ПГУП «Універсал-люкс». Вядома, што Мікалай нарадзіўся ва Украіне, але мае беларускае грамадзянства.
25 лістапада пачаўся суд на святаром Генрыхам Акалатовічам. Яму пагражае да 15 гадоў за «здраду дзяржаве». Справу святара разглядаюць у Мінскім абласным судзе. Яго абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК). Судзіць яго Уладзімір Арэшка.
Каталіцкаму святару 64 гады. Родам ён з вёскі Новая Мыш Баранавіцкага раёна. Апошнім часам Генрых служыў у каталіцкім храме святога Язэпа ў Валожыне. Яго затрымалі 17 лістапада 2023 года. Акалатовіч раней перанёс інфаркт і хварэў на анкалогію, таму незадоўга перад затрыманнем яму правялі аперацыю на страўніку. Святару трэба асаблівы дагляд і медыцынская дапамога. Але яго трымаюць у СІЗА КДБ, а стан здароўя невядомы.