03.12.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, рэпрэсіі Другога снежня 2024 году ў Мінскім гарадскім судзе вынесены прысуд прадстаўнікам мінскага стартап-хаба "Імагуру". Суд над імі распачаўся другога верасня і цягнуўся амаль тры месяцы. Таццяну Марыніч і Анастасію Хамянкову судзілі завочна, а Яўген Пугач утрымліваецца пад вартай з ліпеня 2023 года. 

Таццяну Марыніч завочна асудзілі да 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штрафу ў памеры сямі тысяч базавых велічынь — 280 тысяч рублёў. Анастасію Хамянкову завочна асудзілі да 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штрафу ў памеры сямі тысяч базавых велічынь — 280 тысяч рублёў. Абедзвюх жанчын пазбавілі права пяць гадоў займаць пасады, якія звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністратыўна-гаспадарчых працаў. 

Яўген Пугач асуджаны да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штрафу ў памеры 500 базавых велічынь (20 тысяч рублёў). Яго таксама пазбавілі права пяць гадоў займаць пасады, якія звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністратыўна-гаспадарчых працаў. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый) , іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) і арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў) Крымінальнага кодэксу. 

Крымінальную справу супраць Таццяны Марыніч, Анастасіі Хамянковай, а таксама Яўгена Пугача разглядалі паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У тым ліку — паводле ч. 1 арт. 357 (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады) Крымінальнага кодэксу. Справу разглядала суддзя Любоў Сімахіна.

Марыніч і Хамянковай ставіцца ў віну 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

  • "змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады" (ч. 1 арт. 357 КК);
  • "заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый) , іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь" (ч. 3 арт. 361 КК);
  • "ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў" (ч. 2 арт. 243 КК);
  • "злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі" (ч. 2 арт. 424 КК);
  • "дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь" (арт. 369-1 КК)
  • "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 2 арт. 361-4 КК);
  • "распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці" (ч. 3 арт. 130 КК);
  • "удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу" (ч. 2 арт. 361-3 КК);
  • "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 2 арт. 361-2 КК);
  • "стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім" (ч. 2 і 3 арт. 361-1 КК).

Паводле следства, акрамя іншага, Марыніч і Хамянкова маюць дачыненне да "ўчынення шэрагу злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці". Яны нібыта "стварылі і кіравалі экстрэмісцкім фарміраваннем, на інтэрнэт-рэсурсах якога размяшчалі экстрэмісцкія матэрыялы накіраваныя на падтрымку масавых беспарадкаў, якія праходзілі ў 2020-ым годзе".

"Іх асноўная мэта — дыскрэдытацыя канстытуцыйных асноў Рэспублікі Беларусь, падтрыманне радыкальнага і пратэснага патэнцыялу, а таксама захоп улады неканстытуцыйным шляхам" — гаварылася ў праўладных крыніцах.

Крыніца: Да калоніі і буйных штрафаў асудзілі прадстаўнікоў мінскага стартап-хаба "Імагуру"