20.12.2024 Тэгі: пераслед, экстрэмізм У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 19-20 снежня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Стала вядома пра затрыманне стэндапера і радыёвядучага Сцяпана Манкевіча
У судзе Савецкага раёна Мінска 26 снежня пачнуць судзіць 33-гадовага шоўмена Сцяпана Манкевіча. Яму інкрымінуецца артыкул 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Працэс будзе ўзначальваць суддзя Сяргей Шаціла.
Сцяпан — беларускі комік. Адвучыўся на псіхолага ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце, працаваў вядучым на "Радыус ФМ". Апошнія гады быў вядомы як стэндапер, таксама займаўся правядзеннем вяселляў, піша "Наша Ніва".
Інфармацыйнае агенцтва "Позірк" прызнанае "экстрэмісцкім фармаваннем"
Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 19 снежня.
Паводле ведамства, дачыненне да "Позірку" маюць Таццяна Каравянкова, Раман Кісляк, Пётр Рудкоўскі, Аляксандр Фрыдман, Аляксандр Класкоўскі.
У Беларусі прызналі "экстрэмісцкай" старонку ў "Х" украінскай лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Аляксандры Матвійчук
Адпаведнае рашэнне прынятае 18 снежня судом Цэнтральнага раёну Мінска. На старонку ўкраінскай праваабаронцы падпісаныя амаль 200 000 чалавек.
Таксама "экстрэмісцкі спіс" папоўнілі старонкі ў "Х" "j_matuzova", "Lastanka", старонкі ў "TikTok" "NarDep", "Александр", "Кастусь", "Мiкiта", "potatoesSs".
Крыніца: Затрыманне стэндапера і новае "экстрэмісцкае фармаванне": хроніка пераследу 19-20 снежня