21.01.2025 Тэгі: грамадства, выбары-2025 Сёння, 21 студзеня 2025 году, адкрыліся ўчасткі для датэрміновага галасавання на прэзідэнцкіх выбарах*. Яно працягнецца да 25 студзеня ўключна. Разам з гэтым да 25 студзеня працягваецца агітацыйны этап. Нагадаем, асноўны дзень галасавання прызначаны на 26 студзеня.

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" распавядае, як праходзіць першы дзень датэрміновага галасавання. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Прапаганда справаздачыцца пра людзей, якія прыходзяць галасаваць

Прадзяржаўныя медыя ўжо ў першыя гадзіны датэрміновага галасавання публікуюць здымкі з вялікай колькасцю людзей, якія ідуць галасаваць нават "цэлымі сем'ямі". Прытым на большасці такіх здымкаў — сем'і з непаўнагадовымі дзецьмі, якія і не маюць права галасаваць. Таксама традыцыйна ілюстрацыяй для такіх навінаў з'яўляюцца фотаздымкі ветэранаў, якія прыходзяць на ўчастак.  

Інфармацыю пра забарону фота- і відэаздымкі запоўненага выбарчага бюлетэня змясцілі на ім самім

Цэнтрвыбаркам паспяшыў нагадаць, штофота- і відэаздымка запоўненага бюлетэня забароненая. За гэта пагражае штраф да 15 базавых велічыняў. Нагадаем, раней сакратарка ЦВК Алена Бардоўская растлумачыла, што такая забарона нібыта звязаная з прынцыпам таямніцы галасавання:

«Калі грамадзянін выстаўляе на ўсеагульны агляд тое, як ён прагаласаваў у асноўны дзень выбараў, ён, па сутнасці, ажыццяўляе агітацыю. Агітацыя 26 студзеня забароненая».

Апроч нагадванняў пра гэта на паперках на выбарчых участках, ЦВК размясціў інфармацыю пра забарону фота- і відэаздымкі запоўненага выбарчага бюлетэня змясцілі на ім самім  Унізе паперы пазначана, што выбарцам «забаронена выносіць выдадзены бюлетэнь за межы памяшкання для галасавання, а таксама ажыццяўляць фота- і відэаздымку запоўненага бюлетэня».

Пры гэтым агітацыйны этап у Беларусі прадоўжыцца да 25 студзеня, то бок падчас датэрміновага галасавання. І гэта супярэчыць афіцыйнай пазіцыі ЦВК па забароне фота- і відэаздымку бюлетэня.

Прадзяржаўныя СМІ публікуюць фотаздымкі людзей, якія галасуюць

Прадзяржаўныя СМІ таксама публікуюць фотаздымкі, як людзі галасуюць у незакрытых кабінках для галасавання. 

"Таямніца галасавання распаўсюджваецца перш за ўсё на тое, за/супраць каго галасуе чалавек, а не на сам факт удзелу ў выбарах. Але канешне, фота чалавека, які галасуе ў кабінцы, можа яе парушыць. Па фота ці відэа можна адсачыць, за каго галасаваў чалавек, нават калі такога намеру і не было. Вядома, гэта спрыяе на ўспрыняцце чалавекам абставін галасавання. Складана быць упэўненым у таямніцы галасавання ў такім выпадку", — каментуе Святлана Галаўнёва, юрыстка кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары".

Нягледзячы на гэта, прадстаўнік місіі назіральнікаў ад СНД Нурлан Сейцімаў ужо адзначае "высокі ўзровень падрыхтоўкі выбараў". Пра гэта справаздачыцца БЕЛТА.

Крыніца: У Беларусі пачалося датэрміновае галасаванне. Як праходзіць першы дзень?