13.12.2024 Тэгі: грамадства, палітвязні, умовы ўтрымання, рэпрэсіі 64-гадовую Ірыну Такарчук затрымалі амаль год таму — у студзені 2024 года, падчас масавага рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязняў. Жанчыну асудзілі на тры гады калоніі за дапамогу палітвязням, яна адбывае тэрмін у гомельскай калоніі.
Дачка Ірыны Генадзеўны, Вольга Такарчук, якая таксама была палітзняволенай, распавяла "Вясне" пра маму: яе звычкі і характар, а таксама неверагодную стойкасць у такія цёмныя часы.
"У мяне было вельмі шчаслівае дзяцінства"
— Мама бясконца мяне любіць, і ў мяне было вельмі шчаслівае дзяцінства. Калі мне за нешта даставалася, то ў асноўным за прыборку. Мама вялікі педант, таму ў доме ў яе ўсё мусіла быць ідэальна. Гэта магло прыносіць дыскамфорт родным, таму што ўсё мусіла быць настолькі ў парадку, што яна магла выціраць пыл нават ватовай палачкай.
А вось за адзнакі мяне ніколі не лаялі. Я была руплівай вучаніцай, і аднойчы мама нават не вытрымала і сказала: "Божа мой! Вучань без двойкі — што жаўнер без стрэльбы! Калі ты ўжо хоць адну двойку прынясеш?" Потым яна распавядала, як стаяла на балконе, а я радасная бегла па двары, махаючы дзённікам, і крычала на ўвесь двор: "Мама, я зараз са стрэльбай!" Агулам бацькі мне заўсёды давяралі і не кантралявалі адзнакі або шпацыры з сябрамі.
Я з дзяцінства запомніла маму вельмі вытанчанай. Мне заўсёды хацелася быць да яе падобнай, таму я рана пачалася фарбавацца — каб быць, як яна. Мама прыгожа апранаецца, у яе заўсёды было шмат брошак, пярсцёнкаў, караляў. З дзяцінства памятаю яе прыгожыя чырвоныя туфлі на шпільцы. Калі я вырасла, перш за ўсё купіла сабе такія. У мяне вельмі прыгожая мама! Я займалася бальнымі танцамі, яна нячаста прыходзіла на мае выступы, таму што была занятая на працы, але заўсёды рыхтавала мяне напоўніцу. Рабіла макіяж, скрупулёзна выпрасоўвала сукеначкі, крухмаліла велізарныя банты.
- Вольга ды Ірына Генадзьеўна
Разам з гэтым мама вельмі моцная і ўладная, яна заўсёды была касцяком сям'і. Нават цяпер яна піша з турмы, які дыван трэба аддаць у хімчыстку, якую вопратку трэба купіць бабулі. Такі ў нас быў матрыярхат. Думаю, калі б не яна, тата не дамогся б столькі ў жыцці: яна вельмі ўмела накіроўвала яго. Я не ўяўляю, наколькі яму цяпер цяжка, бо яны разам з 1981 года і расставаліся толькі на кароткія камандзіроўкі. Тата без мамы дыхаць не можа, увесь яго свет цяпер заключаны ў ёй. За ўвесь час у эміграцыі я не чула ад яго, што яму шкада было страціць машыну або кватэру — ён перажывае толькі за яе. Як і яна — за яго.
- Ірына Генадзеўна з мужам і ўнучкай
У нас у сям'і заўсёды было шмат сяброў, але цяпер амаль нікога не засталося. Мы збіраліся з імі за вялікім сталом у нас дома, бацькі бралі нас з сястрой на святы да сваіх сяброў. Многія з іх сталі маімі сябрамі, нягледзячы на розніцу ва ўзросце. А па нядзелях тата смажыў дома блінцы — ад іх паху мы прачыналіся. Цяпер я стараюся прышчапіць гэтую традыцыю ў сябе дома. Мама практычна не гатавала, але прышчапіла культуру ежы дома. Гэтая эстэтыка многае дае ў жыцці, калі ты шануеш прыгожае нават у дробязях. Мы заўсёды елі нажамі і відэльцамі з аднаго набору, яна ўвесь час прывозіла адусюль прыгожы посуд. Я прывыкла да гэтага, а тут у чужой кватэры нічога не хочацца абстаўляць. У Беларусі мы толькі-толькі зрабілі рамонт у кватэры, я нагледзела гарчычны пуфік у пярэдні пакой, але так яго і не купіла.
"Яна прадстаўляецца ў калоніі як "мама Волі Такарчук"
— Мы ўсе разумелі, у якой краіне жывем. Мама заўсёды проста прасіла выказвацца вельмі акуратна — у тым ліку, бо тата быў чыноўнікам. Але менавіта мама скінула мне паглядзець Ціханоўскага — маўляў, паглядзі, які прышпільны чувак ездзіць па Беларусі. Таму калі пачаліся пратэсты, мама разумела, што я не адступлюся. Яна прымала мой выбар. Калі я тэлефанавала ёй з Плошчы Пераменаў і казала, што мяне цяпер, напэўна, забяруць на Акрэсціна, яна прымала ўсё гэта не толькі таму што я яе дзіця, але і таму што там дзеці іншых людзей. Гэта было яе агульнае з людзьмі гора.
