18.12.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 18 снежня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Мёрах за "экстрэмізм" будуць судзіць, верагодна, работніцу выканкаму
На чацвер, 19 снежня, у мясцовым судзе прызначанае пасяджэнне па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) у дачыненні да Святланы Георгіеўны Чарняўскай.
Поўная цёзка жанчыны працуе ў райвыканкаме ў якасці галоўнай спецыялісткі аддзела эканомікі, паведаміў "Витебск, я гуляю!".
Працэс будзе ўзначальваць суддзя Ірына Яскевіч.
У Хоцімску да адміністрацыйнай адказнасці па палітычных артыкулах прыцягнута 24 чалавекі, а пратаколы яшчэ па двух мясцовых жыхарах былі накіраваны ў суд
Пра гэта паведаміў "MAYDAY.TEAM", са спасылкай на намесніка начальніка аддзела аховы правапарадку Хоцімскага РАУС Яўгена Хучава.
Міліцэйскі начальнік удакладніў, што пратаколы складзеныя як на асоб працаздольнага ўзросту, так і на пажылых грамадзян. Ён таксама адзначыў, што самымі распаўсюджанымі "экстрэмісцкімі матэрыяламі" на Хоцімшчыне сталі відэафайлы з лагатыпамі "TUT.ВY", "Белсат", відэа на старонках суполак "Радыё Свабода", "Stop Luka", "Nexta".
Таксама работнікі мясцовай міліцыі маніторылі старонкі мясцовых жыхароў у "Аднакласніках" і "Укантакце".
Хоцімск — райцэнтр у Магілёўскай вобласці. У ім жыве каля 6 тысяч чалавек.