18.12.2024 Тэгі: грамадства, ціск, выбары-2025 У бацькоўскі чат адной з мінскіх школаў адміністрацыя даслала папярэджанне перад выбарамі*, якія хутка пройдуць у Беларусі.

У ім нагадваецца, што хутка ў Беларусі пройдуць прэзідэнцкія выбары*, пасля чаго падкрэсліваецца, што ўсе віды масавых мерапрыемстваў (сходы, мітынгі, вулічныя шэсці, дэманстрацыі, пікетаванні і іншае) магчымыя толькі з дазволу ўладаў. Калі такога дазволу няма, адміністрацыя школы нагадвае пра магчымасць адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці за ўдзел у мерапрыемствах без такога дазволу, а таксама пагражае буйнымі штрафамі. У тэксце аб'явы таксама пагражаюць буйнымі тэрмінамі ажно да смяротнага пакарання за пэўныя "злачынствы":

"Фінансаванне альбо ўдзел у экстрэмісцкай, тэрарыстычнай дзейнасці цягне крымінальную адказнасць да 15 гадоў пазбаўлення волі са штрафам у памеры да 50 000 базавых велічынь. За здзяйсненне акта тэрарызму прадугледжана выключная мера пакарання ў выглядзе смяротнага пакарання. Пры здзяйсненні любых супрацьпраўных дзеянняў неабходна памятаць аб няўхільнасці пакарання", — гаворыцца ў аб'яве.

Юрыстка кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Святлана Галаўнёва адзначае, што любая прававая інфармацыя, у тым ліку адносна адказнасці, павінна быць прадстаўлена збалансавана, без маніпуляцый і ціску на людзей.

"У дадзеным выпадку відавочна перабольшванне і запужванне ўдзельнікаў і ўдзельніц чату, — падкрэслівае яна. — Мэта такіх аб’яў — не проста папярэдзіць нейкія нязручныя ўладам дзеянні, а нагнятаць сярод і так запалоханый людзей атмасферу страху, татальнага сачэння і раз'яднання".

Таксама юрыстка адзначае, што любімы аргумент беларускіх уладаў пра права на мірныя сходы – што дзяржава мае права ўводзіць абмежаванні і што такім законным абмежаваннем з’яўляецца патрабаванне атрымання дазволу мясцовага ўраду на правядзенне мірнага сходу.

"Але гэта — няпраўда, — нагадвае Святлана Галаўнёва. — Дзяржава сапраўды можа ўводзіць абмежаванні, але не тыя што цалкам адмяняюць існаванне правоў і свабодаў чалавека. А забарона на правядзенне мірных сходаў без дазволу ўладаў перакрыжоўвае саму суць свабоды мірных сходаў – магчымасці свабодна сабрацца з аднадумцамі ў публічнай прасторы, супольна выказаць сваё меркаванне ці пратэст. Паводле апошняга рашэння Камітэта па правах чалавека, можна пабачыць ужо пэўную стомленнасць міжнародных органаў ад ігнаравання беларускай дзержавай простага факту: пакаранне чалавека за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту, хаця бы і несанкцыянаванай, парушае права на мірныя сходы".

Крыніца: Бацькоў мінскіх школьнікаў перад выбарамі* пужаюць адказнасцю за ўдзел у "масавых мерапрыемствах"