20.12.2024 Тэгі: палітвязні, рэпрэсіі, салідарнасць Генеральная Асамблея ААН абвясціла 20 снежня кожнага года Міжнародным днём салідарнасці людзей. У 2019 годзе ў адказ на бяздзейнасць уладаў беларусы аб'ядналіся для дапамогі лекарам падчас барацьбы з COVID-19, а ў 2020 — для дапамогі рэпрэсаваным і пацярпелым падчас пратэстаў ад гвалту сілавікоў. Цяпер "салідарнасць" для беларусаў — больш, чым проста слова: гэта цёплае адзенне, якім паміж сабой дзеляцца затрыманыя на Акрэсціна; дапамога хатнім жывёлам, пакуль іх гаспадар ці гаспадыня знаходзіцца на "сутках"; падтрымка адно аднаго ў чарзе для перадач у СІЗА; кансультацыя і дапамога вызваленым з месцаў несвабоды; эвакуацыя тых, каму пагражае пераслед; магчымасць атрымаць легалізацыю ў іншай краіне праз вымушаную эміграцыю; дапамога сем'ям, чые родныя памерлі ў зняволенні. Але нават такое простае дзеянне, як калядная пасылка палітвязню, можа пагражаць чалавеку пазбаўленнем волі. "Вясна" распавядае, як рэжым Лукашэнкі пераследуе людзей за салідарнасць, а праваабаронца Павел Сапелка нагадвае пра неабходнасць падтрымкі Украіны і дапамогі рэпрэсаваным у Беларусі.

prankievich_peradachy.jpeg

Салідарнасць з палітвязнямі і рэпрэсаванымі

2020 год паказаў свету, як беларусы могуць аб'ядноўвацца ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій і падтрымліваць адно аднаго ў адказ на гвалт з боку сілавікоў. Стыхійныя акцыі салідарнасці, грашовыя зборы, дапамога пасылкамі незнаёмым палітвязням — рэальнасць, у якой беларусы жывуць дагэтуль. Салідарнасць — бадай самы моцны рычаг супраціву рэжыму Лукашэнкі. Менавіта таму прапагандысты робяць спробы пераканаць людзей у адваротным — у сваіх эфірах, а сілавікі праводзяць затрыманні за любыя праявы салідарнасці ў грамадстве. Але падтрымка тых, каго пераследуюць паводле палітычных матываў, не спыняецца нават праз чатыры з паловай гады штодзённых рэпрэсій.

З моманту масавага рэйду КДБ на салідарнасць прайшоў амаль год. У пачатку студзеня 2024 года было затрымана больш за 300 чалавек, а супраць некалькі дзясяткаў чалавек распачалі крымінальныя справы за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці". Адной з нагодаў для ператрусаў, допытаў і затрыманняў 23 студзеня 2024 года стала дапамога сем'ям палітвязняў з прадуктовымі перадачамі праз Е-дастаўку ад ініцыятывы INeedHelpBY, а таксама дапамога палітвязням у няволі.

Паводле даных "Вясны" ўсяго за год па гэтай справе ўжо асудзілі мінімум 37 чалавек, сярод якіх толькі адзін мужчына, а астатнія — жанчыны, большасць з якіх ва ўзросце больш за 50 гадоў. Цяпер у зняволенні знаходзяцца 23 чалавекі — тыя, каму прызначылі пазбаўленне волі, а таксама палітзняволеная, якая чакае суда.

Іх абвінавацілі ў падтрымцы палітвязняў невялікімі грашовымі пераводамі і перадачамі. Нягледзячы на тое, што яны рабілі гэта з уласнага жадання і з уласных грашовых сродкаў, іх судзілі за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці". Сутнасць абвінавачвання ў тым, што яны нібыта бралі інфармацыю пра палітвязняў на рэсурсах, прызнаных у Беларусі "экстрэмісцкімі фармаваннямі". Гаворка ідзе пра інтэрнэт-рэсурсы праваабарончых арганізацый ды ініцыятыў, якія публікавалі заклікі да падтрымкі палітвязняў.

Пры гэтым атакі на салідарнасць з боку сілавікоў працягваюцца дагэтуль. З лістапада 2024 года ў Беларусі прайшлі яшчэ дзве хвалі масавых затрыманняў былых палітвязняў і родных тых, хто цяпер знаходзіцца за кратамі. Многія з затрыманых сталі фігурантамі крымінальных спраў і былі пераведзеныя ў СІЗА.

Сем месяцаў пасля рэйду за салідарнасць з палітвязнямі: больш за 20 чалавек пад вартай

"Вясна" распавядае пра вынікі студзеньскага рэйду праз сем месяцаў і пераслед за салідарнасць з палітвязнямі.

Акрамя гэтага, данаты розным фондам і ініцыятывам па дапамозе пацярпелым ад рэпрэсій расцэньваюцца ўладамі таксама як злачынства. Такі спосаб выказвання салідарнасці стаў папулярным у 2020 годзе падчас пратэстаў. Тады на хвалі салідарнасці людзі адпраўлялі грошы ў фонды для дапамогі пацярпелым ад рэжыму беларусам. У 2021 годзе ўлады пачалі актыўна прызнаваць фонды "экстрэмісцкімі фармаваннямі", а некаторыя ініцыятывы "тэрарыстычнымі арганізацыямі". З таго часу больш за 100 чалавек былі асуджаныя за данаты. Некалькі сотняў чалавек прайшлі праз допыты і ператрусы, пасля чаго супрацоўнікі КДБ многіх змушалі рабіць "добраахвотныя" пералічэнні ў некалькі разоў больш сум данатаў, на спецыяльныя рахункі, каб супраць іх не была ўзбуджаная крымінальная справа.