- Вольга ды Ірына Генадзеўна
Тады мне ўдалося выбрацца, і ўжо раніцай мы абмяркоўвалі з ёй навіны, яна ганарылася мной. Яна і цяпер ганарыцца: піша мне з турмы, што там усе мяне ведаюць. Яна прадстаўляецца ў калоніі як "мама Волі Такарчук". Пакуль я сядзела, яна была маёй галоўнай падтрымкай, для яе не было ніякіх святаў або іншага баўлення часу — толькі я і турма. Таму мне здаецца, яна і пачала дапамагаць іншым людзям — таму што разумела, наколькі важная падтрымка, які боль перажываюць людзі, чыё дзіця ў турме. Так, як падтрымлівала мяне мама тады, цяпер я стараюся падтрымліваць яе.
Мама да апошняга не верыла, што яе адправяць у калонію. Яна была ўпэўненая, што праседзіць некалькі месяцаў у СІЗА і паедзе на "хімію". Я спрабавала яе падрыхтаваць да таго, што пенсіянераў саджаюць, але яна была ў ружовых акулярах. Яны спалі толькі пасля прысуду. Мне было страшна, што ёй дадуць тэрмін, а яна апынецца да яго не гатовая. На судзе яна разгубілася, але пасля запыту тэрміну пракурорам, дзякуй Богу, у яе было дзён пяць да прысуду, каб прыняць сітуацыю. Да гэтага часу спадзяюся, што мае лісты ёй даходзілі. У пэўным сэнсе яна нават супакоілася: тэрмін — гэта ўжо хаця б пэўнасць. Мы ўсе стаміліся жыць у гэтым чаканні, і пасля прысуду стала лягчэй. Я была ўпэўненая, што яна будзе моцнай ва ўсім гэтым. Страшна было, толькі калі я ўбачыла яе пасля прад'яўлення ёй абвінавачвання, праз тры дні пасля яе затрымання. Яе тады ў кайданках выводзілі са Следчага камітэта. Яна была закатаваная і змёрзлая, з абсалютна адсутным позіркам. Мама ўвесь час казала, толькі пра тое, што ў таты ў тэлефоне таксама нешта знайшлі — яе хваляваў толькі ён.
"Рыхтуйцеся — будзе крымінальная справа"
Цяпер яна сабралася. Сястра была на спатканні, кажа, што мама схуднела і памаладзела. Маме вельмі балюча ад таго, што лепшыя гады сваёй пенсіі яна правядзе не з унукамі і мужам, а ў калоніі. Калі яна праседзіць увесь тэрмін, яна выйдзе, калі ёй будзе 67 гадоў. Мама ўсё гэта разумее, але яшчэ яна разумее, што яна такая не адна: вакол яе шмат узроставых жанчын, людзей з захворваннямі. Вось так у Беларусі "не ваююць з пенсіянерамі".
- Ірына Генадзеўна з мужам і ўнукамі
Быў перыяд, калі мама доўга не атрымлівала мае лісты, у адным з іх я напісала: "Таварышы цэнзары, перадайце ёй хоць бы фотаздымкі ўнукаў". Яна іх вельмі любіць. Бацькі каля дома пасадзілі пару дрэў і назвалі іх у гонар чальцоў сям'і. Мне ў турму высылалі фотаздымкі гэтых дубкоў ды клёнаў — цяпер яны ўжо такія вялікія выраслі.
"Турма вельмі "сталіць" чалавека
— Вядома, не бывае вечных дыктатур. Мы ўсё роўна пераможам, адкрыюцца межы. Але я не ведаю, ці змагу вярнуцца. Мае дзеці абжываюцца ў новай краіне, знаходзяць сяброў. А ў Беларусі першыя гады незразумела што будзе з рэформай адукацыі. Таму я разумею, што мы застанемся тут на нейкі працяглы перыяд. Але мне было б камфортна пры адкрытых межах проста вазіць дзяцей да бабуль і дзядуляў. Цяпер гэтага вельмі не хапае.
Калі дзеці вырастуць, я не ведаю, якую краіну яны выберуць для жыцця. Я не ведаю, як складзецца маё жыццё. Таму ў нас застаецца кватэра ў Мінску, у якой цяпер жыве мой былы муж. У гэтай кватэры нарадзіліся нашы дзеці, мы разам доўга рабілі рамонт, выбіралі рэчы. Як яе прадаць?
- Ірына Генадзеўна з Вольгай і ўнукамі
Мы з мужам разышліся, калі я вызвалілася. Турма вельмі мяняе чалавека, вельмі "сталіць". Раней я жыла ў сваім шчаслівым свеце без палітыкі, дзе была важная мая сям'я і праца. Але гэты ружовы шчаслівы купал паваліўся ў 2020 годзе, калі я ўбачыла праблемы ўсіх беларусаў і зразумела, што насамрэч у мяне таксама ёсць пытанні, чаму мы так жывём. Чаму ты арэш, як конь, а грошай усё адно не хапае? Чаму мы не можам дазволіць сабе паехаць на мора? І вось я задумалася і выйшла з гэтага купала, а муж у ім і застаўся, я не магла абмеркаваць з ім навіны, ён не разумеў, што мне трэба, каб ён у мільённы раз паслухаў мае апавяданні пра турму, таму што мне гэта балела. Да гэтага дадаліся і асабістыя праблемы. Я была ўпэўненая, што я з гэтым чалавекам на ўсё жыццё, але так атрымалася. Нягледзячы на ўсё, што адбылося, у нас засталіся цёплыя адносіны. Я ўдзячная яму за шчаслівыя гады нашага з ім жыцця і за два маленькія цуды, якія цяпер не даюць мне адчайвацца і робяць мяне шчаслівай, наколькі гэта магчыма тут і цяпер.
Адрас калоніі, у якой знаходзіцца Ірына Генадзеўна: ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3
Крыніца: Маналог дачкі палітвятзняволенай Ірыны Такарчук: "Я заўсёды хацела быць падобнай да мамы"