18.12.2024 Тэгі: рэпрэсіі, свабода перамяшчэння, правы мігрантаў Міжнародны дзень мігранта адзначаецца сёння, 18 снежня, ва ўсім свеце. Гэты дзень быў запачаткаваны ў 1990 годзе Генеральнай асамблеяй ААН і найперш тычыўся эканамічных перасяленцаў. Дата была выбраная невыпадкова – у гэты дзень была прынятая Міжнародная канвенцыя аб абароне правоў усіх працоўных мігрантаў і членаў іх сем’яў.
За 34 гады ад той даты шмат што змянілася і сёння ўсё болей і болей людзей у розных краінах вымушаныя пакідаць свой дом і мяняць звыклы лад жыцця з-за вядзення баявых дзеянняў, войнаў і палітычных матываў. Гэтая праблема не абмінула і беларусаў. Такім чынам, міграцыя ператварылася ў бежанства, альбо ўцякацтва.
Ад трохсот тысяч амаль да мільёна: колькі беларусаў пакінулі краіну з 2020 года
Па дадзеных Еўрастата, якія былі апублікаваныя ў верасні 2024 года, Беларусь па колькасці вымушаных мігрантаў займае другое месца ў свеце, саступаючы толькі Ўкраіне. Але калі ўкраінцы пакідаюць радзіму з-за расійскай агрэсіі, то беларусаў вымушае стаць уцекачамі рэпрэсіўная палітыка рэжыму Лукашэнкі. Прычым міграцыя закранула не толькі асобных грамадзян – прайшлі праз рэлакацыю многія грамадскія арганізацыі і ініцыятывы, а таксама цэлыя падраздзяленні беларускага ІТ-сектара.
Толькі ў 2023 годзе грамадзяне Беларусі атрымалі больш за 281 тысячу першых дазволаў на пражыванне ў краінах ЕС. Большасць беларусаў, а гэта прыкладна 256 тысяч, атрымалі дакументы ў Польшчы, 16 тысяч – у Літве, каля двух тысяч у Германіі.
А калі кропкай адліку масавай міграцыі лічыць рэпрэсіі пад час і пасля прэзідэнцкіх выбараў – лічбы сягяюць за многія сотні тысяч беларусаў, якія пакінулі сваю краіну. Так, згодна з дадзенымі Еўрастата, у 2020 годзе беларусам выдалі 64 тысячы першых дазволаў на пражыванне ў ЕС, на наступны год – каля 150 тысяч, у 2022 – крыху больш за 309 тысяч.
- Беларусы, разам з іншымі замежнікамі, пакідаюць Украіну ў першыя дні расійскай агрэсіі. Фота Сержука Сыса.
Варта адзначыць, што найбольш зручнай краінай для ўцякацтва да пачатку расійскай агрэсіі для беларусаў з’яўлялася Ўкраіна, куды выехала некалькі дзесяткаў тысяч чалавек. Сёння там застаецца некалькі соцен тых, хто змог адаптавацца да новых складаных умоў жыцця.
Такім чынам, без уліку 2024 года, толькі Еўразвяз выдаў беларусам прыкладна 800 000 дазволаў (відаў на жыхарства і нацыянальных віз).
У той жа час намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў вымушаны быў прызнаць, што з 2020 па сярэдзіну 2023 года з Беларусі з'ехалі 350 тысяч “непадтрымліваючых” рэжым грамадзян.
Дадзеныя аб міграцыі з Беларусі за 2024 год пакуль адсутнічаюць. Але, толькі паводле інфармацыі BYSOL, напрыклад, у лістападзе гэтага года з Беларусі было эвакуявана 47 чалавек. Кожны месяц служба эвакуацыі дапамагае бяспечна выехаць з краіны тым, хто не можа зрабіць гэта легальна, дзесяткам беларусаў.
Анаіс Марэн: "Міграцыя наўпрост звязаная з палітыкай, якую праводзіць урад Беларусі"
Праблема з міграцыяй беларусаў на сённяшні дзень выглядае даволі глабальнай, паколькі “людзі, якія былі вымушаны пераехаць за мяжу, сутыкаюцца з праблемамі, звязанымі з забеспячэннем належных умоў жыцця, у тым ліку ў месцах часовага размяшчэння, у прыватнасці ў цэнтрах прыёму мігрантаў, з праблемамі ў плане атрымання годнай працы і сродкаў да існавання ў залежнасці ад наяўных навыкаў і кваліфікацыі, а таксама ў плане атрымання належнай і неабходнай адукацыі, уключаючы адукацыю дзяцей малодшага ўзросту і прафесійную падрыхтоўку дарослых".
Гэтая праблема была ўзнятая яшчэ ў 2022 годзе ў дакладзе Спецыяльнай дакладчыцы па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн. Тэмай дакладу стала становішча беларусаў і беларусак у выгнанні, якія былі вымушаны пакінуць сваю краіну і не маюць магчымасцяў бяспечна вярнуцца дадому.
"Іх міграцыя наўпрост звязаная з палітыкай, што праводзіць урад Беларусі, і практыкай, што ён ўжывае, а таксама з мэтанакіраваным стварэннем варожай абстаноўкі, якая перашкаджае бяспечнаму вяртанню", — адзначала Анаіс Марэн.
Акрамя 11 рэкамендацый беларускім уладам, вынесенымі Спецдакладчыцай, яна дае рэкамендацыі іншым дзяржавам, міжнароднай супольнасці і міжнародным арганізацыям у дачыненні да беларусаў і беларусак у выгнанні, сярод якіх: спрыяць стварэнню бяспечных і даступных шляхоў уезду для беларусаў, вымушаных пакінуць сваю краіну, і забяспечыць наяўнасць гуманітарных каналаў для ўезду; надаваць адмысловую ўвагу і аказваць падтрымку беларускім грамадзянам, якія знаходзіліся ў выгнанні ва Украіне і былі вымушаны зноў з'ехаць праз вайну; стварыць эфектыўныя механізмы для надавання прававога статусу беларускім грамадзянам, якія не могуць вярнуцца.
У гэты дзень, 18 снежня, дзяржавам-членам ААН, а таксама міжурадавым і няўрадавым арганізацыям прапанавана адзначаць Міжнародны дзень мігрантаў шляхам дзейнасці па распаўсюджванні інфармацыі аб правах чалавека і асноўных волях мігрантаў, абмену досведам і распрацоўцы мер па забеспячэнні іх абароны.
Крыніца: Мігранты, уцекачы, выгнанцы: як назваць сотні тысяч беларусаў, вымушаных пакінуць радзіму