91 чалавека асудзілі за данаты. Як у Беларусі пераследуюць за салідарнасць, і як не патрапіць за гэта пад рэпрэсіі

Расказваем, як у Беларусі пераследуюць за данаты і праяву салідарнасці. А таксама нагадваем парады юрыстак "Вясны", што рабіць, калі выклікаюць на гутарку за данаты.

Следчы камітэт у лютым 2024 года паведаміў, што беларусы зрабілі "добраахвотных ахвяраванняў" на суму больш за 37 мільёнаў рублёў (каля 11,5 млн. долараў). Прадстаўнікі Следчага камітэта назвалі гэта "механізмам вызвалення ад крымінальнай адказнасці асоб, якія ўчынілі фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, аднак з'явіліся з павіннай і загладзілі прычыненую шкоду".

Так, напрыклад, сына палітыка Анатоля ЛябедзькіАрцёма — за тры данаты ў фонды салідарнасці ў 2020 годзе асудзілі да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Салідарнасць з Украінай

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну беларусы актыўна выказвалі сваю салідарнасць з украінцамі: праводзілі маршы і пікеты, прыводзілі ў непрыдатнасць чыгуначнае абсталяванне, каб запаволіць рух расійскай вайсковай тэхнікі, дапамагаюць у інфармацыйнай вайне, ваююць на баку Украіны. За першыя паўтара месяца вайны за антываенныя акцыі ў Беларусі затрымалі больш за 1 500 чалавек. Але ў краіне дагэтуль пераследуюць за адкрытую падтрымку Украіны ў адміністрацыйным і крымінальным парадку.

Так, за салідарнасць з Украінай асудзілі былую настаўніцу Ірыну Абдукерыну. Яе асудзілі да чатырох гадоў калоніі паводле чатырох артыкулаў за тое, што Ірына нібыта запісала на тэлефон перамяшчэнне калоны расійскай вайсковай тэхнікі і пераслала запіс у тэлеграм-канал "Беларускі Гаюн".

Ад "сутак" да прастрэленых каленаў: як пераследуюць беларусаў за антываенную пазіцыю

У нашай краіне дагэтуль пераследуюць за адкрытую падтрымку Украіны і ўжываюць адміністрацыйны арышт.

"Гэта дзень, калі мы павінны супрацьпаставіць нашу салідарнасць змове таталітарных рэжымаў"

sapelka_pavel_svaboda.jpeg

Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка ў Міжнародны дзень салідарнасці людзей пракаментаваў пераслед людзей за падтрымку і дапамогу людзям рознымі спосабамі:

"Арганізацыя Аб'яднаных Нацый нагадвае, што Міжнародны дзень салідарнасці людзей — гэта дзень, "калі мы святкуем наша адзінства ў разнастайнасці; дзень, калі мы нагадваем урадам аб тым, што яны павінны паважаць свае абавязальніцтвы, якія тычацца міжнародных пагадненняў; дзень, які садзейнічае павышэнню ўзроўню інфармаванасці грамадскасці аб салідарнасці як адной з асноватворных каштоўнасцяў".

На глабальным узроўні гэта падстава задумацца аб падтрымцы людзей, пазбаўленых магчымасцяў развівацца на роўных умовах з насельніцтвам прагрэсіўных дэмакратычных дзяржаў, у тым ліку — праз агрэсіўныя войны і злачынную палітыку ўрадаў. На рэгіянальным — гэта дзень, калі мы павінны нагадаць пра неабходнасць падтрымкі Украіны, якая змагаецца з расійскай агрэсіяй; супрацьпаставіць нашу салідарнасць змове таталітарных рэжымаў, якія атакуюць свабодны народ".

"Любая падтрымка нязгодных і пратэстоўцаў — гэта ўдар па антынароднай палітыцы А. Лукашэнкі"

"У Беларусі мы можам і павінны падтрымаць усіх тых, хто перажыў напад рэжыму, у першую чаргу – палітвязняў, у тым ліку тых, хто выйшаў на волю, ды іх сем'і. Таталітарныя ўлады працягваюць здзяйсняць злачынствы супраць уласнага народа, нагнятаць атмасферу ўсеагульнага страху, і любая падтрымка нязгодных і пратэстоўцаў – гэта ўдар па антынароднай палітыцы А.Лукашэнкі. Менавіта таму спецслужбы не спыняюць паляванне на любыя праявы салідарнасці і ўзаемадапамогі, працягваюць знішчэнне структур грамадзянскай супольнасці і нападаюць на праваабаронцаў і валанцёраў, якія выбудоўваюць гарызантальныя ніткі падтрымкі. Рэжым, для якога нават словы падтрымкі палітвязням – гэта злачынства, не мае шанцаў на доўгую гісторыю. Але ў спробах падоўжыць сваё існаванне, ён будзе памнажаць колькасць сваіх ахвяр.

"Чым мы можам дапамагчы?" — гэта пытанне, якое не мае аднаго адказу. Галоўнае задаваць яго і шукаць максімальна бяспечныя формы падтрымкі. Не кінуць знаёмых сам-насам з бядой пасля арышту, дапамагчы іх сям'і, падвезці з перадачай, пасядзець з дзецьмі, нарэшце, проста паведаміць праваабаронцам пра факт рэпрэсій – гэта ўсё дапамога і салідарнасць, яе ў нас не адабраць".

Крыніца: "Рэжым, для якога нават словы падтрымкі — злачынства, не мае шанцаў на доўгую гісторыю": што значыць салідарнасць у Беларусі сёння