05.01.2025 Тэгі: суды, адміністратыўны пераслед, аналітыка, рэпрэсіі Мінулы год для Беларусі выдаўся яшчэ больш рэпрэсіўным, чым папярэднія два гады. Прызначаныя на студзень 2025 года чарговыя прэзідэнцкія выбары ўзмацнілі адвольны пераслед беларусаў. Рэйды па салідарнасці, хвалі масавых затрыманняў у маленькіх гарадах, звальненні з буйных прадпрыемстваў па палітычных матывах, затрыманні былых палітвязняў і тых, хто вяртаўся ў Беларусь з Еўропы, — тое, чым адзначыўся 2024. Пяты год у Беларусі рэжым Лукашэнкі працягвае здзекавацца з арыштаваных па палітычных артыкулах, утрымліваючы іх у нечалавечых умовах у ізалятарах. Людзі вымушаны тыднямі сядзець у перапоўненых камерах без сродкаў гігіены, чыстай бялізны і цёплага адзення; спаць на падлозе; піць брудную ваду з-пад крана; не прымаць душ. Па-ранейшаму некаторых арыштантаў утрымліваюць у такіх умовах па некалькі месяцаў. Агулам летась праваабаронцы "Вясны" зафіксавалі не менш за 8 895 фактаў рэпрэсій — значна больш, чым у 2023 годзе. "Вясна" ў лічбах распавядае, як беларусаў пераследавалі ў 2024 годзе ў адміністрацыйным парадку, а таксама ўзгадвае самых рэпрэсіўных суддзяў Беларусі.
Адзначым, што ўсе лічбы могуць быць значна большым праз тое, што да праваабаронцаў праз запалоханасць грамадства не даходзяць усе звесткі пра рэпрэсіі. |
Колькасць рэпрэсій у мінулым годзе
Па даных "Вясны", з рознымі відамі рэпрэсій (затрыманні, допыты, ператрусы) у мінулым годзе сутыкнуліся не менш за 8 895 чалавек. Чвэрць рэпрэсаваных — жанчыны.
Мапа рэпрэсій
Самай рэпрэсіўнай часткай Беларусі застаецца Мінск і Мінская вобласць — 2 772 чалавекі. Далей па колькасці рэпрэсій ідуць Брэсцкая і Гродзенская вобласці — 1 925 і 1 363 чалавекі.
Адміністрацыйны пераслед
Па інфармацыі праваабаронцаў "Вясны", у 2024 годзе па ўсёй Беларусі адбылося не менш за 5 890 судоў паводле палітычных адміністрацыйных артыкулаў. Гэта амаль на 2 000 судовых працэсаў больш, чым у 2023 годзе.
Суды за "атрыманне дапамогі"
У большасці выпадкаў беларусаў судзілі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" (арт. 19.11 КаАП). Але пасля масавага рэйду КДБ па салідарнасці ў студзені 2024 года, сваякоў і родных палітвязняў пачалі судзіць паводле ч. 2 арт. 24.15 КаАП – "выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці або іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам". Гэты артыкул раней у Беларусі не выкарыстоўваўся.Тады падставай для пераследу стала дапамога сем'ям палітвязняў з прадуктовымі перадачамі праз Е-дастаўку ад ініцыятывы INeedHelpBY, якую ўлады прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем".
У Беларусі пачалі судзіць за "выкарыстанне замежнай дапамогі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці"
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка каментуе новую рэпрэсіўную практыку беларускіх уладаў.
У выніку больш за 150 чалавек атрымалі вялікі штраф за атрыманне дапамогі праз INeedHelpBY, а таксама мусілі выплаціць кампенсацыю сумы "замежнай" аплаты.
Самыя рэпрэсіўныя суддзі
"Вясна" склала спіс самых рэпрэсіўных суддзяў Беларусі па колькасці разгледжаных адміністрацыйных справаў.
Крыніца: Больш за 5 800 асуджаных: вынікі адміністрацыйнага пераследу ў 2024 годзе