Відэаблогер Сяргей Пятрухін і праваабаронца Раман Кісляк. Фота "Берасцейскай Вясны" Чацвёртага красавіка ў абласным судзе Брэста адбыўся разгляд скаргі берасцейскага блогера Сяргея Петрухіна на пастанову суда Ленінскага раёна, паведамляе "Берасцейская Вясна".

На судовым паседжанні Сяргей Петрухін выказаў недавер суддзі Руслане Сянько, выдатна патлумачыўшы ёй, што нічога супрацьзаконнага ён не рабіў і рабіць не збіраўся, і ў мерапрыемстве, за якое яго пакараў суддзя Ленінскага суда Зміцер Шурын, удзелу не прымаў. Таксама Пятрухін грунтоўна патлумачыў, што суддзя Шурын не разгледзеў справу належным чынам - усебакова і аб'ектыўна.

Пятрухін папрасіў суддзю Сянько адмяніць пастанову суда свайго калегі і закрыць справу, але гэтага не адбылося. Руслана Сянько пакінула скаргу блогера без задавальнення, і такім чынам пастанова суда Ленінскага раёна Брэста ўступіла ў законную сілу. 

Суддзя Брэсцкага абласнога суда Руслана Сянько. Фота
Суддзя Брэсцкага абласнога суда Руслана Сянько. Фота "Берасцейскай Вясны"

Але Сяргей Пятрухін здавацца не збіраецца і будзе аспрэчваць рашэнне абласнога суда ў Вярхоўным судзе, а калі спатрэбіцца, то і ў міжнародных юрыдычных інстытутах аж да Камітэта ААН па правах чалавека.

Нагадаем, яшчэ 28 лютага 2018 гэты суд пакараў Петрухіна па артыкуле 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) 50 базавымі. Суддзя Зміцер Шурын прызнаў Пятрухіна вінаватым у тым, што 17 лютага ў жывым эфіры на юцюб-канале «Народны рэпарцёр» відеаблогер паабяцаў свайму калегу Аляксандру Кабанаву далучыцца да яго, калі Кабанаў выйдзе на плошчу ў знак пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Гэта было расцэнена судом як заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Напярэдадні затрымання Петрухіна выклікаў на размову пракурор Іван Чайнчіц і папярэдзіў блогера аб недапушчальнасці парушэнняў заканадаўства па 23.34 КоАП. Петрухін сказаў, што выхад на вуліцу не ёсць парушэнне заканадаўства. На наступны дзень яго затрымалі людзі ў цывільным і адзвезлі ў ІЧУ Ленінскага РАУС, затым адбыўся суд.

Крыніца: Абласны суд не задаволіў скаргу брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна