03.12.2024 Тэгі: выбары-2025 Місію назіральнікаў ад Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД), якая па запрашэнні МЗС Беларусі будзе ажыццяўляць маніторынг электаральнай кампаніі, узначалічыць генеральны сакратар Сяргей Лебедзеў. У 2020 годзе Сяргей Лебедзеў заявіў, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі арганізавана і ў адпаведнасці з заканадаўствам. Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка каментуе такое прызначэнне.
Сяргей Лебедзеў быў таксама кіраўніком місіі назіральнікаў у Беларусі 2010, 2016, 2019, 2020, 2024 гадах. СНД прызнавала вынікі ўсіх выбараў. У 2020 годзе Лебедзеў заявіў, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі арганізавана і ў адпаведнасці з заканадаўствам. Ён таксама сказаў, што місія назіральнікаў СНД не выявіла фактаў, якія ставяць пад сумнеў легітымнасць выбараў у Беларусі. Паводле яго, выбары "былі адкрытымі, канкурэнтнымі і забяспечылі волевыяўленне грамадзян".
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка пракаментаваў ўжо традыцыйнае прызначэнне Лебедзева кіраўніком місіі назіральнікаў ад СНД:
"Турызм пад маркай назірання за выбарамі – гэта распаўсюджаная з'ява на постсавецкай прасторы, у яго пазнавальная асоба. У выпадку з назіральнікамі ад СНД і падобных інстытутаў – гэта палітычныя праўладныя (у сваіх краінах) прызначэнцы. 26 студзеня "міжнародным назіральнікам" ад СНД і ШАС можна будзе стаць сведкамі толькі аднаго: вонкава бездакорнага парадку на ўчастках для галасавання. "Мы бачылі атмасферу свята і добрага настрою", – так апісаў кіраўнік місіі назіральнікаў ад СНД Сяргей Лебедзеў папярэднія выбары дэпутатаў у адзіны дзень галасавання ў лютым 2024 года. Для гасцей з аўтарытарных дзяржаў гэтая карціна практычна нічым не будзе адрознівацца ад сітуацыі на іх уласных псеўдавыбарах. Можна толькі выказаць здагадку, што пасля аглушальнага пройгрышу Аляксандрам Лукашэнкам папярэдніх выбараў гасцей з Усходу будзе жыва цікавіць, ці захаваў дыктатар уплыў на выканаўчую вертыкаль улады, лаяльнасць прыхільнікаў і патэнцыял кіраваць імі наступныя пяць гадоў".
Тым часам, па стане на 2 снежня 2024 года акрэдытавана ўжо 892 нацыянальных назіральніка. З іх ва ўзросце да 31 года – толькі 112 чалавек, а жанчын – 661. Больш за ўсё – гэта прадстаўнікі прадзяржаўных грамадскіх аб'яднанняў – ажно 646 чалавек з "Белай Русі", БРСМ, прафсаюзаў, Беларускага саюза жанчын і іншых.
"Хутчэй за ўсё знойдзецца месца і "назіральнікам" з Еўропы: на выбарах у лютым гэтага года такіх акрэдытавалі 23. Гэта былі маргінальныя палітыкі, дэпутаты, грамадскія дзеячы з Балгарыі, Германіі, Іспаніі, Італіі, Літвы, Польшчы, Сербіі, Францыі, Швецыі, Швейцарыі, а таксама з Ірана і Лівана. Уласна, нават ЦВК не хавае: "Яны не прадстаўляюць ніякія міжнародныя арганізацыі і міжнародныя місіі і выступаюць выключна як незалежныя эксперты".
Вось тут мы распавядалі пра незалежнае назіранне і яго важнасць:
"Без канкрэтных доказаў мы можам застацца непачутымі". Што важна ведаць пра незалежнае назіранне за выбарамі*