22.01.2025 Тэгі: выбары-2025Сакратарка ЦВК Алена Балдоўская 21 студзеня адкрыліся ўчасткі для датэрміновага галасавання на прэзідэнцкіх выбарах*, якое працягнецца да 25 студзеня ўключна. У першы дзень датэрміновага галасавання, як сцвярджае ЦВК, прагаласавалі 7,81% выбаршчыкаў. Дзяржаўныя медыя ўвесь дзень справаздачыліся пра тое, як удзел у галасаванні бралі чыноўнікі. Сярод іх — сакратарка ЦВК Алена Балдоўская, якая датэрмінова прагаласавала на чацвёртым лясным участку для галасавання № 13. Юрысты кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" прааналізавалі відэа, апублікаванае ЦВК.

У Беларусі пачалося датэрміновае галасаванне. Як праходзіць першы дзень?

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" распавядае, як праходзіць першы дзень датэрміновага галасавання.

У 12 гадзін дня 21 студзеня афіцыйны тэлеграм-канал ЦВК апублікаваў відэа галасавання сваёй сакратаркі з подпісам:

"Кампанія набірае абароты, усё больш выбаршчыкаў з'яўляецца на ўчастках для галасавання".

На відэа паказалі членаў камісій без бэйджаў, як абяцалі ў ЦВК. Нагадаем, персанальныя даныя членаў участковых камісій не апублікаваны ў адкрытым доступе. Старшыня ЦВК Ігар Карпенка тлумачыў гэта "абаронай членаў камісій ад агрэсіўнага ўздзеяння".

"Гэта не значыць, што мы іх хаваем ад выбаршчыкаў. Калі выбаршчык прыйдзе на ўчастак для галасавання, то ўбачыць членаў камісій, якія будуць насіць бэйджы з указаннем прозвішча, імя і імя па бацьку. Дадзеная заканадаўчая мера прадухіляе несанкцыянаванае выкарыстанне персанальных дадзеных членаў выбарчых камісій".

Юрысты кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" адзначаюць, што апублікаванае ЦВК відэа з'яўляецца часткай прапаганды, накіраванай на стварэнне ілюзіі легітымнасці працэсу, а подпіс ЦВК пад відэа яшчэ і стварае ілюзію масавага ўдзелу ў галасаванні.

"Але кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" падчас маніторынгавай кампаніі падкрэслівае, што дадзеныя выбары* не з’яўляюцца легітымнымі. Відэа апублікаванае цяпер, падчас датэрміновага галасавання, з’яўляецца адным з галоўных інструментаў маніпуляцый з галасаваннем і ключавым механізмам фальсіфікацый на беларускіх выбарах. Венецыянская камісія Рады Еўропы неаднаразова адзначала, што менавіта на этапе галасавання фіксуюцца найбольш крытычныя парушэнні, а датэрміновае галасаванне ў Беларусі – адно з самых сур'ёзных пагроз празрыстасці выбарам, бо яно адбываецца без належнага кантролю. Яно фактычна забяспечвае магчымасці для масавых маніпуляцый: малявання высокай яўкі і наўмысна няправільны падлік галасоў.

У відэа дэманструюцца так званыя "назіральнікі" і чальцы камісій. Варта падкрэсліць, што ў Беларусі пасля падзей 2020 года незалежныя назіральнікі і сябры камісій не дапускаюцца да выбарчых працэсаў, а тыя, хто спрабуе весці сапраўднае назіранне, падвяргаюцца рэпрэсіям. Адпаведна, асобы, паказаныя ў сюжэце, з'яўляюцца прадстаўнікамі праўладных структур, якія не маюць аніякага дачынення да рэальнага кантролю за празрыстасцю выбараў.

Гэтаксама і чальцы ўчастковых камісій – гэта выключна адобраныя ўладай асобы, чыя лаяльнасць і гатоўнасць удзельнічаць у фальсіфікацыях або пакрываць іх гарантуе іх прызначэнне. У выніку беларускае грамадства мае не выбары, а чарговую імітацыю дэмакратычнага працэсу, дзе вынік загадзя прадвызначаны і ад чалавека патрабуецца сваім удзелам легімітызаваць дадзены працэс".

 "Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: ЦВК апублікаваў відэа галасавання сваёй сакратаркі. Юрысты растлумачылі, як яно стварае ілюзію легітымнасці