22.01.2025 Тэгі: грамадства, выбары-2025 Генеральны дакладчык ПАСЕ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Петру (Польшча, ALDE) заявіў, што "так званыя прэзідэнцкія выбары, прызначаныя ў Беларусі на 26 студзеня 2025 года, стануць чарговай фікцыяй, якая зноў пазбавіць беларускі народ права на ўдзел у свабодных і справядлівых выбарах".

Ён дадаў: "Масавыя рэпрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі, якія прывялі да адвольнага затрымання дзясяткаў тысяч мірных пратэстоўцаў пасля фальсіфікаваных выбараў 2020 года, працягваюцца і па гэты дзень, што дэманструе абуральнае грэбаванне міжнародным правам і дэмакратычнымі нормамі".

У яго заяве гаворыцца:

"Больш за 1200 палітвязняў застаюцца за кратамі, апазіцыйныя палітычныя партыі і прафсаюзы былі ліквідаваныя, а іх лідары зазналі пераслед, пры гэтым да 500 000 беларусаў цяпер жывуць у выгнанні.

Выбары, якія праводзяцца ў такіх рэпрэсіўных умовах, адзначаных адсутнасцю свабод слова, сходаў і асацыяцый, адсутнасцю вартых даверу ўнутраных або міжнародных назіральнікаў за выбарамі і адсутнасцю празрыстага працэсу падліку галасоў, не могуць і не будуць адпавядаць міжнародна прызнаным стандартам справядлівасці і легітымнасці.

Мы салідарныя з народам Беларусі і маем намер падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы на чале са Святланай Ціханоўскай у імкненні да дэмакратычнай будучыні ў незалежнай, суверэннай, мірнай і квітнеючай Беларусі", — сказаў на заканчэнне Рышард Пятру.

Прадстаўнічая дэлегацыя дэмакратычных сіл Беларусі павінна ўзяць удзел у працы Парламенцкай асамблеі з пачатку зімовай пленарнай сесіі ў Страсбургу на наступным тыдні.

Крыніца: Генеральны дакладчык ПАСЕ: так званыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі "стануць чарговай фікцыяй"